Анекдот пра магілёўскі народны кантроль

Нядаўняя навіна пра працу народнага кантролю ў Магілёўскай вобласці, напісаная ў жанры “справаздачы пра добрую працу”, вельмі папулярным у асяроддзі лукашэнкаўскіх прапагандыстаў, б’е ўсе рэкорды анекдатычнасці.

Бюракратычны камарыны молат

Гаворка ідзе пра пасяджэнне каардынацыйнага савета па працоўных і сацыяльных пытаннях, якое прайшло ў абласным аб’яднанні прафсаюзаў.

Гучны зачын: «народны кантроль», «каардынацыйны савет», «інструмент, які штотыдзень даказвае сваю эфектыўнасць».

Усё гэта гучыць як даніна структуры, што займаецца сур’ёзнымі грамадскімі праблемамі. А далей высвятляецца, што за паўгода працы паступіла 11 зваротаў. Адзінаццаць. На вобласць з мільёнам жыхароў. Гэта менш за два звароты на месяц. То-бок «інстытут народнага кантролю» — гэта, па сутнасці, дзяжурны, які раз на два тыдні здымае тэлефонную трубку.

А змест зваротаў? «Адсутнасць жытняга хлеба на паліцы, халадзільныя камеры без накрывак, несанкцыянаваны вулічны гандаль». Гэта абсалютна побытавыя пытанні раённага ўзроўню, якія паводле нармальнай логікі павінны вырашацца праз кнігу скаргаў або званок дырэктару крамы.

А ў Магілёве ж пад іх збіраюць калегіяльнае пасяджэнне, выязджаюць з інспекцыяй, праводзяць «перамовы і сумесныя маніторынгі з прадстаўнікамі ўлады».

Далей – яшчэ весялей.

Гісторыя пра дзіцячае харчаванне

Гэтую казку на пасяджэнні падалі як прыклад узорнай працы сістэмы.

такім чынам:

  • жыхарка паскардзілася, што ў краме няма дзіцячага харчавання мясцовага вытворцы;
  • прафсаюз разам з дзвюма інстанцыямі выканкама выехаў у краму разбірацца;
  • загадчыца патлумачыла: завозілі, не куплялі, сапсавалася;
  • пакупніцы прапанавалі альтэрнатыву.

Атрымліваецца, што чалавек хацеў купіць канкрэтны тавар, прадукта няма, бо ніхто, у тым ліку і сама заяўніца, яго раней не браў.

А выснову з гэтай гісторыі «народны» кантроль фармулюе як перамогу: «мы аргументавана даказваем, што пакупнік павінен мець выбар».

І гэта пры тым, што крама ўжо паспрабавала даць выбар, і гэты выбар не спрацаваў — тавар згніў на паліцы.

Бабуліны мудрасці

Вынік працы цэлага каардынацыйнага савета падвялі бабулінай мудрасцю двухсотгадовай даўніны: «гандлёвыя аб’екты, як правіла, ідуць насустрач, бо разумеюць: задаволены пакупнік — гэта іх выгода».

Насамрэч жа ўся выгода ў тым, каб праядаць бюджэт, не робячы нічога карыснага.

А чаго, уласна, чакаць ад натоўпу гаваруноў, якія займаюцца імітацыяй бурнай дзейнасці? Прычым настолькі бяздарна, што любому нармальнаму чалавеку становіцца ясна: найлепшым вынікам пасяджэння “кантралёраў” была б рэзалюцыя аб спыненні іх дзейнасці як заведама бессэнсоўнай.

Фота “Магілёўскія ведамасці”.