Пацяплее да +17, хмарна і дажджы – надвор’е на наступны тыдзень

На новы рабочы тыдзень у Магілёўскай вобласці сіноптыкі прагназуюць у асноўным воблачнае, цёплае з дажджамі надвор’е. 

Напрыканцы другой дэкады красавіка будзе цёпла: удзень да +13  +17°С, уноч да +3  +5°С. 

Працягласць дня з панядзелка да пятніцы вырасце яшчэ на 17 хвілін і дасягне амаль 14 з паловай гадзін. Ужо ў канцы працоўнага тыдня сонца ўзыдзе а 5:46, зойдзе а 20:12. 

Сінаптычны прагноз на панядзелак, 17 красавіка – у ноч з нядзелі на панядзелак да +5°С, раніцай і ўвечары да +8 +10°С, у дзённыя гадзіны паветра прагрэецца да +13°С, месцамі да +15°С. На працягу сутак будзе воблачна.

У аўторак, 18 красавіка, надвор’е абяцае быць воблачным, месцамі з прясненнямі, але, галоўным чынам, без ападкаў. 

Будуць панаваць паўночна-усходнія і усходнія вятры хуткасцю 2-4 м/с, пры парывах да 5 м/с. Уноч да+5°С, раніцай каля +10°С, днём тэмпература падрасце  да 14°С, а месцамі і да +15°С. 

К вечару слупок тэрмометра усталюецца на рысцы не ніжэй за +9°С. Геамагнітнае поле спакойнае. Маладзік.

У сярэдзіне рабочага тыдня, 19 красавіка, прагназуецца пахмурнае надвор’е, з магчымымі праясненнямі ў сярэдзіне дня, магчымымі дажджамі ў другой палове. 

Начныя і ранішнія тэмпературы да +5°С, удзень і ўвечары да  +17°С. На працягу сутак прагназуецца прыток паветраных мас з  ўсходу, хуткасць вятроў да 5-6 м/с. Геамагнітнае поле спакойнае. Маладзік. 

У чацвер, 20 красавіка, сіноптыкі прагназуюць пахмурнае надвор’е, месцамі з праясненнямі ўдзень. Вецер паўночна-ўсходняга напрмку хуткасцю да 5-6 м/с. Ноччу і ўранні да +5°С, у абед і на працягу другой паловы дня тэмпература паветра складзе +16 +17°С. Маладзік. 

У апошні дзень працоўнага тыдня, 21 красавіка, па папярэдняму прагнозу будзем чакаць у асноўным воблачнае месцамі з праясненнямі ў другой палове дня і пераважна без ападкаў надвор’е з панаваннем паўночна ўсходніх вятроў хуткасцю 4-5 м/с. 

Уноч і ў ранішнія гадзіны да +3 °С, удзень і ўвечары да +15°С, месцамі да +15   +16°С. Маладзік.

 

Да +15°С, воблачна, з цёплымі дажджамі – надвор’е на наступны тыдзень

На новы рабочы тыдзень у Магілёўскай вобласці сіноптыкі прагназуюць у асноўным воблачнае з праясненнямі цёплае з дажджамі надвор’е.

На пачатку другой дэкады красавіка будзе цёпла: удзень да +8 +15°С, уноч да +5 +7°С. 

Працягласць дня з панядзелка да пятніцы вырасце яшчэ на 17 хвілін і дасягне амаль 14 гадзін. Ужо ў канцы працоўнага тыдня сонца ўзыдзе а 6:02, зойдзе а 19:59. 

Сінаптычны прагноз на панядзелак, 10 красавіка. У ноч з нядзелі на панядзелак +3  +5°С, месцамі да +6°С, раніцай і ўвечары да +9 +10°С, у дзённыя гадзіны паветра прагрэецца да +15°С, месцамі да +17°С. На працягу сутак будзе пахмурна, месцамі з праясненнямі неба. У другой палове дня прагназуецца дождж. Вятры з рання да вечара будуць мяняць свой напрамак з паўночна ўсходняга на усходні і на паўднёва ўсходні, хуткасць да 2-3 м/с, пры парывах да 4-5 м/с. Геамагнітнае поле неустойлівае. Убываючы месяц.

