Пад Талачыном мужчына падпаліў сябе

31 сакавіка ў пасёлку Байкал Талачынскага раёна мужчына 1972 года нараджэння здзейсніў самападпал – паведамляе прэс-служба МНС. Спроба суіцыда адбылася вечарам, каля 19.30. З апёкамі мужчына дастаўлены ў лякарню. Падрабязнасцяў здарэння пакуль не паведамляецца.

Фота ілюстрацыйнае.

Крычаў змагаецца з адлігай, надзвычайшчыны ўжо менш

Крытычная сітуацыя была ліквідаваная за ноч, ратавальнікі і камунальнікі працуюць ва ўзмоцненым рэжыме – паведамляе прэс-служба МНС. 

На вуліцы Куйбышава аказаліся падтопленымі 6 шматкватэрных жылых дамоў і 2 прыватныя дамы. Вада аказалася і ў падвалах дамоў. Работнікі МНС адпампавалі ваду з падворкаў і падвалаў.

Ратавальнікі і камунальнікі праводзяць падворны абход – жыхарам падтопленых дамоў пры жаданні прапануецца часова перасяліцца ў жыллё падменнага фонду або свабоднае арэнднае жыллё.

Фота: МНС

Паводка ідзе па Магілёўшчыне – фота

Затопленыя шэсць мастоў і дзесяць участкаў аўтадарог, гароды і прыдамавыя тэрыторыі ў Чэрыкаве, Крычаве – паведамляе прэс-служба МНС. Нагадаем, што з-за затаплення прыватных гаспадарак у Крычаве абвясцілі рэжым надзвычайнай сітуацыі.

Пасля снегападу, што прайшоў па Магілёўшчыне 29 сакавіка, варта чакаць далейшага пад’ёму грунтовых вод, улічваючы пацяпленне ў бліжэйшыя дні.

Фота: МНС

Амаль на паўметра затапіла мост пад Мсціславам

Паводка на Магілёўшчыне ўсё павялічваецца. Як паведамляе прэс-служба МНС, каля вёскі Калодліва Касцюковіцкага раёна з-за павышэння ўзроўню вады ў Бесядзі на 100 метраў затапіла ўчастак аўтамабільнай дарогі. Тут глыбіня падтаплення невялікая, да 15 сантыметраў. У Мсціслаўскім раёне каля вёскі Красны Бераг на 45 сантыметраў затапіла мост праз раку Віхра.

Фота ілюстрацыйнае.

Зноў будуць сірэны ў Магілёўскай вобласці

Сірэны грамадзянскай абвесткі будуць уключаны ў населеных пунктах Магілёўскай вобласці з 28 па 30 сакавіка, паведамілі ў рэгіянальным упраўленні МНС.  

Ратавальнікі адзначаюць: праверка сістэмы абвесткі – планавая, таму турбавацца не трэба.

«Магчымыя ўключэнні гукавых сірэн і правядзенне СМС рассылання. Просьба захоўваць спакой. Ніякіх дзеянняў рабіць не варта» – гаворыцца ў паведамленні.

Пяць чалавек атруціліся ўгарным газам, мужчыну выратавалі на пажары – зводка МНС

На Магілёўшчыне за 25 сакавіка адбыліся адразу тры надзвычайных здарэння, якія маглі трагічна скончыцца для шасцярых чалавек – паведамляе прэс-служба МНС.

У Магілёве падчас пажару быў выратаваны мужчына 1978 года нараджэння. З атручэннем дымам ён шпіталізаваны, прычына пажару высвятляецца.

У вёсцы Скляпава Круглянскага раёна і ў вёсцы Бялынкавічы Касцюковіцкага цэлыя сем’і труціліся ўгарным газам з-за таго, што занадта рана закрывалі заслонку ў печы. У першым выпадку шпіталізаваны і былі трое – дзве жанчыны і мужчына, у другім выпадку – пара 1972 і 1973 гадоў нараджэння.

Фота ілюстрацыйнае

У Асіповічах мужчына патануў у палутараметровай яміне

23 сакавіка а пятай вечара цела невядомага мужчыны было выяўлена ў тэхналагічнай яміне на чыгуначным адгалінаванні, якое не эксплуатуецца. Сама яміна – запоўненая вадой, памерамі 10 метраў на 2, і глыбінёй у 1,5 метры. Зараз высвятляецца асоба ахвяры і абставіны здарэння – паведамляе прэс-служба МНС.

Фота ілюстрацыйнае.

Пад Горкамі загінулі двое – верагодна, з-за неасцярожнага курэння

Жанчына крыху за сорак і яе мужчына 47-мі гадоў жылі ўдвох у прыватным доме ў аграгарадку Рудкоўшчына Горацкага раёна. Суседзі ахарактаразавалі лад іх жыцця як даволі пасярэдні – заўважае прэс-служба МНС.

Увечары 22 сакавіка суседзі заўважылі, што дом ахапіла полымя. Калі прыехалі ратавальнікі, дом практычна згарэў, пачалі абвальвацца канструкцыі пабудовы. На месцы пажара былі знойдзеныя парэшткі двух чалавек. Папярэдняя выснова – неасцярожнасць пры курэнні.

Фота: МНС

Проня і Бесядзь выйшлі з берагоў, ёсць затапленні дарог у трох раёнах

Уздым узроўню вады ў рэках Проня і Бесядзь прывёў да падтаплення трох участкаў дарог і трох аўтамабільных мастоў у Слаўгарадскім, Хоцімскім і Чавускім раёнах Магілёўскай вобласці – паведамляе прэс-служба МНС. Працягласць максімальна падтопленага ўчастка – 70 метраў, максімальны ўзровень вады 20 сантыметраў.  Адзначаецца, што жыццезабеспячэнне насельніцтва не парушана.

На фота: Бесядзь, ілюстрацыйна

У Касцюковічах і Шклове двое загінулі на пажарах, у Круглым чалавек праваліўся – агляд здарэнняў

16 сакавіка пажары з гібеллю людзей адбыліся ў Касцюковічах і Шклове. У Касцюковічах ў жылым доме па вуліцы Ленінскай быў знойдзены гаспадар дома 1964 года нараджэння. У Шклове гаспадар прыватнай сядзібы 1959 года нараджэння быў знойдзены ў сваім доме па вуліцы Будаўнікоў – паведамляе прэс-служба МНС. Прычыны пажараў высвятляюцца.

У Круглым ратавальнікам давялося дапамагаць мужчыне 1962 года нараджэння, які праваліўся ў машынны зал каналізацыйна-насоснай станцыі і ўпаў з вышыні 4,5 метры. З траўмамі ён шпіталізаваны.

Фота ілюстрацыйнае.