Заўтра праваслаўныя вернікі будуць адзначаць Свята Нараджэння Маці Божай

У адпаведнасці з вучэннем царквы, нараджэнне Найсвяцейшай Багародзіцы – маці Ісуса Хрыста – не было падзеяй выпадковай і звычайнай, паколькі ёй была адведзена важная роля ў ажыццяўленні боскага плана выратавання чалавецтва. Старажытная традыцыя хрысціянскай Царквы разглядае многія старазапаветныя прароцтвы і правобразы як указанне на нараджэнне Багародзіцы.

У Новым Запавеце змяшчаюцца вельмі бедныя звесткі аб зямным жыцці Прасвятой Багародзіцы, і, у прыватнасці, нічога не сказана пра нараджэнне і бацькоў Дзевы Марыі. Пра падзею, у гонар якой устаноўлена святкаванне, вядома з апакрыфічнага Протаевангелля Якава IІ-га стагоддзя нашай эры. 

Паводле апавядання, у набожнай сямейнай пары з Іерусаліма – Іаакіма і Ганны – доўгі час не было дзяцей. Калі Іаакім прыйшоў у храм прынесці Богу ахвяру, першасвятар яму адмовіў, бо ён «не стварыў нашчадкаў Ізраілю». Тады Іаакім у смутку выдаліўся ў пустыню для малітвы, а яго жонка засталася дома ў адзіноце і таксама малілася. У гэты час ім абодвум было бачанне анёла, які абвясціў, што «Гасподзь пачуў малітву тваю, ты зачнеш і народзіш, і пра нашчадства тваё будуць казаць ва ўсім свеце».

На выяве: Фрагмент абраза “Нараджэнне Маці Божай” Пятра Яўсяевіча. Магілёў, 1649 год.

Каталікі святкуюць Свята нараджэння Маці Божай

У Святым Пісанні нідзе не ўзгадваецца пра нараджэнне Марыі. Традыцыя, аднак, кажа, што яе бацькамі былі святыя Яўхім і Ганна. Яны былі пабожнымі габрэямі. Дажылі да сталага ўзросту, але ў іх не было дзяцей. У тыя часы гэта лічылася карай за грахі продкаў. Таму Яўхім і Ганна рупліва прасілі Бога, каб даў ім дзіця. Бог пачуў іх просьбы і ўзнагарадзіў за бязмежны давер – Ганна нарадзіла дачку, Марыю.

Месца і дата нараджэння Марыі невядомыя. Паводле розных крыніц, Марыя прыйшла на свет паміж 20 і 16 годам да нараджэння Езуса Хрыста. Першыя згадкі пра літургічны ўспамін нараджэння Марыі сягаюць у VI стагоддзе. Свята, праўдападобна, з’явілася ў Сірыі, дзе пасля Эфескага Сабору ў Касцёле пашырыўся марыйны культ. Лічыцца, што гэтае свята ўвёў св. папа Сергій І у 688 г. Дату 8 верасня Касцёл пераняў ад Усходу – піша афіцыйны сайт беларускага касцёла catholik.by.

Цікава, што самая знакамітая магілёўская ікона адлюстроўвае якраз сцэну нараджэння Маці Божай. Яе аўтар – Пётр Яўсеевіч з Галынца. Абраз быў напісаны ў 1649 годзе.

Фота з адкрытых крыніц