На Палыкавіцкім пляжы адкрыўся купальны сезон – а плаваць там забаронена

Задушлівыя выхадныя дзянькі – і нягледзячы на забарону купацца на грамадскім пляжы ў Палыкавічах, магілёўцы дзясяткамі сем’яў адпачываюць тут і смела лезуць у ваду.

У рацэ Днепр выяўлена кішачная палачка – нагадвае санітарная служба.

Фота: mogilev.media

60 зон рэкрэацыі вобласці гатовы да купальнага сезона, але на некаторых ёсць абмежаванні і забароны

Рашэннямі мясцовых адміністрацый у маі 2023 года на Магілёўшчыне вызначана 61 месца адпачынку з арганізацыяй купання на водных аб’ектах – пісалі mogilev.media. 

Па стане на 15 чэрвеня пашпарты гатоўнасці пляжаў падпісаны для 60 зон рэкрэацыі. Не падпісаны такі дакумент толькі для пляжа на вуліцы Казлоўскай у горадзе Асіповічы – паведамляе Магілёўскі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.

За апошні тыдзень праверана 173 пробы вады вадаёмаў для купання. Не адпавядаюць гігіенічным нарматывам па мікрабіялагічных паказчыках – 15 вадаёмаў для купання. 

Эпідэміёлагі прапануюць абмежаваць купанне дзяцей на пляжах на р. Дняпро ў  Палыкавічах, на затоцы ў раёне вуліцы Фаціна, на Пячэрскім вадасховішчы ў Магілёве, на Чыгірынскім вадасховішчы каля в. Падлужжа. 

А таксама – забараніць купанне дзяцей, дарослых на сажалцы Броды, на Святым возеры ў Магілёве, на Дняпры ў раёне Шклоўскага гарадскога пляжа, на сажалцы вёскі Путнікі Шклоўскага раёна. 

Пры гэтым, нагадаем, што ў Горацкім раёне здымаецца абмежаванне купання дзяцей на базе адпачынку “Мярэя” ў Леніно. 

Фота з адкрытых крыніц.

 

На Магілёўшчыне першая забарона на купанне – у Горацкім раёне

Толькі на мінулым тыдні ў Магілёўскай вобласці былі вызначаны больш за 60 месцаў, дзе дазволена купацца – пісалі mogilev.media. А ўжо на гэтым тыдні ў адным з вадаёмаў Горацкага раёна выявілі кішэчную палачку.

Супрацоўнікі Горацкага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі ўзялі пробы вады ў адведзеных для купання вадаёмах раёна. Аказалася, што ў адным з азёр купанне трэба абмежаваць.

Вынікі даследаванняў паказалі, што індыкатарны мікрабіялагічны паказчык на кішачную палачку (E.coli) перавышае нарміруючыя значэнні ў вадаёме базы адпачынку “Мерэя” прадпрыемства “Праметэй” у аграгарадку Леніно – паведамляюць horki.info. 

Фота: mogilev.media

У Крычаве адміністрацыя забараняе жыхарам садзіць агароды ўшчыльную з дамамі

На пад’ездах шэрагу дамоў мікрараёна Камсамольскі з’явіліся аб’явы-звароты да жыльцоў пяціпавярховікаў, у якіх пазначаюцца змены ў выкарыстанні прылеглай тэрыторыі да шмакватэрных будынкаў. 

У аб’явах напісана, што для бесперабойнага абслугоўвання дома і пад’езда спецыялізаванай тэхнікай, забараняецца распрацоўваць зямлю для пасеву пладова-агароднінных культур за домам бліжэй за пяць метраў.    

Адзначым, што агароды, якія знаходзяцца ўсутыч з шматпавярховымі дамамі, з’яўляюцца досыць распаўсюджанай з’явай на тэрыторыі мікрараёна. Цяпер жа сотні жыхароў Крычава пазбаўляюцца магчымасці садзіць агародніну і садавіну на ўласных зямельных участках побач з домам. 

Фота: mogilev.media

Большасці недзяржаўных аптэк з 1 чэрвеня забароняць прадаваць лекі па рэцэпце

Адпаведна з пастановай Міністэрства аховы здароўя Беларусі продаж лекаў па рэцэпце пачынаючы з 1 чэрвеня будзе забаронены ва ўсіх аптэках пятай катэгорыі, акрымя дзяржаўных аптэк сеткі “Белфармацыя”.

Да пятай катэгорыі адносяцца аптэкі плошчай ад 25 да 60 квадратных метраў. Звычайна гэта невялікія аптэкі, якія сустракаюцца ў жылых дамах, гандлёвых цэнтрах, на вакзалах і іншых ажыўленых месцах.

Згодна з папраўкамі, зараз аптэкі пятай катэгорыі будуць мець права прадаваць толькі тыя лекавыя прэпараты, на якія не патрабуецца рэцэпт урача.

Пры гэтым Міністэрства аховы здароўя зрабіла выключэнне: прадаваць па рэцэптах па-ранейшаму змогуць аптэкі пятай катэгорыі, якія ажыццяўляюць бясплатнае і льготнае забеспячэнне асобных катэгорый грамадзян лекамі і перавязачнымі матэрыяламі. А гэтым займаюцца толькі дзяржаўныя аптэкі.

Фота з адкрытых крыніц.

У Магілёве прадавалі джынсы, якія “не дыхаюць”

Партыю кітайскіх жаночых джынсаў пяці розных марак забралі з продажу ў індывідуальнага прадпрымальніка ў Магілёве спецыялісты Дзяржстандарта. Выявілася, што па такім стандарце як “паветрапранікальнасць” гэтая прадукцыя мае паказнікі ў два разы ніжэйшыя за норму. Уся партыя забраная ў прадпрымальніка, а пяці маркам жаночых джынсаў забаронены ўвоз на тэрыторыю рэгіёна і рэалізацыя – паведамляе БелТА. 

