Двое вяскоўцаў пабачылі дым з вакна і выратавалі суседа пад Глускам

У вёсцы Поўстка Глускага раёна два жыхары паселішча, Юрый Фалецкі і Андрэй Лузан – пабачылі, што з дома іх 65-гадовага суседа валіць дым і кінуліся на дапамогу. Дзверы былі адчыненыя, таму мужчыны лёгка праніклі ў жытло і выцягнулі на свежае паветра гаспадара дома, які спаў у задымленым пакоі. Папяредне, прычынай пажару стала неасцярожнае курэнне – паведамляе прэс-служба МНС.

Фота: МНС

Магілёвец, якога выратавалі на пажары, памёр у лякарні

Мужчына 1979 года нараджэння быў выратаваны на пажары 4 красавіка 2023 года – пісалі mogilev.media. Узгаранне адбылося на чацвёртым паверсе пяціпавярховага дома на Пушкінскім праспекце. Сёння стала вядома, што пацярпелы сканаў у лякарні – паведамляе прэс-служба МНС. Прычына пажару ўсё яшчэ высвятляецца.

Фота ілюстрацыйнае.

Пад Чавусамі агонь спынілі за 150 метраў ад вёскі

Сухая трава гарэла каля аграгарадка Дужаўка Чавускага раёна. Усяго агонь ахапіў каля аднаго гектара тэрыторыі. Падраздзяленні ратавальнікаў змаглі спыніць агонь, калі ён ужо падыйшоў да крайніх вясковых дамоў на адлегласць у 150-200 метраў – паведамляе газета “Іскра”.

Фота: “Іскра”.

Пенсіянера ў Магілёве даставалі з калодзежа

10 красавіка ў Магілёве на вуліцы Завадской мужчына 1946 года нараджэння на сваім прысядзібным участку праваліўся ў калодзеж глыбінёй 2,5 метра. Даставаць яго давялося ратавальнікам – паведамляе прэс-служба МНС. З траўмамі ён шпіталізаваны.

Фота: МНС.

Пенсіянер пад Бабруйскам абгарэў, ратуючы сваю машыну ад пажару

8 красавіка ў вёсц Ломы Бабруйскага раёна ў прыватнай гаспадарцы па Бабруйскім завулку адбыўся пажар – загарэлася драўляная пабудова з лазняй, жылым памяшканнем і гаражом. 73-гадовы гаспадар дома, спрабуючы выратаваць ад агня свой “Volkswagen Passat B-4” 1994 года выпуска сам атрымаў апёкі і быў шпіталізаваны. Машына згарэла. Меркаваная прычына пажару – няправільная эксплуатацыя печкі – паведамляе прэс-служба МНС.

Фота: МНС

У Бабруйску згарэў мужчына

Ноччу 6 красвіка трагедыя адбылася ў прыватным доме па вуліцы Кутузава ў Бабруйску. У пажары загінуў мясцовы жыхар 1967 года нараджэння. Сігнал пра ўзгаранне паступіў у МНС у 2 гадзіны ночы. Прычыны пажару высвятляюцца.

Фота ілюстрацыйнае.

Два лабавых сутыкнення на Магілёўшчыне, але ўсе выжылі

Адразу дзве аварыі з лабавымі сутыкненнямі аўтамабіляў адбыліся 5 красавіка на Магілёўшчыне. 

Як паведамляе прэс-служба МНС, раніцай 5 красавіка адбылося сутыкненне аўтамабіляў “Iveco” і “МАЗ” на трасе Магілёў-Чавусы каля вёскі Мядведаўка (на фота). Кіроўца “Iveco” быў заціснуты ў машыне і змог выбрацца толькі з дапамогай ратавальнікаў.

Каля 17 гадзін 5 красавіка ў Крычаўскім раёне паблізу вёскі Сакольнікі жыхарка Касцюковіч на аўтамабілі “Volkswagen Boro” сутыкнулася з “Газэллю”. Яе пасажыр, 66-гадовы муж быў у выніку аварыі заціснуты на пасажырскім сядзенні. Яго дэблакавалі ратавальнікі пры дапамозе спецыяльных інструментаў. Мужчына шпіталізаваны.

Фота: МНС

У Магілёве на пажары выратавалі чалавека

Як паведамляе прэс-служба МНС, пажар здарыўся вечарам 4 красавіка ў кватэры на чацвёртым паверсе пяціпавярховага жылога дома па Пушкінскім праспекце. Работнікамі МНС выратаваны гаспадар 1979 года нараджэння, непрацуючы, які з атручэннем прадуктамі гарэння быў шпіталізаваны. Прычына пажару высвятляецца.

Фота ілюстрацыйнае

Дзве машыны гарэлі ў Магілёве

Вечарам 3 красавіка адразу два ўзгаранні аўтамабіляў здарыліся ў абласным цэнтры. На вуліцы Якубоўскага загарэўся “Opel Meriva” 2004 года выпуска, які належыць магілёўцу 1995 года нараджэння (на фота). На вуліцы Дарвіна загарэўся “Renault Logan” 2019 года выпуска, які належыць 61-гадовай жыхарцы горада. Паводле папярэдніх дадзеных, пажары адбыліся з-за парушэнняў правіл эксплуатацыі электрасетак і абсталявання – паведамляе прэс-служба МНС.

Фота: МНС

Жыхарка Асіповіч атрымала апёкі на пажары

Увечары 2 красавіка ў дзевяціпавярховым доме па вуліцы Чарняхоўскага ў Асіповічах у кватэры на чацвёртым паверсе здарыўся пажар. Гаспадыня кватэры 1957 года нараджэння атрымала апёкі і была шпіталізаваная – паведамляе прэс-служба МНС. Прычына пажару высвятляецца.

Фота ілюстрацыйнае.