У аўторак, 11 красавіка, надвор’е абяцае быць пахмурным з прясненнямі, але, галоўным чынам, без ападкаў. Будуць панаваць паўднёва ўсходнія і паўднёвыя вятры хуткасцю 2-4 м/с, пры парывах да 5-6 м/с. Уноч да+5°С, раніцай каля +8  +9°С, днём тэмпература падрасце  да 14°С, а месцамі і да +16°С. К вечару слупок тэрмометра усталюецца на рысцы не ніжэй за +10°С.

У сярэдзіне рабочага тыдня, 12 красавіка, прагназуецца пахмурнае надвор’е, пераважна  з дажджамі. Начныя і ранішнія тэмпературы да +6°С, удзень і ўвечары да  +8°С. На працягу сутак прагназуецца прыток паветраных мас з  ўсходу, хуткасць вятроў да 3-4 м/с.

У чацвер (у праваслаўных вернікаў – “чысты”), 13 красавіка, сіноптыкі прагназуюць пахмурнае надвор’е з дажджом, месцамі з праясненнем у другой палове дня. Вецер памяняе свой напрамак на паўночна-заходні. Хуткасць ветра да 2-4 м/с. Ноччу і ўранні да +7°С, на працягу другой паловы дня тэмпература паветра складзе +14  +15°С. Убываючы месяц.

У апошні дзень працоўнага тыдня, 14 красавіка, па папярэдняму прагнозу будзем чакаць у асноўным воблачнае з праясненнямі надвор’е з панаваннем паўднёвых вятроў хуткасцю 2-3 м/с. Уноч і ў ранішнія гадзіны да +6 °С, удзень і ўвечары да +15°С, месцамі да +16  +17°С. Убываючы месяц.

Фота з адкрытых крыніц

Цяпла не чакайце – снег, дажджы. Надвор’е на наступны тыдзень.

На новы рабочы тыдзень у Магілёўскай вобласці сіноптыкі прагназуюць у асноўным пахмурнае, прахалоднае з дажджамі і снегам надвор’е. Да сканчэння Песаха (5-13 красавіка), да каталіцкага Вялікадня (9 красавіка) цяпла не прагназуецца.

У першы рабочы тыдзень красавіка цяплыні не будзе. Працягласць дня з панядзелка да пятніцы вырасце яшчэ на 17 хвілін і дасягне 13 гадзін 25 хвілін. Ужо ў канцы працоўнага тыдня сонца ўзыдзе ў 6:18, зойдзе ў 19:43.

Сінаптычны прагноз на панядзелак, 3 красавіка. У ноч з нядзелі на панядзелак -1 0°С, месцамі да -3°С, раніцай каля 0°С. У дзённыя гадзіны паветра прагрэецца да +2°С, месцамі да +4°С. На працягу сутак будзе пахмурна, снег з дажджом, дождж. Вятры паўночнага напрамку хуткасцю да 5 м/с, пры парывах да 10-13 м/с. Месцамі на дарогах галаледзіца.

У аўторак, 4 красавіка, надвор’е абяцае быць пахмурным, дождж са снегам, месцамі снег. Будуць панаваць паўночна-заходнія вятры хуткасцю 3-6 м/с, пры парывах да 9  м/с. Месцамі на дарогах галаледзіца. Уноч ад -2 да -4°С, днём тэмпература +2  +4°С. Да ночы слупок тэрмометра усталюецца на рысцы бліжэй да 0°С.

У сярэдзіне рабочага тыдня, 5 красавіка, прагназуецца воблачнае надвор’е, месцамі з праясненнямі, месцамі  з дажджом, мокрым снегам. Уранні каля 0°С, удзень да +4°С. Месцамі на дарогах галаледзіца. На працягу сутак прагназуецца прыток халодных паветраных мас з поўначы, хуткасць вятроў да 4 м/с.

У чацвер, 6 красавіка, сіноптыкі прагназуюць пахмурнае надвор’е з дажджом. Вецер памяняе свой напрамак на паўднёва-заходні. Хуткасць ветра да 4 м/с. Ноччу ад +1 да +3°С, на працягу дня тэмпература паветра складзе +3 +4°С. Поўня на небе.

