Медыкі: хантавірус у Беларусі часцей рэгістраваўся на Магілёўшчыне і Гомельшчыне

У Беларусі найбольшая колькасць захварэўшых на хантавірус, ці па-іншаму “мышынай ліхаманкай”, рэгістравалася ў Магілёўскай і Гомельскай абласцях.

Хвароба, якой зараз надаецца вялікая ўвага сусветных сродкаў масавай інфармацыі, – хантавірус, якім захварэлі некаторыя ўдзельнікі марскіх круізаў. Паводле медыкаў, хантавірус выклікае гемарагічную ліхаманку з нырачным сіндромам. Пераносчыкам хантавіруса выступаюць лясныя і палявыя мышы. Вірус выдзяляецца ў навакольнае асяроддзе са сліной і спаражненнямі грызуноў.

У 2012 годзе заражаннасць мышападобных грызуноў узбуджальнікам гемарагічнай ліхаманкі склала 1,3% (ад 0,9% у Мінскай да 4,7% у Магілёўскай абласцях).

Адну з апошніх успышак захворвання эпідэміёлагі зафіксавалі ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці ў канцы 2024 – пачатку 2025 года. А ўвогуле ў Беларусі “мышыная ліхаманка” рэгістравалася з 90-х гадоў мінулага стагоддзя.

Заражэнне чалавека адбываецца пры ўдыханні паветра, забруджанага часціцамі высмаглых вылучэнняў мышэй, магчымы харчовы шлях заражэння – праз прадукты харчавання і пры кантакце з жывёлай. Часцей за ўсё прыродныя агмені інфекцыі размешчаны па берагах вадаёмаў, у вільготных лясных масівах з высокай травой. У групу рызыкі трапляюць аматары палявання, рыбалкі, турыстычных паходаў

Захворванне часцей рэгіструецца з траўня па снежань, хоць адзінкавыя выпадкі хваробы могуць здарыцца і ў іншыя месяцы.

Успрымальнасць людзей да захворвання пры кантакце з вірусам высокая. Аднак варта памятаць, што чалавек, хворы на ГЛНС, для навакольных не заразны. Перанесеная інфекцыя пакідае пасля сябе ўстойлівы пажыццёвы імунітэт.

Фотаздымак: kvd.by

У Магілёве больш няма ковідных пнеўманій, кажуць чыноўнікі ад медыцыны

Чыноўнікі сцвярджаюць, што такіх ковідных пнеўманій, якія былі ў 2020-2021 гадах, зараз няма ў Магілёве.

У Магілёве пацыентаў з ковідам працягваюць шпіталізаваць, але іх колькасць невялікая. Пра гэта распавяла БелТА намесніца галоўнага ўрача па інфекцыйных захворваннях Магілёўскай бальніцы №1, галоўны пазаштатны інфекцыяніст Галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Магілёўскага аблвыканкама Ірына Бас.

Паводле яе, ужо каля года ў асноўным шпіталізуюць людзей з хранічнымі праблемамі здароўя, такімі як сардэчна-сасудзістыя захворванні, дыябет, анкалагічныя паталогіі. Сярод пацыентаў таксама сустракаюцца дзеці ва ўзросце да аднаго года.

Яна адзначае, што цяпер ковід працякае лёгка, і ў рэанімацыі з ім няма ніводнага пацыента. Людзі ляжаць у звычайных інфекцыйных аддзяленнях. “Тых ковідных пнеўманій, якія былі ў 2020–2021 гадах, цяпер няма» – адзначыла Бас.

Паводле яе, зараз хвароба праяўляецца як звычайная вірусная інфекцыя верхніх дыхальных шляхоў – боль у горле, асіпласць голасу, насмарк, сухі кашаль. Пнеўманіі здараюцца рэдка і пераважна ў людзей з спадарожнымі захворваннямі. «Як правіла, пнеўманія ўзнікае, калі зверху накладваецца бактэрыяльная інфекцыя, гэта значыць фармуецца змяшаная інфекцыя» – дадала інфекцыяністка.

Не адмаўляючы слоў праўладнага медыка, варта памятаць, што пяць гадоў таму чыноўнікі хавалі ад людзей праўду аб захворваемасці ковідам і смяротнасці ад яго ў Беларусі.

Фотаздымак з адкрытых крыніц