У Чавусах уручылі першую «Бацькаву кашулю» – падарунак ад Лукашэнкі за трэцяе дзіця

Сям’я Марчанкаў з Чавус стала першай у раёне, якая атрымала льняную кашульку з арнаментам у рамках новага праекта праўладнай партыі «Белая Русь».

Падарунак прымеркаваны да нараджэння трэцяга сына Цімафея – хлопчык з’явіўся на свет 12 чэрвеня. Пасведчанне аб нараджэнні бацькі афармлялі 25 чэрвеня ў раённым аддзеле ЗАГС.

Праект «Трэці – Бацькаў» партыя «Белая Русь» запусціла 1 чэрвеня 2026 года. Паводле яго ўмоў, сем’і, у якіх нараджаецца трэцяе дзіця, атрымліваюць льняную кашулю «ад імя Лукашэнкі». Сам праект улады пазіцыянуюць як частку дэмаграфічнай палітыкі.

Лукашэнка раней публічна заяўляў, што лічыць трэціх і наступных дзяцей у беларускіх сем’ях «сваімі». І гэта пры тым, што ўсебеларускі дзед эталонам прыхільнасці да сямейных каштоўнасцяў ніколі не быў – хутчэй наадварот.

Акрамя таго, варта памятаць, што Магілёўшчына – самая малалікая і таксама вобласць, якая найхутчэй змяншаецца ў Беларусі.

На 1 студзеня 2026 года ў нашай вобласці заставалася 962 053 чалавекі. За 2024 год рэгіён страціў каля 9,8 тысячы жыхароў, за 2025-ы – яшчэ 9 312. Гэта супастаўна з насельніцтвам саміх Чавусаў.

Змяншаюцца пераважна сельская мясцовасць і малыя райцэнтры – менавіта тыя тэрыторыі, дзеля якіх праект і прэзентуецца. Смяротнасць устойліва перавышае нараджальнасць на працягу многіх гадоў: яшчэ ў 2017 годзе на 11 136 народжаных у вобласці прыпадала 14 394 памерлыя, а сумарны каэфіцыент нараджальнасці быў ніжэйшы за ўзровень простага ўзнаўлення. З таго часу паказчыкі толькі пагоршыліся.

Фота раённай газеты.