Жыхарам Вейна трэба або мяняць месца жыхарства, або паўдзельнічаць у грамадскім абмеркаванні новага завода пластмас

Яшчэ адно прадпрыемства плануюць пабудаваць за 800 метраў ад вёскі.

На тэрыторыі ўчастка нумар 4 свабоднай эканамічнай зоны “Магілёў” стартуе праект будаўніцтва завода, які будзе вырабляць слаістыя пластыкі. Замоўцам завода выступае «Кронаспан ОСБ» – прадпрыемства па вытворчасці драўняных пліт, якое было заснавана ў 2011 годзе. Яшчэ ў канцы 2021 года побач з дзеючай вытворчасцю быў закладзены першы камень, які засведчыў намер будаўніцтва новага завода. 

Планавы аб’ём прадукцыі – больш за 12 млн кв.м у год прэсаванага ламінату і ламінату высокага ціску. Гэтая прадукцыя ўжываецца пры вытворчасці мэблі, дэкаратыўных абліцавальных матэрыялаў, аздабленні інтэр’ераў і экстэр’ераў. У планах экспартаваць 80 працэнтаў прадукцыі. Сыравінная база – драўніна, а таксама смолы, якія вырабляюцца на прадпрыемстве «Кранахем», што працуе на гэтай самай вытворчай пляцоўцы. Будоўлю плануюць завершыць у 2024 годзе, а на заводзе стварыць 100 новых рабочых месцаў. 

Трэба звярнуць увагу, што ў межах рэалізацыі праекта прадугледжана не толькі будаўніцтва завода але і мадэрнізацыя лакальных ачышчальных збудаванняў завода “Кронаспан ОСБ”. Плануецца дадатковая ачыстка сцёкавых вод з мэтай іх наступнага выкарыстання на прадпрыемстве паўторна. 

Бліжэйшая жылая тэрыторыя размешчана ва ўсходнім напрамку на адлегласці 835-840 метраў – гэта вёскі Вейна і Навасёлкі. Але дадатковае ўздзеянне прадпрыемства на асяроддзе будуць адчуваць і жыхары Задняпроўя. 

З 31 кастрычніка 2022 года стартавала грамадскае абмеркаванне справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння завода на навакольнае асяроддзе. Працягнецца яно цягам месяца. Інфармацыя пра гэта размешчана на афіцыйным сайце Магілёўскага гарвыканкама.