У апошні дзень працоўнага тыдня, 7 красавіка, па папярэдняму прагнозу будзем чакаць у асноўным пахмурнае з дажджамі, месцамі дажджамі са снегам, надвор’е з панаваннем паўднёва-заходніх вятроў хуткасцю 3-5 м/с. Уноч ад 0 да +2 °С, раніцай да +2°С, днём да +7°С, месцамі да +8 °С, увечары каля +5°С. Поўня на небе.

Цыклоны нясуць пахаладанне, снег з дажджамі і вятры – надвор’е на тыдзень

На новы рабочы тыдзень у Магілёўскай вобласці сіноптыкі прагназуюць у асноўным пахмурнае, прахалоднае, з дажджамі і снегам надвор’е, якое прынясуць цыклоны Ёханэс і Хільмар з Еўропы. 

Да канца месяца цяпла чакаць не варта. Снегавое покрыва, якое амаль ужо растаяла, можа зноў пачаць фарміравацца. У аўторак узмацніцца вецер хуткасцю да 20 м/с.

У апошні тыдзень сакавіка цяплыні да +18  +20°С як у 2014 годзе і марозаў да -15  -17°С, як у 1958 годзе не прагназуецца. Працягласць дня з панядзелка да пятніцы вырасце на 17 хвілін і дасягне 12 гадзін 57 хвілін. Ужо ў канцы працоўнага тыдня сонца ўзыдзе ў 6:36, зойдзе ў 19:33.

Сінаптычны прагноз на панядзелак, 27 сакавіка. У ноч з нядзелі на панядзелак ападкаў па вобласці не чакаецца, хаця ўжо днём месцамі пройдуць кароткачасовыя дажджы. Раніцай ад -1 да +4°С, у дзённыя гадзіны паветра прагрэецца да +2 +9°С, месцамі да +10 +15°С. На працягу сутак будзе пахмурна, месцамі ў першай палове дня з праясненнямі неба. Вятры паўднёвага напрамку хуткасцю да 5-10 м/с, пры парывах да 14 м/с. 

У аўторак 28 сакавіка надвор’е абяцае быць пахмурным, чакаецца дождж, месцамі дождж са снегам і снег. Будуць панаваць паўночна-заходнія вятры хуткасцю 15-20 м/с. Месцамі на дарогах галаледзіца. Уноч ад -1 да +4 °С, днём тэмпература +4  +9°С. Да ночы тэмпературы дасягнуць адмоўных значэнняў, месцамі да -4 °С.

У сярэдзіне рабочага тыдня, 29 сакавіка, прагназуецца воблачнае надвор’е з дажджом, мокрым снегам. Уранні ад -2 -4 да  0°С, удзень ад 0° +1°С да +4°С. Месцамі на дарогах галаледзіца. На працягу сутак прагназуецца прыток паветраных мас з захаду і паўночнага захаду, хуткасць вятроў да 9 м/с.

У чацвер, 30 сакавіка, сіноптыкі прагназуюць пахмурнае надвор’е з дажджом і снегам. Вецер памяняе свій напрамак на паўднёвы. Хуткасць ветра да 7 м/с. Ноччу да -5°С, зрання каля 0 -3 °С, удзень да +3 +4°С, да ночы тэмпература панізіцца да 0°С. На дарогах галаледзіца.

У апошні дзень працоўнага тыдня, 31 сакавіка, па папярэдняму прагнозу будзем чакаць у асноўным пахмурнае з невялікімі дажджамі, але ўжо бяз снегу, на працягу дня надвор’е, з панаваннем заходніх вятроў хуткасцю 3-4 м/с. Раніцай да +1°С, днём да +5°С, увечары каля +5 °С, да ночы тэмпература можа панізіцца да +2 +3°С. 

Цягам усяго тыдня – прыбываючы месяц на небе.

Наступае вясна – надвор’е на тыдзень

На новы рабочы тыдзень у Магілёўскай вобласці сіноптыкі прагназуюць у асноўным пахмурнае з невялікімі дажджамі надвор’е, з тёплымі начамі да +4 +8°С і дзённымі тэмпературамі да +11 °С.

Цяплыні да +18 +20°С як у 1990 годзе і марозаў да -20 -24 °С, як у 1963 годзе не прагназуецца. 

