На харчаванне беларусы трацяць 40% сваіх даходаў – статыстыка

6% насельніцтва Магілёўскай вобласці жыве ніжэй бюджэта пражытачнага мінімумума.

Белстат апублікаваў дадзеныя аб узроўні жыцця хатніх гаспадарак у IV квартале 2022 года па выніках выбарачнага абследавання.

У адпаведнасці з афіцыйнай статыстыкай, у краіне ў IV квартале 2022 г. наяўныя рэсурсы ў  разліку на хатнюю гаспадарку склалі 1849 рублёў у месяц, у тым ліку ў гарадах і пасёлках гарадскога тыпу – 1926,9 рублёў у месяц, у сельскіх населеных пунктах – 1596,3 рублі ў месяц.

Грашовыя выдаткі ў разліку на хатнюю гаспадарку склалі 1758,9 рублёў у месяц, з якіх 1309,8 рублёў (74,5%) прыпадае на спажывецкія расходы.

Дамашнія гаспадаркі (сям’я) трацяць на харчаванне 39,3%, на нехарчовыя тавары – 34,4%, на аплату паслуг (уключая жыллёва-камунальныя) – 23,8% месячных рэсурсаў. 

Такім чынам, у беларусаў застаецца ўсяго 2,6% ад усіх сродкаў на адпачынак, вандроўкі, набыццё транспартных сродкаў, нерухомасці.

Пры гэтым, у еўрапейскіх краінах, у агульных выдатках затраты на жыллё (у тым ліку за ацяпленне, электраэнергію, водазабеспячэнне, каналізацыю) складаюць ад 9% на Мальце да 29% у ФРГ, Швецыі. На харчаванне ў ЕС расходуецца 7-12%, на нехарчовыя тавары – да 15%. Нармальная з’ява ў Еўропе, калі набываецца аўтамабіль, які каштуе 3-5 месячных заробкаў, і гэта не б/у – проста заробкі іншыя.

Паводле складзенай інфаграфікі, самы гаротны стан па доле насельніцтва, якое жыве ніжэй бюджэта пражытачнага мінімумуму, назіраецца ўжо ў 4-х з 7-мі беларускіх рэгіёнаў: У Магілёўскай – 5,9%, у Брэсцкай – 5,6, у Гомельскай – 5,5, у Віцебскай – 5,1%.

Дзівосы статыстыкі

Трэба заўважыць, што прыведзеныя дадзеныя статыстыкі ні на што не ўплываюць, ні аб чым не сведчаць і нічога асабліва не тлумачаць. Беларуская статыстыка жыве сама па сабе, народ – сам па сабе.

Напрыклад, афіцыйная статыстыка кажа, што ў кастрычніку 2022 года  сярэдні заробак па краіне склаў 1636,4 рублі, у лістападзе – 1648,2, у снежні – 1915,6 рублі. То бок, у сярэднім у апошнім квартале мінулага года сярэдні заробак складаў 1733,4 рублі ў месяц. А наяўныя рэсурсы ў разліку на хатнюю гаспадарку склалі 1849 рублёў у месяц, што, верагодна, азначае, што ўсе хатнія гаспадаркі складаюцца толькі з 1,1 чалавека, які мае заробак, альбо толькі з аднаго працаўніка і пенсіянера, працаўніка і інваліда, працаўніка і дармаеда, двух працаўнікоў з заробкам па 925 рублёў.

На Магілёўшчыне – падзенне грузаабарота і колькасці перавозак пасажыраў

У Магілёўскай вобласці ў 2022 годзе зменшыўся грузаабарот на аўтатранспарце на 16,5%, а колькасць пасажыраў на транспарце ўпала на 3,7% у параўнанні з 2021 годам – прыводзіць афіцыйныя дадзеныя Магілёўаблстат.  

Паводле дадзеных статыстыкі пры гэтым адбыўся толькі рост пасажыраабарота – гэта значыць, колькасці кіламетраў, якія праехалі пасажыры. Ён дасягнуў 108,9% у параўнанні з 2021 годам, але значна зменшыўся, напрыклад, у адносінах да 2019 года – адразу на пятую частку (22,8%)

Калі браць аб’ёмы перавозак пасажыраў не ў параўнанні з 2021 годам, а напрыклад, з 2019 годам, то падзенне яшчэ большае – на 25,4%.

І ў першым месяцы 2023 года ў параўнанні са студзенем 2022 года заўважана падзенне грузаабарота на 18,5%.

Пры гэтым адзначаецца сезонны рост пасажыраабарота і колькасці перавезеных пасажыраў – бо зімой людзі больш ездзяць на транспарце, чым ходзяць пешкі.

