У Мсціславе па адбітках пальцаў устанавілі асобу падазраванага

Судовыя эксперты вызначылі асобу меркаванага злачынцы, які скраў грошы ў жыхара Мсціслава.

Да праваахоўнікаў звярнуўся жыхар Мсціслава, які паведаміў аб крадзяжы 11 000 расійскіх рублёў. Паводле яго слоў, ён пазнаёміўся з мужчынам на вуліцы і запрасіў яго дапамагчы з працай на прысядзібным участку. Пасля працы гаспадар паклікаў новага знаёмага за стол, дзе яны разам выпівалі, паведамляе газета «Святло Кастрычніка».

Раніцай наступнага дня гаспадар не знайшоў у хаце ні госця, ні грошай, што ляжалі ў кішэні курткі. Падчас агляду месца здарэння эксперты знайшлі адбіткі пальцаў на бутэльцы з-пад спіртнога, якія належылі раней судзімаму жыхару Віцебска. Там злодзея і затрымалі.

Фота ілюстрацыйнага характару з адкрытых крыніц.

Узламалі “Сіламер” – а магілёўцы абураны несправядлівай гульнёй, а не крадзяжом

У Магілёве ўламалі гульнявы апарат і скралі адтуль грошы. Аднак негатыўная рэакцыя некаторых магілёўцаў аказалася скіравана на ўладальніках такіх апаратаў, а не на ўзломшчыкаў.

3 чэрвеня 2025 года, як паведаміў тэлеграм-канал магілёўскай міліцыі, у Ленінскі РУУС звярнуўся прадстаўнік адной з арганізацый горада, які распавёў, што было выкрадзена каля 1 300 рублёў. Аказалася, што да здарэння датычныя два прыяцелі: раней судзімыя 27-гадовы і 25-гадовы мясцовыя жыхары. Маладыя людзі мелі патрэбу ў грашах і вырашылі такім хутка падзарабіць. 

“Яны прыйшлі ў гандлёвы цэнтр, узламалі гульнявы апарат “Сіламер” і забралі з яго ўсе грошы, якія пасля патрацілі на асабістыя патрэбы. У дачыненні да фігурантаў следчымі распачатая крымінальная справа” – гаворыцца ў паведамленні.

Аднак рэакцыя некаторых магілёўцаў не была такой, якой, пэўна, чакалі ў міліцыі. Адзін з карыстальнікаў Фэйсбука ў групе “Могилев Live” задаўся пытаннем, калі пачнуць прыцягваць да адказнасці ўладальнікаў падобных апаратаў за махлярства.

“Колькі дзіцячых слёз праліта, пасля таго як дзіця ўкінуў манету і нічога не адбываецца. А тэлефоны тэхпадтрымкі ніколі ніхто не падымае. Хто праверыць наладу апаратаў, дзе нібыта можна выйграць каштоўныя прызы калі своечасова націснеш кнопку? Бо яны першапачаткова настроены на пройгрыш” – напісаў карыстальнік пад нікам Павел Струновіч.

Фота з адкрытых крыніц

Работнікі магілёўскага завода выкралі будаўнічае абсталяванне больш чым на 7 тысяч

У Магілёве затрымалі работнікаў аднаго з заводаў, якія арганізавалі крадзяжы будаўнічага абсталявання. Усё выкрадзенае вярнулі, а супраць зламыснікаў узбуджана крымінальная справа.

Супрацоўнікі аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Кастрычніцкага РАУС выявілі факт крадзяжу матэрыяльных каштоўнасцяў аднаго з заводаў у абласным цэнтры. Паводле інфармацыі БЕЛТА, да злачынства аказаўся датычны 27-гадовы майстар. У працоўны час ён даваў указанні падначаленым красці будаўнічае абсталяванне і вывозіць яго ў прыватны гараж.

Пасля вывезеныя каштоўнасці размеркаваліся паміж удзельнікамі, якія мелі намер іх прадаць. Аднак не паспелі — усё выкрадзенае абсталяванее былі вернута прадпрыемству. Узбуджана крымінальная справа за крадзёж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, здзейснены групай асоб.

Фота з адкрытых крыніц.

 

У Шклове за тры гады скралі маёмасці аграпрадпрыемства на 190 тысяч рублёў

Пракуратура Дрыбінскага раёна падтрымала абвінавачанне ў судзе па справе аб крадзяжы маёмасці аднаго з сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Шклова. Шасцёра чалавек абвінавачваюцца ў прысваенні каштоўнасцяў на суму звыш 190 тысяч рублёў.

Як перадае БелТА, следства выявіла, што з 2020 па 2023 год кладаўшчык прадпрыемства арганізаваў злачынную схему: ён перадаваў маёмасць вадзіцелю, які вывозіў яе з тэрыторыі. Частка тавараў выкрадалася яшчэ па дарозе ад пастаўшчыкоў. Удзельнікі схемы карысталіся службовым становішчам і доступам да дакументацыі і праграмнага забеспячэння.