Працягласць дня з панядзелка да пятніцы вырасце на 18 хвілін і дасягне 12 гадзін 25 хвілін, што паспрыяе прыходу большай колькасці сонечнай радыяцыі і праграванню глебы, а ад яе – паветра. Ужо ў канцы працоўнага тыдня сонца ўзыдзе ў 6:42, зойдзе ў 19:17.

Сінаптычны прагноз на панядзелак, 20 сакавіка. У ноч з нядзелі на панядзелак ападкаў па вобласці не чакаецца, хаця ўжо днём месцамі на захадзе краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. Тэрыторыі вобласці вільготныя паветраныя масы дасягнуць толькі ў сераду. Раніцай ад +1 да +6°С, у дзённыя гадзіны паветра прагрэецца да +8 +11°С, увечары будзе каля +7 +9°С, цёпла будзе і ўноч +4 +7°С. На працягу сутак будзе пахмурна. Вятры паўднёвага напрамку хуткасцю да 2-3 м/с. Убываючы месяц. Магнітнае поле спакойнае.

У аўторак, 21 сакавіка, у Дзень раўнадзенства, надвор’е абяцае быць пахмурным, без ападкаў з панаваннем заходніх вятроў хуткасцю 2-3 м/с, месцамі да 5 м/с. Раніцай тэмпература +4 +8°С, днём ад +7 да +9°С, увечар +7 +8°С, захаваецца цёплае надвор’е і ўноч +4 +6°С. Маладзік на небе. Магнітнае поле спакойнае.

У сярэдзіне рабочага тыдня, 22 сакавіка, прагназуецца воблачнае надвор’е з невялікім дажджом у другой палове дня. Уранні  +4°С, удзень да +7  +9°С, уноч да +8°С. На працягу сутак прагназуецца прыток паветраных мас з паўднёвага захаду і поўдня. Хуткасць вятроў да 6–8 м/с. Маладзік на небе. Магнітнае поле спакойнае. 

У чацвер, 23 сакавіка, на Сусветны метэаралагічны дзень і Дзень працаўнікоў гідраметэаралагічнай службы Беларусі, сіноптыкі спадзяюцца, што надвор’е не прынясе сюрпрызаў. Вецер захавае свой паўднёва-заходні накірунак. Хуткасць ветра падрасце да 3-6 м/с. Прагназуецца пахмурнае даждлівае цёплае надвор’е. З рання да +8 +9°С, удзень  да +10 +11°С, да ночы тэмпература панізіцца да камфортных +6 +7°С. Снегавое покрыва амаль ўжо дэградаванае і снег застаецца ў паніжэннях рэльефа, у лясных гушчарах. Прыбываючы месяц на небе.

У апошні дзень працоўнага тыдня, 24 сакавіка, па папярэдняму прагнозу будзем чакаць у асноўным пахмурнае з невялікімі дажджамі на працягу дня надвор’е, з панаваннем цёплых паўднёва-заходніх вятроў хуткасцю 3-6 м/с. Раніцай +5 +6°С, днём да +7 +11°С, да ночы тэмпература панізіцца да  +5 +6°С. Прыбываючы месяц на небе.

Фота mogilev.media

Сакавік – месяц святла, і няўстойлівага надвор’я, здольны прыпаднесці сюрпрызы

Сакавік – першы каляндарны вясновы месяц. Але феналагічная вясна пачынаецца ў Магілёўскай вобласці толькі ў апошняй дэкадзе месяца.  

За пачатак вясны бярэцца дзень, калі зацвітае арэшнік. Па сярэдніх дадзеных назіранняў, гэта адбывецца ў Бабруйску 25 сакавіка, у Магілёве 27 сакавіка, у Горках 31 сакавіка. У Магілёве раз на 20 гадоў дата пачатку вясны прыпадае на 10 сакавіка, адзін раз на 20 гадоў – пазней за 10 красавіка. 

Вясна на тэрыторыі Магілёўскай вобласці, па сутнасці, укладваецца ў адзін месяц – красавік, бо па сярэдніх датах “укладваецца” у Бабруйску да 1 мая, у Магілёве – да 2 мая, у Горках – да 5 мая. 

Сакавік  – месяц святла. 

