У магілёўскім парку, які заклалі ўлады, паміраюць апошнія старыя вязы (фота)

Дрэвы не вытрымалі апантанага ўпарадкавання тутэйшай мясціны Падміколля, зацеянага гарадскімі ўладамі. Па заяве Лукашэнкі, што Магілёву «не хапае лоску» гарвыканкам узяўся ствараць тут парк. Старыя дрэвы спачатку пілавалі, а тыя, што засталіся – сталі засыхаць. Нядаўна пад адным з дрэваў паставілі таблічку з надпісам «Дрэва падзякі» і абвязалі яго стужкамі.

Лукашэнка сваю незадаволенасць неўпарадкаванасцю гораду выказаў у 2016 годзе. Ад таго часу ў Падміколлі і трываюць працы. Тут узвялі пампезную лесвіцу, а днямі на глядзельнай пляцоўцы пры ёй паставілі помнік праваслаўнаму святару Георгію Каніскаму, супярэчлівай асобай беларускай гісторыі.

«Добраўпарадкаванне» Падміколля прывяло да аслаблення тутэйшых вязаў. Будаўнікі пракладалі ходнікі падсякаючы іх каранёвую сістэму, што прывяло да засыхання дрэваў.

У 2017 годзе заяўлялася, што ў выніку «упарадкавання» 40 працэнтаў тутэйшых вязаў пазасыхала. А перспектывы для выжывання астатніх былі сумнымі.

«Тут было ўнікальнае насаджэнне вязаў на плошчы 3 гектары. Нідзе ў Беларусі, акрамя як на Падмікольлі, не было такога памеру чыста вязавых насаджэнняў. І мы змаглі іх пахаваць» – казала адна з абаронцаў мясціны чыноўніку гарвыканкаму, які наведаўся на Падмікольле пасля зваротаў неабыякавых жыхароў абласнога цэнтру.

Замест старых дрэваў высаджваюцца алеі саджанцаў, якія не хутка стануць дрэвамі.

Краязнаўцы, пабачыўшы, што дзеецца ў Падмікольлі, зрабілі высновы аб адсутнасці канцэптуальнага бачання ў чыноўнікаў, якім мусіць быць парк. Паводле іх, працы пачаліся без узгаднення з Міністэрствам культуры, у той час як мясціна мае ахоўны статус, уваходзячы ў межы гістарычнага цэнтру гораду.

Незважаючы на гэта, Падміколле ўпарадкоўвалі экскаватарамі, якімі метадычна знішчалі ня толькі дрэвы, але падмуркі старой забудовы. Як сцвярджаюць рупліўцы магілёўскай даўніны, на Падмікольлі здаўна сялілася гарадская знаць. Тут выяўлена вялікая канцэнтрацыя сядзібных дамоў 18–19 стагоддзя. Яны захаваліся на ўзроўні цокальнага паверху ці падмурку. Усе яны сталі ахвярамі «упарадкавання».