Брукаванку, што цудам захавалася на Камсамольскай у Магілёве, прыбралі цалкам

Як паведамляюць чытачы mogilev.media, апошні ўчастак з арыгінальнай дарэвалюцыйнай брукаванай, які дзіўным чынам яшчэ заставаўся некранутым на вуліцы Камсамольскай у Магілёве, цяпер цалкам прыбраны. 

Мы паведамлялі пра нечаканае адкрыццё брукаванкі, якую амаль усю савецкія ўлады перанеслі на іншыя месцы ў горадзе. 

Выяўленне кавалка некранутай маставой давала надзеі на сімвалічнае выкарыстанне яе ў натуральным асяроддзі, што прынесла б дадатковую турыстычную прывабнасць колішняй Дваранскай вуліцы.

Фота даслана чытачамі mogilev.media.

Рамонт на Камсамольскай, ордэр на арышт Пуціна і стрэлы ў Гродна – дайджэст мінулага тыдня

Самай гучнай міжнароднай навіной мінулага тыдня стала інфармацыя пра тое, што за злачынствы супраць украінскіх дзяцей Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэр на арышт Пуціна.

Падзеяй тыдня на Беларусі стала інфармацыя пра забойства ў Гродна “замежніка, які планаваў тэрарыстычны акт” і нібыта адстрэльваўся і кідаў гранаты ў спецназ КДБ.

Магілёў на мінулым тыдні пачаў жыць крыху па-новаму – тут перакрылі вуліцу Камсамольскую на рамонт, з-за чаго ў горадзе пачала дзейнічаць іншая схема грамадскага транспарту.

Рамонт Камсамольскай вуліцы пры гэтым падараваў магілёўцам турыстычную цікавостку – адкрыўся выкшталцоны дарэвалюцыйны брук.

У Магілёве адбылася жуткаватая аварыя – ад удару таксі вылецела на тратуар. Мы сабралі поўнае відэа з розных крыніц.

У магілёўскім інтэрнаце па вуліцы Куцепава паскардзіліся на жахлівыя ўмовы – кішыць тараканамі і завоблачная камуналка.

У Магілёве і Магілёўскім раёне абвясцілі водную амністыю.

БелАЗ прыняў рашэнне сур’ёзна ўкласца ў развіццё вытворчасці на магілёўскім заводзе імя Кірава.

На мінулым тыдні стала вядома, колькі дарог адрамантуюць у Магілёўскім раёне за год – 2%.

У цэнтры Горак цалкам высеклі бярозавы гай, бо людзям перашкаджалі птушкі.

На мінулым тыдні старшакласнікаў і навучэнцаў каледжаў вазілі на стрэльбы пад Асіповічамі і ў магілёўскую турму для выхавання. 

Пад Асіповічамі была зафіксавана найбуйнейшая папуляцыя зуброў у рэгіёне.

У магілёўскім заасадзе прэзентавалі новых жывёл і абвясцілі пра вялікую рэканструкцыю.

Прыгажуні на конкурсе “Міс Крычаўцэментнашыфер” разарвалі TikTok.

Славутыя літоўскія шакоцісы былі заўважаныя ў адной з гандлёвых сетак на Магілёўшчыне.

А наогул на Беларусі пачалася вясна і прачнуліся кляшчы.

Фота: mogilev.media

Рамонт вуліцы Камсамольскай – дзе шукаць новыя прыпынкі

Рамонт асфальтавага пакрыцця па вуліцы Камсамольскай у Магілёве ідзе хуткімі тэмпамі. За пару дзён практычна цалкам на вуліцы знялі стары асфальт.

Звыклыя прыпыначныя пункты “Драмтэатр” і “Каледж мастацтваў”, як і прадбачылі mogilev.media былі перанесеныя ў тры кропкі. Для ўсяго транспарту, што рухаеца з цэнтра горада ў Задняпроўе і ў бок Буйніч, новым прыпынкам стала стаянка для турыстычных аўтобусаў каля Філармоніі.

Прыпынак для маршрутак, якія едуць з Задняпроўя і Буйніч у бок цэнтра перанесены на пляцоўку каля помніка Георгію Каніскаму. Варта ўдакладніць, што тут цяпер спыняюцца практычна ўсе маршруткі, акрамя №1. Ад гэтага прыпынка далей іх шлях ляжыць праз Пажарны завулак.

Астатні транспарт, што едзе з Задняпроўя і з боку Буйніч у цэнтр – аўтобусы і маршрутка №1 – спыняюцца каля Педагагічнага каледжа па вуліцы Піянерскай.

Фота: mogilev.media