21 сакавіка ў дзень роўнадзенства дзень роўны 12 гадзінам, у канцы месяца амаль 13 гадзін, гэта азначае, што ў параўнанні з лютым ён прырасце на 2 гадзіны. Сонца падымаецца над гарызонтам на 36° (22 снежня ў Магілёве і на яго шырыні – 12,5°), сонечная радыяцыя павялічваецца ўдвая ў параўнанні з лютым, рэзка падымаецца тэмпература паветра – на 4°С. Аднак у межах Магілёўскай вобласці яна застаецца на адмоўным узроўні.

Сярэдняя тэмпература сакавіка ў Бабруйску   -1,6°С, у Горках  -3,3°С. Але анамальныя амплітуды тэмператур сакавіка вельмі значныя – да 55°С. Так, у Магілёве на пачатку сакавіка 1964 года тэрмометр паказваў  -35°С, а ў 1913 годзе  +19,8°С.

У сакавіку выпадае каля 40 мм ападкаў. Розніца паміж рознымі часткамі Магілёўскай вобласці па ападках неістотная, а па гадах значная: у 1950 годзе сакавіцкія ападкі ў Бабруйску склалі 2 мм, а у 1912 годзе ў Магілёве выпала 110 мм.

Як правіла, снегавое покрыва дэградуе  ў сярэднім 14 сакавіка на паўднёвым захадзе, 23 – на паўночным усходзе вобласці, у Магілёве – 22 сакавіка. Адхіленні ад сярэдніх паказчыкаў налічваюць тыдні.

Адносная вільготнасць паветра памяншаецца да 80%, узрастае доля яснага неба – да 26% дзён, скарачаецца колькасць пахмурнага – да 14%. Звычайна 3–6 дзён з туманамі, 2 дні з галалёдам, 2 – з крышталічнай намараззю.

Часцей за ўсё на рэках пачынаецца крыгалом, у асобныя гады назіраецца разводдзе. Скарачаецца глыбіня прамярзання глебы. Гатовы да абуджэння дрэвы, першацветы.

З зімовых кватэр накіроўваюцца ў месцы гняздоўяў амялушкі, снегіры, чачоткі. Ажываюць гракоўнікі.

Пачынаецца новы сезон у дачнікаў. Сакавік – самы адказны перыяд для садавода – час абразання, а ў раннія дні вясны і прышчэплівання дрэў. Прышчэпліванне трэба рабіць да набухання пупышак.

Папярэдні прагноз надвор’я на сакавік 2023.

Паводле папярэдніх мадэляў, сакавік у гэтым 2023 годзе будзе дастаткова суровы. Ён пацвердзіць статус вельмі няўстойлівага месяца з традыцыйнымі вяртаннямі халадоў, узмацненнем маразоў, арктычнымі ўварваннямі і зарадамі снегу, але сярэднямесячная тэмпература ўсё ж чакаецца вышэй за норму на 2-4°С.

Пры ўсім гэтым нагадваем, што да доўгатэрміновых прагнозаў трэба ставіцца філасофскі: дакладнасць вагаецца ў межах 60-70%.

Прагноз на люты – невялікія маразы, нязначныя ападкі, тэмпературы ад 0 да -6º

Папярэдні доўгатэрміновы прагноз надвор’я.

Шматлікія мадэлі надвор’я на люты сведчаць пра тое, што месяц будзе з марозным надвор’ем, у сярэднім ад 0 да -6ºС, у асобныя дні ад -3 да +2 ºС, самыя мінімальныя начныя тэмпературы могуць дасягнуць адзнакі -9 -12 ºС. Большая частка дзён месяца будуць пахмурнымі, з невялікімі ападкамі. 

Люты – апошні месяц зімы. У народзе яго называюць па-рознаму, часцей «люцень», паколькі бываюць яшчэ ў гэты час лютыя маразы. А яшчэ “Люты – ілгун: адзін бок грэе, другі студзіць”. Існуе прымаўка: “Люты – месяц люты, пытаецца: як абуты?”.

