У сельскай краме аграгарадка Лудчыцы Быхаўскага раёна новую сістэму lsFusion укараняла прадавец, якую дзеля гэтага выклікалі з адпачынку па доглядзе за дзіцёнкам на палову стаўкі. Прычына, якую назвалі ў Быхаўскім АСП Магілёўскага райспажыўтаварыства: жанчына на «ты» з сучаснымі тэхналогіямі.
Варта заўважыць, што з сучаснымі тэхналогіямі далёка не на «ты» і самі старэйшыя «ўкараняльнікі».
У 2017-2018 гадах Быхаўскае райспажыўтаварыства набыло пяць гандлёвых сістэм «СуперМаг» і першым у Магілёўскай вобласці ўсталявала іх у крамах. Аблспажыўсаюз ставіў раён у прыклад. Да 2022 года з пяці сістэм працаваў толькі адзін «СуперМаг».
Белкаапсаюз, які ўсунуў гэтыя сістэмы ніжэйшаму прадпрыемству, не ўлічыў, што:
- прадаўцоў не навучылі працаваць у сістэме;
- сістэма выкарыстоўвалася прыкладна на пяць працэнтаў сваіх магчымасцяў, фактычна як звычайная каса;
- абслугоўванне ўвесь гэты час аплачвалася і каштавала дорага.
У выніку абсталяванне адправілі на склад, ды і само райспажыўтаварыства сышло са сцэны.
Цяпер гэта Быхаўскае адасобленае структурнае падраздзяленне Магілёўскага райспажыўтаварыства, амаль усе аб’екты якога прададзеныя або здадзеныя ў арэнду.
А Белкаапсаюз не здаецца: цэнтралізавана пераводзіць гандаль на сістэму lsFusion. Паводле даных распрацоўшчыка, да жніўня 2025 года яна ахапіла больш за 4300 крам і 150 гандлёва-размеркавальных складоў, прычым каля дзвюх тысяч аб’ектаў былі аўтаматызаваныя за адзін год.
Ці дапамагае гэта? Адказ трэба шукаць у разносах, якія Лукашэнка перыядычна ладзіць старшыні аганізуючай структуры Інэсе Караткевіч. Яна, дарэчы, таксама набіралася досведу «ўкаранення» ў Магілёве.
Фота раённай газеты.