Адзін з абвінавачаных займаўся збытам выкрадзенага і атрымліваў прыбытак, астатнія дапамагалі з транспарціроўкай. Пры спробе чарговага крадзяжу, калі маёмасць выгружалі ў гаражы аднаго з фігурантаў, злачынцаў затрымалі.

На судзе трое абвінавачаных не прызналі віны і не кампенсавалі страты. Астатнія прызналі ўдзел, раскаяліся і пакрылі нанесены ўрон. Двум арганізатарам прызначана па сем і шэсць гадоў пазбаўлення волі са штрафамі. Ім таксама забаронена займаць пасады, звязаныя з матэрыяльнымі каштоўнасцямі.

Астатнія атрымалі ўмоўныя тэрміны і штрафы. Прысуд Дрыбінскага раённага суда пакуль не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны ў апеляцыйным парадку.

Нагадаем, што ў Шклове ў 2023–2024 гадах інжынер інкубацыйнага цэха птушкафабрыкі сістэматычна выкрадаў сутачных куранят-бройлераў і прадаваў іх у прыватную фермерскую гаспадарку ў Гомельскай вобласці. Урон тады склаў больш за 14 тысяч рублёў. Суд прысудзіў яго да трох гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай, штрафу ў 12 тысяч рублёў і 100 гадзінам грамадска-карысных работ.

Фота з адкрытых крыніц

Магілёвец папаўся на крадзяжы забытых рэчаў

Жыхар Магілёва скраў забытыя ля пад’езда рэчы: гэты момант трапіў на камеру відэаназірання.

У дзяжурную частку Кастрычніцкага РАУС Магілёва звярнуўся 33-гадовы жыхар горада, які паведаміў пра знікненне заплечніка, выпадкова пакінутага каля пад’езда пасля наведвання забаўляльнай установы. Пра гэта піша тэлеграм-канал “Міліцыя Магілёўшчыны”.

Праваахоўнікі высветлілі, што да здарэння мае дачыненне 47-гадовы магілевец, які не змог прайсці міма чужой уласнасці. У заплечніку знаходзіліся грошы ў суме 1850 рублёў, якія ён прысвоіў сабе.

Ранец і асабістыя рэчы мужчына вярнуў уладальніку, сцвярджаючы, што наяўных у ім не было.

У дачыненні да мужчыны распачата крымінальная справа за крадзеж.

Падобны выпадак меў месца ў Магілёве ў верасні 2019 года. Як піша “Наша Ніва”, тады 39-гадовы магілёвец згубіў на вуліцы кашалёк, а вярнуўшыся на меркаванае месца згубы, яго не знайшоў і выклікаў праваахоўнікаў. У партманэце ляжалі 150 рублёў.

Супрацоўнікі аддзела крымінальнага вышуку высветлілі, што кашалёк падабраў 39-гадовы індывідуальны прадпрымальнік, раней ужо судзімы за крадзеж.

Мужчына забраў партманэт і завярнуў за вугал найбліжэйшага дома, дзе дастаў з кашалька гатоўку і старанна пералічыў. Пасля ён паклаў грошы на пажарны шчыт, а кашалёк выкінуў. Толькі пасля гэтага мужчына заўважыў накіраваную на яго відэакамеру, усталяваную на рагу дома, і ўцёк з месца злачынства. Праўда, яго ўсё ж удалося знайсці, а выкрадзеныя грошы канфіскаваць.

Фота: ElasticComputeFarm / Pixabay

У Магілёве мужчына скраў інвалідны вазок з бальніцы – але сам не ведае, навошта

У міліцыю звярнуўся прадстаўнік Магілёўскай гарадской бальніцы хуткай дапамогі і паведаміў аб крадзяжы інваліднага вазка коштам каля 1000 рублёў.

Паводле высветленых абставінаў, 56-гадовы беспрацоўны мужчына, якога даставілі ў бальніцу, скарыстаў момант і вынес інвалідны вазок з прыёмнага пакоя. Ён правёў ноч у медыцынскай установе, а раніцай, прайшоўшы праз шлагбаум, незаўважна пакінуў тэрыторыю разам з вазком.

На допыце мужчына не змог растлумачыць прычыну сваіх дзеянняў, заявіўшы, што знаходзіўся ў стане моцнага алкагольнага ап’янення і не памятае, як адбыўся інцыдэнт.

Па факце крадзяжу распачата крымінальная справа.

Дарэчы, падобны выпадак меў месца ў 2018 годзе ў Баранавічах Берасцейскай вобласці. Там злодзей здзейсніў крадзеж упадабанага інваліднага вазка ў хірургічным аддзяленні першай гарадской бальніцы. З заявай у праваахоўныя органы звярнуўся галоўны ўрач медыцынскай установы.

Фота: УУС Магілёўскага аблвыканкама, скрыншот