Зніжэнне грузаабарота і колькасці пасажыраў на транспарце – гэта статыстычная прыкмета падзення ўзроўню жыцця, скарачэння насельніцтва.

Колькасць хворых на COVID-19 у Беларусі, верагодна, сягнула за мільён

Такую лічбу даюць матэматычныя мадэлі дынамікі захворвання ў краіне на каранавірус.

Хвароба нікуды не падзелася – штодня ў свеце рэгіструюцца дзясяткі тысяч новых хворых, сотні памерлых. Так, па стане на раніцу 7 лютага 2023 года у свеце колькасць захварэўшых склала 676 416 246 (за суткі +92 978). Памерлых 6 773 425 (+700 за суткі).

Нажаль, актуальнай статыстыкі па COVID-19 на Беларусі мы не ведаем. Яна не публікуецца. Недахоп інфармацыі заўсёды нараджае чуткі, плёткі і пэўны недавер да арганізацый, якія абавязаны даваць справаздачу перад выбаршчыкамі і жыхарамі краіны.

Апошняя статыстыка была абнародавана 5 ліпеня: 994 037 выпадкаў.  Гэтая ж лічба адлюстроўваецца і па стане на 8 лютага 2023 года. А 5 снежня 2022 года, міністр аховы здароўя Дз. Піневіч заявіў, што “колькасць хворых з COVID-19 не перавышае 3% ад пікавых лічбаў асенне-зімовага максімуму перыяду 2021-2022 года”. І больш ніякіх лічбаў, тым больш абсалютных.

Матэматычныя мадэлі з улікам 3% ад “пікавых лічбаў”, пра якія казаў Піневіч, даюць прырост хворых за перыяд з 5 ліпеня 2022 па 8 лютага 2023 года ад 8 720 да 17 794 хворых. Гэта азначае, што агульная лічба хворых можа скласці на сённышні момант ад 1 002 757 да 1 011 831 хворых.

Любая мадэль можа моцна адрознівацца ад рэальных лічбаў або ў адзін, або ў другі бок, тым больш пры недахопе ведаў пра апошнія трэнды.

Фотаздымак мае ілюстрацыйны характар

Адукацыя ў Магілёўскай вобласці – дваццаць год падзення

Школ стала менш на 40%, школьнікаў на 36%, па колькасці студэнтаў Беларусь упала з першай дзясяткі ў пяты дзясятак.

Магілёўскае абласное ўпраўленнем статыстыкі апублікавала дадзеныя па стане адукацыі ў вобласці на пачатак 2022/2023 навучальнага года.

На гэты момант у вобласці працавала 465 устаноў дашкольнай адукацыі. Гэта мінус 2,3% у параўнанні з дадзенымі 2020 года і мінус 21% да ўзроўню 2000 года. Колькасць дзяцей (39,7 тысяч) у гэтых установах у параўнанні з 2020 годам скарацілася на 8,5%, а калі параўноўваць з 2000 годам – на 12,7%.

На сёння ў вобласці працуе 365 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі (скарачэнне ў параўнанні з 2000 годам на 40%) з колькасцю навучэнцаў 118 тыс. чалавек, што азначае падзенне ў параўнанні з 2000 годам на 36,6%.

Атэстат аб агульнай сярэдняй адукацыі ў 2022 годзе атрымалі 6,2 тысячы выпускнікоў школ. Гэта ў 2 разы менш, чым у 2022 годзе было выпушчана спецыялістаў у нашых прафтэхліцэях, каледжах, ВНУ. Верагодна, збольшага, такая сітуацыя і тлумачыць увядзенне паслабленняў пры паступленні ў ВНУ.

У вобласці функцыянавала 26 устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі (да 2000 года падзенне на 27,7%) з 7,7 тысячамі навучэнцаў (падзенне на 60%).

Атрыманне сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў вобласці забяспечвае 31 установа, колькасць навучэнцаў у іх 11,6 тысяч (менш на 37%, чым у 2000 годзе).

У пяці ВНУ вобласці на першай ступені вышэйшай адукацыі навучаліся 18,7 тысяч студэнтаў (менш на 17%, чым у 2020 годзе і на 55%, чым у 2010 годзе, калі іх было 41,1 тысяча).

Беларусь мела на 10 000 насельніцтва наступную колькасць студэнтаў: у 2010/2011 годзе – 467,12 чалавек, у 2011/2012 годзе – 470,75 і знаходзілася ў першай дзесятцы краін па гэтым паказчыку. Для параўнання, Аўстралія – 720, ЗША – 580, Новая Зеландыя – 560, Казахстан, Фінляндыя – 530, Данія – 520, Нідэрланды – 500. 

