Лічба абортаў у Беларусі зніжаецца, а на Магілёўшчыне расце

Колькасць абортаў у Беларусі за 2025 год абнавіла гістарычны мінімум. Аднак на Магілёўшчыне іх стала прыкметна больш.

Паводле даных Белстату, у 2025 годзе ў Беларусі зрабілі 13 679 абортаў – на 5,3% менш, чым годам раней (14 444). Гэта новы гістарычны мінімум: паказчык зніжаецца штогод на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў. 

Для параўнання, у 2010 годзе было 33,3 тысячы, у 2019‑м – 21,3 тысячы. У параўнанні з 1990 годам колькасць абортаў скарацілася прыкладна ў 20 разоў.

У той жа час Магілёўская вобласць пайшла супраць агульнай тэндэнцыі – рост на 16,6% (з 1538 да 1793) за мінулы год. Праўда, за 2023 колькасць абортаў была вышэй – 2 008 выпадкаў. Таксама вырас гэты паказчык ў Мінску (2 451 за 2024 г. супраць 2 668 за 2025 г.) і ў Гродзенскай вобласці (1 484 за 2024 г. супраць 1 487 за 2025 г.).

Фота ілюстрацыйнае

У Магілёўскай вобласці працягвае зніжацца нараджальнасць – за восем гадоў у два разы

Белстат упершыню ад 2019 года паказаў статыстыку па нараджальнасці у Беларусі. На Магілёўшчыне колькасць нованароджаных летась аказалася амаль на 3 тысячы менш, чым у 2019-ым. 

Паводле Белстата, у 2024 годзе ў Магілёўскай вобласці нарадзілася 6659 дзяцей. За папярэднія гады статыстычны камітэт даных не дае. У той жа час у 2019 наванароджаных на Магілёўшчыне было 9625, у 2018 – 10 392, у 2017 – 11 136, у 2016 – 12 810. Такім чынам за восем гадоў нараджальнасць у рэгіёне ўпала амаль ў два разы.

Такая тэндэнцыя адлюстроўвае ў цэлым сітуацыю па Беларусі. Так, у 2016 годзе жыхаркі краіны нарадзілі 117 779 дзяцей, а летась толькі 58 938.

Цікава, што ў 2022 годзе партал “Зеркало” паспрабаваў падлічыць, колькі дзяцей нарадзілася ў Беларусі у 2021 годзе. Паводле яго падлікаў – 79,4 тыс. немаўлятаў. Як бачна, незалежны партал, можна сказаць, не памыліўся.

Фота: pixabay.com