У гэтым апошнім каляндарным зімовым месяцы хутчэй расце паўдзённая вышыня сонца, падаўжаецца дзень, з ім расце і сонечная радыяцыя, тэмпература паветра. Але месяц застаецца пахмурным. У сярэднім сонца закрыта аблокамі 16 дзён, бывае і 23. Ясных дзён мінімум 2, максімум – 7.

Сярэдняя тэмпература лютага на 0,7ºС вышэйшая за студзеньскую і складае ў Магілёве -6,9ºС, у Бабруйску -6,8º. Самая нізкая тэмпература лютага на Магілёўшчыне ў Горках -7,8ºС. 

Адзін раз на 33 гады сярэдняя тэмпература лютага ніжэй за -15ºС. У лютым 1940 года адзначаны абсалютны мінімум сярэднемесячных тэмператур у вобласці  -19ºС. 

Пад уплывам Атлантыкі і патокаў міжземнаморскіх паветраных мас з Балкан часта фарміруецца цёплае лютаўскае надвор’е.

Так, у 1990 годзе сярэдняя тэмпература лютага склала +1,7 ºС, што было на 8,6 º вышэй за норму. У гэтым жа годзе быў адзначаны і самы высокі абсалютны максімум лютаўскіх тэмператур: у Магілёве +12,9º, Бабруйску +14,9º. 

Амплітуда крайніх тэмператур складае амаль 52ºС, сярэдніх 21º – усё гэта вынік “свавольства” цыркуляцыйных працэсаў.

Паўднёвыя сцены дамоў, схілы дахаў добра праграваюцца і нават у марознае надвоор’е назіраецца капёж. Нездарма месяц называюць “бакагрэй”, “бакі грэй”, бо сонейка пачынае прыпякаць.

У лютым выпадае невялікая колькасць ападкаў – 32-35 мм, але характэрна іх вялікая зменлівасць. У 1890 годзе у Магілёве выпала толькі 1 мм, а у 1926 годзе – 81 мм.

У лютым пераважаюць вятры паўднёвых напрамкаў, у сярэднем хуткасцю 4,1 м/с. У гэтым месяцы да паловы дзён могуць быць з мяцеліцамі.

Прыкметы аб надвор’і ў лютым.

У пачатку лютага цёпла, растае снег – да добрага ўраджаю.

Калі люты халодны – да спрыяльнага лета.

Люты халодны і сухі – жнівень гарачы.

Люты цёплы – да халоднай вясны.

Яркія зоркі ў лютым – да марозу, цьмяныя – да адлігі.

Калі люты выдасца дажджлівым, то такімі ж можна чакаць вясну і лета.

Пагодлівы люты прадвесціць засуху летам.

Моцныя маразы – да кароткай зімы.

У канцы лютага шмат доўгіх ледзяшоў – да доўгай вясны.

Чым халадней апошні тыдзень лютага, тым цяплей будзе ў сакавіку.

Гром у лютым – да моцных вятроў.

Студзень 2023 года ў Магілёўскай вобласці – доўгатэрміновы прагноз, народныя прыкметы

У старабеларускай мове месяц назваўся стычень (як і ў польскай –  Styczeń) пры гэтым славянская назва выкарыстоўвалася побач з лацінскай формай генвар. У выданнях Ф. Скарыны даецца народная назва студзеня – стычень, таксама яна ўпамінаецца ў «Храналогіі» Андрэя Рымшы (1581). 

Слова студень выкарыстоўвалася ў старабеларускіх тэкстах у значэнні «холад».

Назва, ужываная ў сучаснай беларускай літаратурнай мове, узнікла ў асяроддзі газеты «Наша ніва» і набыла больш-менш канчатковую форму ў 1912 годзе, калі ў календары «Нашай нівы» былі пададзены прапанаваныя назвы месяцаў з тлумачэннямі. 

Паслядоўна ў «Нашай ніве» ўжываліся такія варыянты назвы: у 1907 – январ (стычань), у 1908 – стычань, у 1909 – январ, у 1910-1912 – студзень (январ); далей – студзень бо дужа сцюдзёна»).

Іахім фон Зандрарт, Студзень, 1642.

“Студзень – году пачатак, зіме сярэдзіна”.

За гэты месяц паўдзённая вышыня сонца павышаецца на 8º (на 22 студзеня), амаль на 1,5 гадзіны павялічваеца дзень, але гэта недастаткова, каб паўплываць на тэмпературу паветра ў бок яе павышэння, – піша П. Лярскі ў кнізе “Прырода Магілёўскай вобласці” (2005).

