Муж і жонка 1953 і 1954 гадоў нараджэння сталі ахвярамі пажару ў вёсцы Красуліна Горацкага раёна – паведамляе прэс-служба МНС. Пажар адбыўся раніцай 29 кастрычніка. Целы двух пенсіянера былі знойдзеныя ў доме. Агонь знішчыў сцены перакрыцця і дах прыватнага драўлянага дома. Прычына пажару высвятляецца.
Вечарам 10 кастрычніка ў экстрэнную выратавальную службу звярнулася жанчына і паведаміла, што яе муж 1958 года нараджэння згубіўся ў лесе пад Бабруйскам. Ён накіроўваўся на лецішча ў вёсцы Палянкі і пайшоў пасля аўтобуса лясной дарогай. У нейкі момант па шляху ён згубіў прытомнасць.
Ачуняўшы, мужчына патэлефанаваў сваёй жонцы, але не змог зарыентавацца, дзе ён знаходзіцца. Сітуацыя ўскладнялася наступленнем цемры і тым, што мужчына дрэнна чуў, што яму гавораць па тэлефоне.
Праз паўтары гадзіны пошукаў, каля 22.30 ратавальнікі знайшлі ў лесе спачатку сумку пенсіянера, а потым, праз некалькі кіламетраў, і яго самога. Медыцынская дапамога яму не спатрэбілася – паведамляе прэс-служба МНС.
Шквальны вецер за 7 і 8 кастрычніка пашкодзіў дахі на 17 будынках па Магілёўшчыне. 66 разоў ратавальнікам прыйшлося выяжджаць на ўборку паваленых дрэваў – паведамляе прэс-служба МНС.
Паваленымі дрэвамі былі пашкоджаны два жылыя дамы ў Магілёве і ў Круглянскім раёне, таксама пашкоджаны 3 легкавыя аўтамабілі ў Магілёве, Бабруйску і ў Шклове. Пацярпелых няма. Парушалася электразабеспячэнне 128 населеных пунктаў і 292 трансфарматарных падстанцый.
Вечарам 7 кастрычніка парывы моцнага ветру на Магілёўшчыне дасягалі хуткасці 25 метраў у секунду. Падраздзяленні МНС 37 разоў выязджалі на ўборку паваленых дрэў у Магілёве, Магілёўскім, Мсціслаўскім, Бабруйскім, Бялыніцкім, Быхаўскім, Дрыбінскім, Кіраўскім, Мсціслаўскім, Асіповіцкім, Чэрыкаўскім, Чавускім і Шклоўскім раёнах. У Магілёве і Шклове паваленымі дрэвамі пашкоджаны 2 легкавыя аўтамабілі.
У Бабруйску па вуліцы Ракасоўскага дрэва ўпала на прыпынак грамадскага транспарту. У гэты момант транспарту і людзей на прыпынку не было, ніхто не пацярпеў.
У Магілёве па вуліцы Алтайскай з-за падзення дрэва пашкоджана прыбудова жылога дома. Гаспадар у гэты час знаходзіўся на вуліцы, мужчына не пацярпеў.
На Магілёўшчыне падчас штармавога ветру парушалася электразабеспячэнне 177 населеных пунктаў, 449 трансфарматарных падстанцый – паведамляе прэс-служба МНС.
Раніцай 6 кастрычніка з’явілася інфармацыя пра пенсіянера 1950 года нараджэння, які заблукаў у лясным масіве каля вёскі Антонаўка Бабруйскага раёна. Пошукі, у якіх удзельнічалі 37 чалавек і 10 адзінак тэхнікі, вынікаў не далі. Сёння, 7 кастрычніка яны будуць працягвацца – паведамляе прэс-служба МНС.
На Магілёўшчыне за суткі ратавальнікі знайшлі ў лесе трох грыбнікоў, што заблукалі.
Дзве пенсіянеркі 1955 і 1963 гадоў нараджэння зніклі ў лясным масіве каля вёскі Мірадзіна Бабруйскага раёна яшчэ 3 кастрычніка. Толькі назаўтра, каля 11.15 4 кастрычніка іх удалося знайсці ратавальнікам – паведамляе прэс-служба МНС.
4 кастрычніка ў 16-20 жыхары вёскі Панізоў Магілёўскага раёна паведамілі, што іх сусед, 81-гадовы пенсіянер раніцай пайшоў па грыбы і да гэтага часу не вярнуўся. Дзядуля старэнькі, мае хранічныя захворванні, таму яго доўгая адсутнасць выклікала хваляванне ў суседзяў. Да месца меркаванага знаходжання пенсіянера выехалі ратавальнікі, работнікі міліцыі, валанцёры. Адсутнасць у мужчыны мабільнага тэлефона ўскладняла пошукі.
У 18-05 работнікі МНС знайшлі пенсіянера за паўтара кіламетра ад дома. Мужчына знясілеў і яго прыйшлося выносіць з лесу на руках.
Познім вечарам 27 верасня ў выратавальную службу Быхава звярнулася жыхарка вёскі Цешым’е. Яе 82-гадовы муж адправіўся па грыбы яшчэ ў 15.00, але заблукаў у лесе. Першым часам муж адзваньваўся па мабільным тэлефоне, але потым тэлефон стаў недасягальным. Сітуацыю ўскладніў моцны туман, які ўпаў на вечаровы лес.
Супрацоўнік выратавальнай службы Быхаўскага раёна распавёў пра пошукі прэс-службе МНС.
“Жонка нам прыкладна апісала квадрат пошукаў. Сітуацыя пагаршалася шчыльным туманам. Рухаючыся на аўтамабілі, мы падавалі сігнал у гучнагаварыцель. І пошукі далі свае станоўчыя вынікі: грыбнік выйшаў з ляснога гушчару на гук. Дзядуля не пацярпеў і перш за ўсё папрасіў: «Не высыпце і не памніце мне грыбы».
Учора mogilev.media паведамлялі пра выратаванне пенсіянеркі на пажары ў Асіповічах. Суседка Таццяна Самахвалава пабачыла дым на верандзе і выцягнула з полымя жанчыну 1939 года нараджэння. Сёння стала вядома, што пацярпелая атрымала апёкі 70% цела. Больш за суткі за яе жыццё змагаліся медыкі, але выратаваць жанчыну не ўдалося – піша прэс-служба МНС.
На шчасце, гаспадароў не было дома. Днём 26 верасня пажар здарыўся ў кватэры на чацвёртым паверсе пяціпавярховіка па вуліцы Крылова ў Бабруйску. Ратавальнікі паспелі загасіць полымя і не далі перакінуцца яму на суседнія кватэры – паведамляе прэс-служба МНС.
Прычынай узгарання стала маразільная камера 2004 года выпуска, тэрмін эксплуатацыі якой даўно мінуў. На момант пажару гаспадары знаходзіліся на лецішчы, таму пацярпелах няма.
Раніцай 26 верасня пажар адбыўся ў прыватным доме па вуліцы Веры Харужай у Асіповічах. Яшчэ да прыбыцця ратавальнікаў, гаспадыня дома – пенсіянерка 1939 года нараджэння – была выратаваная мясцовымі жыхарамі. З апёкамі, яна шпіталізаваная – паведамляе прэс-служба МНС.