Магілёвец Аляксандр Студнеў страціў пасаду міністра

Учора Лукашэнка правёў «кадравы дзень» і змяніў адразу двух міністраў. Пасаду кіраўніка Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва заняў Вадзім Альшэўскі, былы намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама – у рэгіёне ён курыраваў будаўніцтва, транспарт і жыллёва-камунальную гаспадарку. Міністрам лясной гаспадаркі стаў Сяргей Ульдзіновіч, які раней узначальваў Мінскае дзяржаўнае вытворчае лесагаспадарчае аб’яднанне.

Пасаду, вызваленую для Альшэўскага, да гэтага займаў магілёвец Аляксандр Студнеў, прызначаны міністрам 4 сакавіка 2025 года. У міністэрскім крэсле ён пратрымаўся каля шаснаццаці месяцаў.

Правал будаўніцтва і публічны ўльтыматум прэм’ера

Адстаўка выглядае лагічным фіналам гісторыі, якая пачалася аператыўнай нарадай у прэм’ер-міністра Аляксандра Турчына 21 мая па выніках працы будаўнічага комплексу за студзень-красавік. За гэтыя чатыры месяцы ўвод жылля ў эксплуатацыю, паводле звестак Белстата, скараціўся на 26,6 працэнта – да 842,1 тысячы квадратных метраў. Фармулёўка прэс-службы ўрада была падкрэслена жорсткай: прэм’ер «папярэдзіў міністра і намеснікаў кіраўнікоў рэгіёнаў, што калі па выніках пяці месяцаў не будзе істотнай станоўчай дынамікі, урадам будуць прыняты адпаведныя кадравыя рашэнні».

Ад таго ўльтыматуму да адстаўкі прайшло роўна два месяцы.

З Магілёва – у Бабруйск – у Магілёў – у Мінск

Аляксандр Віктаравіч Студнеў нарадзіўся 17 ліпеня 1974 года ў Магілёве. Скончыў Беларускую дзяржаўную політэхнічную акадэмію і Акадэмію кіравання пры Лукашэнку. Усю кар’еру правёў у будаўнічай вертыкалі Магілёўскай вобласці: ад майстра БУ-76 будаўнічага трэста №12 да старшыні камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Магілёўскага аблвыканкама ў 2013 годзе. З 2014 па 2017 год узначальваў у Мінску інжынернае РУП «Белбудцэнтр».

З мая 2017 па кастрычнік 2022 года Студнеў працаваў старшынёй Бабруйскага гарвыканкама. Менавіта на гэтай пасадзе ён вымавіў фразу, за якую яго сёння і ўспамінаюць.

З кастрычніка 2022 па сакавік 2025 года кіраваў Магілёвам. Лукашэнка пры прызначэнні міністрам адгукаўся пра яго так: «Мы за ім назіралі ў Магілёве – нямала зрабіў. Крутой увогуле захоплены… Магілёў я ведаю да кожнага метра. Недзе летам паедзем, паглядзім, што там зроблена».

Улетку паглядзелі.

«Не меншы подзвіг, чым нашы дзяды»

Тэма Другой Сусветнай вайны Аляксандру Віктаравічу асабліва блізкая. У маі 2025 года, ужо будучы міністрам, ён прыняў удзел ва ўрачыстым адкрыцці ў Касцюковічах на тэрыторыі ААТ «Беларускі цэментны завод» арт-аб’екта ў выглядзе ордэна Айчыннай вайны I ступені, вырабленага моладдзю прадпрыемства да Дня Перамогі. Ініцыятыва Студневу спадабалася.

Спадабалася, імаверна, таму, што яшчэ ў бытнасць кіраўніком Бабруйска ён публічна заявіў: «Лично я считаю необходимым всех работников органов государственного управления, принимавших участие в борьбе с красно-белой чумой (начиная с лета 2020 года), прировнять к ветеранам Великой Отечественной. Без ложной скромности заявляю, что я и мои коллеги совершили не меньший подвиг, чем наши деды и прадеды в борьбе с немецко-польским геноцидом нашего народа!»

Слова «прировнять» сапраўды напісана праз «о» – дзвюх вышэйшых адукацый і шматгадовага кіраўнічага стажу для правільнага правапісу аказалася недастаткова.

Куды менавіта сыдзе Студнеў, пакуль невядома. Яго папярэдніку на пасадзе міністра і таксама магілёўцу Руслану Пархамовічу, знятаму ў пачатку сакавіка 2025 года, Лукашэнка даў пасаду памочніка – інспектара па Гомельскай вобласці. Паводле той жа логікі «ветэран барацьбы з чырвона-белай чумой» у найбліжэйшыя дні можа атрымаць кабінет у адным з абласных цэнтраў Беларусі.

Фота з адкрытых крыніц.