Цяпер жа Беларусь перасунулася ў 5 дзясятак – у 2022 годзе ў разліку на 10 000 чалавек насельніцтва вобласці прыпадае 193 студэнты.

Фота ілюстрацыйнае.

На Магілёўшчыне новая ўспышка COVID-19 і грыпу H1N1?

У паліклініках горада велізарныя чэргі – паведамляюць нашы чытачы.

А вось афіцыйныя крыніцы сцвярджаюць пра зніжэнне захворваемасці. Так, намеснік галоўнага ўрача Магілёўскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ала Булай паведаміла:  

– У Магілёўскай вобласці працягваюць рэгістраваццца лабараторна пацверджаныя выпадкі COVID-19 і грыпу H1N1. Сезонны рост захворваемасці на вострарэспіраторныя вірусныя інфекцыі назіраецца ў вобласці, але за апошні тыдзень адзначана зніжэнне тэмпаў прыросту захворваемасці. 

Вірус грыпу H1N1 мае некаторыя асаблівасці – адзначае Ала Булай. Яна звяртае ўвагу на такую характарыстыку, як здольнасць хуткага распаўсюджвання, акрамя таго, ёсць кантынгенты, якія найбольш схільныя да захворвання – гэта дзеці розных узроставых груп, але асабліва малодшага ўзросту; асобы 60 гадоў і старэйшыя, людзі з хранічнымі захворваннямі. 

Што да вакцыны супраць грыпа, то ў гэтым сезоне даступны ў магілёўскіх паліклініках прэпарат уключае ў сябе штам H1N1 і вірус грыпу А і В.

Наш каментар. На жаль Ала Булай не прывяла статыстыку па каронавірусу і грыпу ў Магілёўскай вобласці.  Нам вядома толькі бягучая статыстыка па каранавірусе па краіне ў цэлым на 24 снежня 2022 года. 

Па колькасці заражэнняў 994037 (10,5% насельніцтва) каронавірусам Беларусь займае 74-75 радкі ў сусветным рэйтынгу захворваемасці. У свеце ахоп хворымі крыху ніжэйшы за нацыянальны паказчык – каля 9% зямлян. У Беларусі смяротных  выпадкаў па каронавірусу 7118 (0,7%), у свеце – 8,6% 

Трэба прызнаць, што беларускія лічбы вельмі прыкладныя, бо ў цяперашні час, на працягу паўгода, урадавыя арганізацыі не падаюць афіцыйную інфармацыю аб колькасці асоб, якія захварэлі, выздаравелі, памерлі ад COVID-19 на працягу сутак.

Наша даведка. Тым часам, у свеце агульная колькасць пацверджаных выпадкаў захворвання каранавірусам расце: 17 снежня яна склала лічбу 647,9 мільёнаў чалавек, пра што паведамляла Сусветная арганізацыі аховы здароўя, у суткі назіраўся прырост амаль на 800 000 чалавек. Але за тыдзень сітуацыя крыху палепшылася і на 24 снежня сутачны прырост знізіўся да 750 000. Зараз на планеце хворых на COVID-19 661 мільён.  На сёння  ад інфекцыі памерла ўжо каля 6,7 мільёнаў чалавек. 

Рэальныя даходы на Магілёўшчыне ўпалі на 4,5% – найгоршы паказчык па краіне

У параўнанні са студзенем-чэрвенем 2021 года даходы жыхароў Магілёўскай вобласці ўпалі на 4,5 працэнты – гэта найгоршы паказчык сярод рэгіёнаў Беларусі. У Віцебскай вобласці падзенне склала 3,9%, у Мінскай – 3,1, а ў Гомельскай – 2,1.

Пра тое сведчыць афіцыйная статыстыка аб узроўні рэальных грашовых даходаў беларусаў у першай палавіне 2022 году, апублікаваная Белстатам.

 


Рэальныя даходы – гэта сродкі, якія застаюцца ў работніка па сплаце ўсіх падаткаў і збораў, скарэктаваныя на індэкс спажывецкіх цэн.


Адначасна, у Магілёўскай вобласці самая нізкая сярэдняя зарплата на чэрвень 2022 года. Яна складае 1 327 рублёў у параўнанні з 1 626-цю рублямі ў цэлым па краіне, канстатуюць звесткі Белстата.

Другі радок знізу займае Віцебшчына з 1 376 рублямі. Найбольшы заробак маюць работнікі Мінску. Яны маюць у сярэднім – 2 264 рублі.