Фота ілюстрацыйнае

На Магілёўшчыне пачынаецца нераст – уводзяцца абмежаванні рыбакам, нельга будзе плаваць на лодках

З 1 красавіка і па 30 мая на тэрыторыі Магілёўскай, Мінскай і Гарадзенскай абласцей уводзяцца абмежаванні на рыбную лоўлю і на перамяшчэнне па вадаёмах. У Віцебскай вобласці абмежаванні і забароны пры аматарскім рыбалоўстве будуць дзейнічаць з 10 красавіка да 8 чэрвеня 2023 года. У Берасцейскай і Гомельскай абласцях абмежаванні на нераст дзейнічаюць з 20 сакавіка і будуць працягвацца да 18 мая.

Увесь гэты час лавіць рыбу можна будзе толькі адной вудой з адным кручком або адным спінінгам, абсталяваным адной штучнай прынадай, якая мае не больш за два адзінарных, або падвойных, або трайных гаплікаў. Лавіць можна толькі ў светлы час сутак з берага, альбо з мастоў і іншых канструкцый, без заходу ў ваду. 

Таксама забараняецца выкарыстанне грамадзянамі маламерных судоў і суднаў з рухавікамі.

Фота ілюстрацыйнае.

З Беларусі забаранілі вывазіць ліфты, лядоўні і шматлікія іншыя тавары

Беларусь увяла часовую, на 6 месяцаў, забарону на вываз асобных відаў прамысловых тавараў. 

Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў ад 21 сакавіка.

У спіс тавараў патрапілі лядоўні, маразільнікі, цэнтрыфугі, посудамыйныя машыны, пыласосы, электрабрытвы, машынкі для стрыжкі валасоў, тэлефонныя апараты, мікрафоны. 

Нельга вывозіць таксама прылады для пад’ёму, перамяшчэння, пагрузкі або разгрузкі, ліфты, эскалатары, канвееры, бульдозеры, трактары, машыны рознага прызначэння, станкі, лакаматывы, вагоны, аўтамабілі, матацыклы, прычэпы і іншую прадукцыю.

Дзеянне забароны не распаўсюджваецца на тавары з сертыфікатам, які пацвярджае беларускае або расійскае паходжанне тавараў.

Фота мае ілюстрацыйны характар

У вёсцы пад Магілёвам забаранілі браць ваду з калодзежаў

Адразу тры шахтных калодзежы ў вёсцы Дубінка Магілёўскага раёна паказалі перавышэнне гігіенічных нарматываў па санітарна-хімічных паказальніках. Спецыялісты санстанцыі катэгарычна забаранілі піць ваду з гэтых калодзежаў – піша “Прыдняпроўская ніва”.

Цікава, што тая ж “Прыдняпроўская ніва” менаввіта крынічнай вадой вабіла людзей у Дубінку – у матэрыяле “Попьёшь водички – и дольше проживёшь….”.

Фота з адкрытых крыніц

Забарона на лоўлю мянтуза ў Беларусі ўводзіцца з 25 снежня і на ўсю зіму

Калі не выпусціць выпадкова спайманую рыбіну назад у вадаём, пагражае штраф да 1 824 рублёў.

Мянтуз ці мянёк (па-руску – налим), гэта адзіны прадстаўнік сямейства трасковых, які аблюбаваў для жыцця прэснаводныя вадаёмы (усе астатнія віды пражываюць у салёнай вадзе). Мянтуз ва ўсіх адносінах дзіўная рыба, мала падобная на іншых прадстаўнікоў іхтыяфауны. Яна мае некалькі “рэліктавую” знешнасць: аб старажытным паходжанні гэтага віду кажа падоўжаная форма цела, мудрагелістае размяшчэнне плаўнікоў і характэрная галава з выяўленымі няпарнымі “вусамі”. Таксама для гурманаў рыбіну выдзяляе незвычайны смак мяса і звышкаштоўная пячонка, што ўтрымлівае шмат тлушчу і вітамінаў. 

Для захавання рыбных рэсурсаў і стварэння спрыяльных умоў ўзнаўлення гэтай рыбы ў беларускіх вадаёмах, ва ўсіх рыбалоўных угоддзях з 25 снежня 2022 па 28 лютага 2023 г усталёўваецца забарона на лоўлю мянтуза.

Гэта звязана з тым, што ў снежні, пасля замярзання вадаёмаў і паніжэння тэмпературы вады да +1°С, пачынаецца масавы рух мянтуза на нераст. Нераст працякае больш актыўна пры вялікіх маразах, падчас адлігі можа расцягвацца больш чым на месяц.

Калі ў тэрміны забароны рыбалову ўсё ж трапіўся мянтуз, то ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам, рыба павінна быць выпушчана ў жывым выглядзе ў асяродак яе праывання, дзе была вылаўлена.

У выпадку незаконнай здабычы мянтуза ў перыяд забароны, парушальнік павінен будзе заплаціць шкоду, прычыненую навакольнаму асяроддзю ў памеры 27 базавых велічынь, што складае 864 рублі, (за кожную канфіскаваную асобіну).

Акрамя таго, парушальнік будзе пакараны ў выглядзе адміністрацыйнага штрафу па ч.1 арт.16.25 КаАП Рэспублікі Беларусь у памеры да 30 базавых велічынь, што складае 960 рублёў.

Фота: rybalkavreke.ru