Пракуратура зацвердзіла абвінавачанне ў махлярстве ў дачыненні да 19-гадовага жыхара Магілёва, які некалькі месяцаў прадаваў у інтэрнэце білеты на канцэрты і хакейныя матчы, якіх у яго не было.
У сакавіку Следчы камітэт паведамляў прыкладна пра 70 пацярпелых, а ў ходзе расследавання было ўстаноўлена, што пацярпелі больш за 110 чалавек па ўсёй краіне.
Схема была простая. Малады чалавек размяшчаў на інтэрнэт-пляцоўцы аб’явы пра продаж білетаў, дамаўляўся з пакупнікамі пра перадаплату, атрымліваў перавод – і знікаў.
Ніякіх білетаў ён не перадаваў, бо іх проста не існавала.
Каб ускладніць адсочванне грошай, абвінавачаны прымаў пераводы не на сваю банкаўскую картку. Частка плацяжоў паступала на банкаўскія карткі сяброў, частка – на рэквізіты выпадковых прадаўцоў, у якіх ён пад выглядам аплаты тавараў выманьваў даныя картак. Гэта дазваляла доўгі час заставацца па-за полем зроку як пакупнікоў, так і самой пляцоўкі.
Агульная сума шкоды перавысіла 20 тысяч рублёў. Сваякі абвінавачанага ўжо вярнулі пацярпелым каля 12 тысяч.
Да суда абвінавачаны застаецца пад вартай.
Заўважым, што па-за межамі афіцыйнага паведамлення застаецца пытанне, якое само па сабе цягне на асобны сюжэт: на якой інтэрнэт-пляцоўцы размяшчаліся аб’явы і як мадэрацыя не заўважыла, што адзін акаўнт падманвае дзясяткі людзей?
Фота ілюстрацыйнага характару.
