Жанчына не магла самастойна выбрацца з пажару, таму што ледзь рухалася з-за хваробы.
Выратаванне 74-гадовай пенсіянеркі стала для жанчыны сапраўдным цудам. Жыхарка Бабруйска пратаплівала печку ў сваёй кватэры ў аднапавярховым доме на вуліцы Бахарава. У нейкі момант яна заўважыла, што на пячы пачала загарацца мяккая цацка – плюшавы мішка. Пенсіянерка не прыдумала нічога лепшага, як выкінуць мішку ў калідор, на драўляную падлогу, а потым наогул забылася пра яго. Ад цацкі дом і загарэўся.
Калі праз нейкі час жанчына пабачыла, што яе калідор палае, выбрацца з дому самастойна было ўжо немагчыма. Агонь перакрыў выхад, акрамя таго жанчына толькі што перанесла хваробу і ледзь рухалася. Дазваніўшыся да ратавальнікаў, 74-гадовая бабруйчанка заставалася ў ахопленай агнём кватэры да свайго вызвалення. Машына пажарных была на месцы ўсяго праз некалькі хвілін – паведамляе прэс-служба МНС.
Фота: МНС