Камітэт

Грошы знайшлі, вінаватых не назвалі

Камітэт дзяржаўнага кантролю абнародаваў вынікі праверкі цэнтраў па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Магілёўскага раёна.

Парушэнняў аказалася столькі, што па выніках праверкі да адказнасці прыцягнулі 34 службовыя асобы, а ў бюджэт запатрабавалі вярнуць больш за 300 тысяч рублёў.

Паводле даных КДК:

  • у 37 арганізацыях была завышаная патрэба ў бюджэтных асігнаваннях больш чым на 255 тысяч рублёў;
  • у 21 установе выяўлены парушэнні пры пакрыцці расходаў па пазабюджэтнай дзейнасці на суму звыш 290 тысяч рублёў.

Правяральнікі таксама выявілі парушэнні пры правядзенні дзяржаўных закупак, затрымкі выплаты заработнай платы, неналежны ўлік дзяржаўнай маёмасці і скажэнні дзяржаўнай статыстычнай справаздачнасці.

Нягледзячы на маштаб выяўленых парушэнняў, КДК не паведаміў, якія менавіта ўстановы дапусцілі парушэнні, якія цэнтры правяраліся і хто з кіраўнікоў прыцягнуты да адказнасці. Вядома толькі, што адміністрацыйныя спагнанні атрымалі 15 службовых асоб, дысцыплінарныя – яшчэ 19.

У выніку нам прапануюць даведацца толькі агульную суму парушэнняў, але не тых, хто за іх адказвае.

Атрымліваецца, што структуры, створаныя для зніжэння ўзроўню бардаку, вывелі гэты бардак на новы ўзровень.

Фота mogilev.media

← Усе навіны Магілёва