Дзень у гісторыі: 28 жніўня. Нарадзіліся паэт Генадзь Бураўкін і журналіст Дзмітрый Завадскі. Памёр Васіль Вашчыла, верхавод Крычаўскага паўстання і Рафал Корсак, царкоўны дзеяч, які імкнуўся прымірыць уніятаў і праваслаўных

1640 год. Памёр Рафал Корсак

Уніяцкі царкоўны дзеяч Рэчы Паспалітай, Вялікага Княства Літоўскага, царкоўны гісторык.

Падтрымліваў палітыку прымірэння ўніятаў з праваслаўнымі. Ініцыятар склікання сумеснага сабору праваслаўных і ўніятаў з мэтаю стварэння адзінага рускага патрыярхату ў Рэчы Паспалітай.

Пераклаў творы Мялеція Сматрыцкага, заснаваў у Рыме сядзібу базылянаў з Беларусі і Ўкраіны.

1744 год. Памёр Васіль Вашчыла

Кіраўнік Крычаўскага паўстання 1743-1744 гадоў, вясковы войт.

У траўні 1740 года ўзначаліў узброены атрад з некалькіх сотняў сялянаў у Крычаўскім старостве, да якога пазней далучыліся сяляне з іншых мясцін.

Паўстанне было выклікана завялікімі для сялян падаткамі, якімі абклалі іх арандатары. Сяляне скардзіліся на свавольства арандатараў уладальніку зямель Гераніму Фларыяну Радзівілу, але той нічога не мяняў. Паўстанне было здушанае, а ўдзельнікаў жорстка пакаралі.

Васіль Вашчыла ўцёк за мяжу. У Кіева-Пячэрскай крэпасці захварэў і памёр.

Уладзімір Караткевіч прысвяціў Вашчыле вершаваную легенду «Вощила на горе Маяк», а паўстанню – трагедыю «Маці ўрагану», якая была экранізаваная.

1765 год. Нарадзіўся Тадэвуш Чацкі.

Гісторык, дзеяч асветы і навукі ў Вялікім Княстве Літоўскім.

Ініцыятар складання гідраграфічнай карты Польшчы і Княства.

Вывучаў гаспадарчы стан краіны і прапаноўваў праекты яе гаспадарчага развіцця: рамёстваў, гарадоў, замежнага гандлю, скасавання ўсіх абмежаванняў для яўрэяў.

Аўтар твораў па эканоміцы, гісторыі і праве, манетнай справе.

Першым пачаў даследаваць Статут Вялікага Княства Літоўскага.

Ініцыятар збірання народных песень і паданняў – крыніц вывучэння дахрысціянскай Польшчы і Літвы.

1772 год. Нарадзіўся Францішак Сапега.

Дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага.

Уладальнік мноства маёнткаў, у тым ліку на Магілёўшчыне.

Удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання Тадэвуша Касцюшкі. Быў яго кіраўніком у Слонімскім, Ваўкавыскім паветах і на ўсходнім Падляшшы.

Па здушэнні паўстання прысягнуў Кацярыне II, атрымаў чын тайнага саветніка, быў маршалкам шляхты Менскай губерні.

1936 год. Нарадзіўся Генадзь Бураўкін.

Паэт, дзяржаўны дзеяч.

Кіраўнік Дзяpжкaмiтэту савецкай Беларусі па тэлeбaчaннi i paдыёвяшчaннi, пacтaянны пpaдcтaўнiк Бeлapyci у ААН, нaмecнiк мiнicтpa кyльтypы і друку.

У 2000 годзе, разам з Радзімам Гарэцкім і Рыгорам Барадуліным, удзельнічаў у арганізацыі Усебеларускага з’езду за незалежнасць.

Член Беларускага ПЭН-Цэнтра.

Аўтар зборнікаў паэзіі, кніг для дзяцей, дакументальных аповесцяў, сцэнарыяў для фільмаў, літаратурна-крытычных артыкулаў.

Перакладаў на беларускую мову творы замежных літаратараў.

Укладальнік кнігі «Наш Быкаў».

На вершы паэта напісана багата песень. Сярод іх «Белы снег», «Зачараваная», «Матылі», «Малітва».

Яго «Калыханку» ведае кожны беларус.

1937 год. Нарадзіўся Іосіф Багдзевіч.

Глебазнаўца-вынаходнік.

Дырэктар Інстытуту глебазнаўства і аграхіміі.

Вызначыў спосабы пераадолення наступстваў радыеактыўнага і хімічнага іх забруджвання па аварыі на ЧАЭС.

Аўтар звыш 600 навуковых прац.

1958 год. Нарадзіўся Аляксандр Грыцанаў.

Філосаф, наймаладзейшы ў СССР кандыдат філасофскіх навук. Ім стаў у 24 гады.

Галоўны рэдактар міжнароднага праекту «Гуманітарная энцыклапедыя» Мінскай філасофскай школы, у рамках якога апублікаваныя:

– «Найноўшы філасофскі слоўнік»;

– Энцыклапедыі па філасофіі;

– «Постмадэрнізм»;

– «Гісторыя філасофіі».

Аўтар мноства навуковых артыкулаў па філасофіі, сацыялогіі, гісторыі, паліталогіі, культуралогіі, псіхалогіі і псіхааналізе.

1972 год. Нарадзіўся Зміцер Завадскі.

Журналіст, тэлевізійны аператар.

У 1994-1997 гадах быў асабістым аператарам Аляксандра Лукашэнкі. Працаваў на расійскім тэлеканале ОРТ. Здымаў сюжэты ў Чачні, калі там ішла вайна

7 ліпеня 2000 году быў скрадзены, калі накіроўваўся ў аэрапорт «Мінск-2» на аўтамабілі, каб сустракаць свайго калегу Паўла Шарамета. Аўтамабіль быў знойдзены ў аэрапорце, але самога Завадскага з тых часоў ніхто не бачыў. Знікненне Завадскага ўстала ў адзін шэраг са знікненнем апазіцыйных палітыкаў Віктара Ганчара і Юрыя Захаранкі.

 


У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў.