У магілёўскай пракуратуры любую статыстыку лічаць добрай

Змяншэнне колькасці злачынстваў – заслуга пракуратуры, а яе павелічэнне – вынік актывізацыі працы праваахоўнікаў па раскрываемасці. Такая логіка ў Магілёўскай аблпракуратуры.

За студзень – травень 2026 года ў Магілёўскай вобласці зарэгістравана на 8,4% менш злачынстваў, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Пра гэта паведаміў пракурор вобласці Валерый Куліковіч (на фота).

Паводле яго, найбольш прыкметна скарацілася колькасць злачынстваў, учыненых непаўналетнімі – на 34%, раней судзімымі – на 16%, у стане алкагольнага ап’янення – на 30%, а таксама ў грамадскіх месцах – амаль на 45%.

Менш стала забойстваў, крадзяжоў, угонаў аўтамабіляў, хуліганстваў і злачынстваў, звязаных з хатнім гвалтам.

Такую статыстыку кіраўнік абласной пракуратуры патлумачыў «карпатлівай працай пракурораў», якія, паводле яго слоў, займаюцца прафілактыкай правапарушэнняў, каардынуюць дзейнасць іншых дзяржаўных органаў, праводзяць праверкі і ўдзельнічаюць у прафілактычных мерапрыемствах.

Разам з тым за гэты ж перыяд у вобласці вырасла колькасць наўмысных цяжкіх цялесных пашкоджанняў, кіберзлачынстваў, вымагальніцтваў і махлярстваў з выкарыстаннем камп’ютарных тэхналогій.

Павялічылася таксама колькасць злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў.

Аднак і гэтаму росту ў пракуратуры знайшлі станоўчае тлумачэнне. Паводле Валерыя Куліковіча, больш злачынстваў у гэтай сферы сталі рэгістраваць не таму, што іх стала больш, а таму, што праваахоўныя органы актывізавалі работу па іх выяўленні і спыненні.

Такім чынам, агучаная пракуратурай логіка выглядае даволі ўніверсальнай: калі злачынстваў становіцца менш, то гэта вынік эфектыўнай прафілактычнай працы пракурораў. Калі ж іх колькасць павялічваецца – гэта таксама сведчыць пра добрую працу праваахоўнікаў, якія пачалі больш выяўляць правапарушэнняў. Іншымі словамі, незалежна ад таго, у які бок змяняецца статыстыка, яна ўсё адно падаецца як пацвярджэнне паспяховай работы ведамства.

Фотаздымак: mogilevnews.by