У студзені сярэдняя шматгадовая тэмпература паветра ніжэйшая за снежаньскую толькі на 1ºС, у межах вобласці вагаецца ад -8,3º у Горках да -6,8ºС у Бабруйску. У Магілёве яна складае -7,6ºС.

Самая халодная трэцяя дэкада студзеня – на 1ºС ніжэй за пачатак месяца. Адзін раз на 4 гады сярэдняя тэмпература паветра ў студзені ніжэйшай за -10º, адзін раз на 20 гадоў -13ºС і ніжэй.

Студзень 1987 года стаў самым халодным за ўсю гісторыю метэаназіранняў з паказчыкам – 17,1ºС (у 1950 годзе -15ºС). А рэкорд цяпла пабіў студзень 1989 года, -0,6º (да гэтага быў рэкорд 1925 года  -0,9ºС).

Глыбокія і доўгія адлігі пад уплывам марскога умеранага паветра, калі тэрмометр паказвае +3 +5ºС у студзені на тэрыторыі Магілёўшчыны не такія ўжо і рэдкія. 11 студзеня 2005 года у Магілёве фіксаваўся рэкорд +9,8º С.

У студзені нас турбуе і Арктыка. Арктычныя паветраныя масы часта прыносяць “калядныя маразы” – у канцв другой, пачатку трэцяй дэкады. 

17 студзеня 1940 года быў пастаўлены рэкорд абсалютнай мінімальнай тэмпературы ў Магілёве -37,3º. Былі пастаўлены рэкорды і ў іншых месцах: Горкі -39,5ºС, Касцюковічы -38,1ºС, Бабруйск і Прапойск (з 1945 года – Слаўгарад) -37,4ºС, Клічаў -37,0ºС. 

А вось на тэрыторыі Жорнаўскай лясной доследнай станцыі ў Асіповіцкім раёне слупок тэрмометра ўвогуле ўпаў да адзнакі -41ºС – самая нізкая з калі-небудзь адзначаных у Магілёўскай вобласці. Ад такіх марозаў поўнасцю загінулі граб і арэшнік.

У студзені менш за ўсё адліг.  Дзён без адліг у Бабруйску – 21, Горках – 24.

За месяц у сярэднім выпадае ападкаў 40-45 мм. У 1915 годзе ў Магілёве выпала іх рэкордная колькасць – 103 мм, а ў 1947 годзе толькі толькі 3 мм. Амаль рэкордным па ападках стаў і 2004 год – 99,7 мм.

Сярэдняя вышыня снегавога порыва на канец месяца складае 25-30 см, а вось снежны 2004 год даў у студзені вышыню – 60 см.

Пры вялікіх марозах у Магілёве глеба прамярзае да 130 см пры адсутнасці значнага покрыва снега.

Доўгатэрміновы прагноз на студзень 2023 года (можа спраўдзіцца на 30%) такі: 

Пасля адлігі на пачатку года, яшчэ магчыма адліга ў сярэдзіне месяца. У асноўным прагназуюцца тэмпературы паветра ўдзень ад -2 да -10ºС, уночы ад -5 да -13ºС, у самую халодную дэкаду студзеня начныя тэмпературы могуць скласці -10 -17ºС. Прагназуецца 2 дні ясных, 12 перменна ясных, 17 з воблачнасцю. 18 дзён будзе без ападкаў, 13 – з ападкамі, у тым ліку 4 – снег з дажджом.

Народныя прыкметы

Калі ў студзені дажджы – дабра не жджы.

Як студзень цёплы на лік, дык завідны сакавік.

Студзень пагодны – будзе год плодны.

Калі студзень добра марозіць, селянін лучынку паліць і дровы з лесу возіць.

Калі студзень імглісты – мокры год, калі халодны – позняя вясна і халоднае лета.

Студзень мяце – ліпень залье.

Снежань прагназуецца мяккім, снежным, пахмурным. Сюрпрызаў не чакаецца

Снежань – першы месяц календарнай зімы і апошні месяц года.

Папярэдні прагноз надвор’я на снежань такі.

