Каталікі святкуюць Свята нараджэння Маці Божай

У Святым Пісанні нідзе не ўзгадваецца пра нараджэнне Марыі. Традыцыя, аднак, кажа, што яе бацькамі былі святыя Яўхім і Ганна. Яны былі пабожнымі габрэямі. Дажылі да сталага ўзросту, але ў іх не было дзяцей. У тыя часы гэта лічылася карай за грахі продкаў. Таму Яўхім і Ганна рупліва прасілі Бога, каб даў ім дзіця. Бог пачуў іх просьбы і ўзнагарадзіў за бязмежны давер – Ганна нарадзіла дачку, Марыю.

Месца і дата нараджэння Марыі невядомыя. Паводле розных крыніц, Марыя прыйшла на свет паміж 20 і 16 годам да нараджэння Езуса Хрыста. Першыя згадкі пра літургічны ўспамін нараджэння Марыі сягаюць у VI стагоддзе. Свята, праўдападобна, з’явілася ў Сірыі, дзе пасля Эфескага Сабору ў Касцёле пашырыўся марыйны культ. Лічыцца, што гэтае свята ўвёў св. папа Сергій І у 688 г. Дату 8 верасня Касцёл пераняў ад Усходу – піша афіцыйны сайт беларускага касцёла catholik.by.

Цікава, што самая знакамітая магілёўская ікона адлюстроўвае якраз сцэну нараджэння Маці Божай. Яе аўтар – Пётр Яўсеевіч з Галынца. Абраз быў напісаны ў 1649 годзе.

Фота з адкрытых крыніц