Агульная структура даходаў насельніцтва Магілёўшчыны характарызуецца гэтак:

– Аплата працы займае 60,9% ад усіх відаў даходаў (па краіне – 65%).

– Даходы ад прадпрымальніцкай і іншай дзейнасці, якая прыносіць даход, – 8,3% (па Беларусі – 8,1).

– Трансферты насельніцтву (пенсіі, дапамогі, стыпендыі і іншыя выплаты) – 27,6% пры 22,1 працэнтах па краіне.

– Даходы ад уласнасці і іншыя даходы – 3,2 працэнта, тады як у сярэднім па Беларусі – 4,8%.

 

Беларусы сталі менш піць “чарніла” і пераходзяць на слабаалкагольныя напоі, але ўсё яшчэ самыя п’яніцы ў свеце – статыстыка

Беларусь год ад года атрымлівае ад сусветнай маніторынгавай арганізацыі World Population Review статус самай алкагалізаванай краіны ў свеце. Гэтае званне было пацверджана і ў 2021 годзе. На бягучы момант наша краіна ўваходзіць у тройку краін па спажыванні спіртнога насельніцтвам. 

Міністэрства аховы здроўя не згоднае

Міністэрства аховы здроўя пярэчыць выкладкам World Population Review і прапануе свае статыстычныя выкладкі, якія перамяшчаюць Беларусь ужо на 25-е месца па ўжыванні алкаголю сярод краін свету.

Розніца ў падыходах ад беларускага міністэрства і ад міжнароднай маніторынгавай агенцыі заключаецца ў тым, што міністэрства не бярэ да ўвагі алкаголь, выраблены нелегальна – самагон і розныя бражкі. У той час як World Population Review абавязкова дабаўляе імавернае значэнне (якое, аднак, верыфікуецца адмысловымі даследаваннямі) самаробнага спіртнога да афіцыйнай статыстыкі.

Чыноўнікі малююць аптымістычную карціну

Што ж да афіцыйных дадзеных, яны малююць даволі аптымістычную карціну тэндэнцый, якія пануюць у беларускім грамадстве ў сферы ўжывання алкаголю.

Так, паводле статыстыкі за першыя тры месяцы 2022 года ў параўнанні з аналагічным перыядам 2021 года ў краіне зменшыліся паказчыкі па ўжыванні піва (на 1%), вінаградных він (на 3%) і пладовых він (на 10,7%). Адначасова назіраецца рост спажывання шампанскага і іншых слабаалкагольных напояў – аж на 40%, каньякоў і брэндзі на 12%, лікёраў на 6%. 

А што кажуць тэндэнцыі

Калі прасачыць тэндэнцыю на большы перыяд, параўнаўшы з тым, колькі і што пілі беларусы за апошнія 10 гадоў, то мы будзем назіраць наступную тэндэнцыю. У параўанні з 2011 годам беларусы сталі ўжываць на 75% менш пладовых він, гарэлкі і лікёра-гарэлачных напояў менш на 30%, піва на 15% – паведамляе myfin.by.

Чаму на Магілёўшчыне жанчын больш чым мужчын? Статыстыка і меркаванні экспертаў

На Магілёўшчыне на 100 дзяўчынак да 17 гадоў прыпадае 105 хлопчыкаў.

На пачатку 2022 году ў Магілёўскай вобласці пражывала 196,8 дзяцей да 17 гадоў. Гэта пятая частка насельніцтва рэгіёну (19,7%), піша газета Хоцімскага раёну «Шлях кастрычніка»

Пасля 35 гадоў гадоў дэмаграфічная сытуацыя іншая. На 1000 мужчын – 1149 жанчын.

Эксперты цвердзяць: прычыны дыспрапорцыі ў высокай смяротнасці мужчын працаздольнага ўзросту. Для мужчын характэрныя «няправільныя паводзіны ў быту». Значная частка іх злоўжывае алкаголем і праз гэта заўчасна канае. Сярод прычынаў называецца траўматызм на вытворчасці і на дарогах, а таксама гвалтоўныя смерці. Эксперты адзначаюць, што мужчыны больш церпяць ад стрэсаў, чым жанчыны. І часцей сканаюць жыццё самагубствам.

Паводле звестак галоўнага статыстычнага ўпраўлення Магілёўскай вобласці, якія падае газета «Магілёўскія ведамасці» на сяле жанчын меней, чым у горадзе. На 1000 мужчын у сельскай мясцовасці – 1071 жанчына, а ў горадзе – 1169.

У Беларусі сярэдняя працягваюць жыцця 71,2 гадоў. У мужчын – 65,6. а ў жанчын – 77,2.