Ясныя дні найбольш верагодныя 1, 7, 8, 9, 12 снежня, пераменна ясныя  2, 3, 13, 15, 24, 26, 27 снежня, астатнія 19 дзён – пахмурныя, што укладваецца ў сярэднія паказчыкі месяца

Снежань вуха марозам ірве. 

Зрэдку ў снежні 2022 года начныя тэмпературы апусцяцца да  -9  -10°С, месцамі да -14 -16°С і  гэта верагодна адбудзецца ноччу 2-га, з 5 па 8 снежня. У астатнія дні, галоўным чынам, тэмпературы ў ноч будуць не ніжэй за -5°С, у асобных раёнах вобласці да -7° С.

Дзённыя тэмпературы  ў -4 -8°С чакаюцца з 1 па 8 снежня, у межах -1  -3°С з 14 да 31 снежня, у асобных месцах да 0°С.

Дні з адлігамі прагназуюцца 9-13 снежня і 26-27 снежня. У гэтыя дні чакаюцца мокры снег, снег з дажджом.

11 снежня магчымы ледзяны дождж.

назва месяца снежань у Еўропе, officelife.media

Снежань – месяц самых кароткіх дзён. 22 снежня светлы час сутак у Магілёве працягваеца толькі  7 гадзін 24 хвіліны. 

Снжань яшчэ і самы цёмны, пахмурны месяц – у сярэднім 22 дні без сонца і толькі 3 ясныя. А вось у 1966 годзе ў снежні былі ўсе дні пахмурнымі, а ў 1963 – толькі 12 пахмурных і 19 ясных.

У Магілёве сярэдняя, за шматгадовы перыяд назіранняў, тэмпература снежня -4,9°С, у Бабруйску – 4,2°С. Самая высокая сярэдняя тэмпература снежня адзначана ў Магілёве ў 1960 годзе, калі склала +1,6°С, а мінімальная -12,9°С у 1890 годзе.

Абсалютная максімальная тэмпература снежня ў Магілёве дасягала +10,4° у 1903 годзе, а мінімальная – 33,1° у 1959.

Снежань вочы снегам цешыць. Сярэдняя шматгадовая колькасць ападкаў у Магілёве каля 50 мм максімальная – 112 мм (1935 год), мінімальная – 6 мм (1946 год).

Паўсюдна ўсталёўваецца ўстойлівае снегавое покрыва – у Магілёве 7 снежня, у Бабруйску – 16.

Літаратурныя крыніцы фіксуюць кароткія характэрыстыкі зім Магілёўшчыны ХІХ стагоддзя. 

Зіма 1821/1822 года на Магілёшчыне стаяла на рэдкасць мяккая, з частымі адлігамі.

А незвычайна суровай была зіма 1833/1834 года.

Яшчэ больш халоднай была зіма 1839/1840 гадоў, калі ў некаторых мястэчках загінула да трэці жывёлы.

Зіма 1850/1851 была няўстойлівая. Маразы змяняліся адлігамі.

Незвычайна мяккай і шматснежнай на Магілёўшчыне была зіма 1852/1853 года. Але прыйшла халодная і дажджлівая вясна. Загінулі азімыя. У вёсках губерні “немагчыма было адшукаць кавалка хлеба”.

Зіма 1859/1860 была надзвычай марознай. Халады суправаджаліся моцнымі бурамі і снегападамі, якія прычынілі вялікія бедствы.

Надзвычай суровай была зіма 1870/1871. Са снежня па люты стаялі лютыя маразы. Ад маразоў загінула каля 120 чалавек.

Зіма 1883/1884 была даволі цёплай

Зіма 1890/1891 у Магілёўскай губерні была адзначана як шматснежная і вельмі марозная. Халады аказаліся небывала ўстойлівымі. Такіх працяглых халадоў, як адзначаюць афіцыйныя дакументы, не было з 1813 г. Ураджай азімых поўнасцю загінуў.

Да студзеня 1897 года паўсюдна выпалі моцныя снягі, якія суправаджаліся моцнымі снежнымі бурамі.

У снежні 1899 года здарылася “велізарная тэрмічная анамалія” – небывалыя халады ахапілі тэрыторыю губерні.