Пад былым магілёўскім граданачальнікам завагалася міністэрскае крэсла

Калі не будзе паляпшэння ў будаўнічай галіне цягам пяці месяцаў міністру будаўніцтва, былому главе Магілёўскага гарвыканкама Аляксандру Студневу пагражае звальненне.

21 траўня 2026 года прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын сабраў спецыяльнае пасяджэнне, дзе галоўнай тэмай сталі сур’ёзныя праблемы ў будаўнічай галіне краіны. Як паведамілі ва ўрадавай прэс-службе, размова атрымалася вельмі жорсткай, а шэраг чыноўнікаў сутыкнуліся з вострай крытыкай за нездавальняючыя вынікі працы.

У цэнтры ўвагі былі тэмпы ўзвядзення жылля, рэалізацыя дзяржаўных праектаў і тое, як расходуюцца бюджэтныя сродкі. Паводле агучаных даных, у некалькіх абласцях за пачатак 2026 года істотных зрухаў фактычна не адбылося.

Асобна Турчын прайшоўся па працы чыноўнікаў, якія курыруюць будаўнічую галіну. Дасталося і кіраўніку Мінбудархітэктуры Аляксандру Студневу, які нясе адказнасць за сітуацыю ў сектары.

Прэм’ер заявіў, што чакае хуткіх і канкрэтных вынікаў. Ён даў зразумець: калі да канца пяцімесячнага перыяду становішча не палепшыцца, магчымыя сур’ёзныя кадравыя меры. Гаворка можа ісці нават пра адстаўкі высокапастаўленых чыноўнікаў, уключна з міністрам.

Студнеў узначаліў ведамства адносна нядаўна. На пасаду быў прызначаны ўвесну 2025 года. Да гэтага быў старшынёй Магілёўскага гарвыканкама.

Цяпер улады робяць стаўку на больш хуткія тэмпы будаўніцтва жылля і выкананне дзяржаўных планаў у гэтай сферы. Сёлета плануюць увесці ў эксплуатацыю прыкладна чатыры мільёны квадратных метраў жылля. Для параўнання: у 2025 годзе гэты паказчык складаў каля 4,4 мільёна квадратных метраў.

Аляксандра Студнева перавялі на пасаду міністра будаўніцтва

Старшыня Магілёўскага гарвыканкама Аляксандр Студнеў быў прызначаны на пасаду міністра архітэктуры і будаўніцтва. Пасаду магілёўскага кіраўніка гарвыканкама ён займаў пачынаючы з кастрычніка 2022 года, замяніўшы на гэтым месцы Уладзіміра Цумарава.

Аляксандр Студнеў стаў магілёўскім “мэрам” у перыяд узмацнення рэпрэсій супраць тых прадстаўнікоў беларускага народа, якія асудзілі фальсіфікацыі на прэзідэнцкіх выбарах і міліцэйскі гвалт у 2020 годзе. У час жорсткага грамадскага супрацьстаяння Цумараў выказваў адыёзныя заклікі ў падтрымку рэпрэсій, сцвярджаючы, што сілавікоў, якія падаўляюць волю беларускага народа, трэба прыраўняць да ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.

Аляксандр Студнёў нарадзіўся ў Магілёве, яму 50 гадоў, жанаты, мае дзве дачкі.

Па адукацыі будаўнік – скончыў Беларускую дзяржаўную політэхнічную акадэмію. Таксама вучыўся ў Акадэміі кіравання. 

Працаваў майстрам у СУ-76 будтрэста № 12. Пэўны час быў намеснікам старшыні Магілёўскага гарадскога выканаўчага камітэта па пытаннях горадабудаўніцтва і архітэктуры, а потым старшынёй камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Магілёўскага аблвыканкама. Узначальваў затым РУП “Белбудцэнтр” – буйное шматпрофільнае прадпрыемства, якое ажыццяўляе цэлы шэраг будаўнічых паслуг.

З 2017 года быў мэрам Бабруйска.