На вуліцы Карла Маркса, 20 у Магілёве рамантуюць былую фабрыку мастацкіх вырабаў. Чатырохпавярховы будынак, якому больш за пяцьдзесят гадоў, пераабсталёўваюць пад бізнес-цэнтр. Называцца ён будзе K.Marks.
Арандатарам абяцаюць:
- open-space офісы, каворкінг, салоны прыгажосці, аптэкі, крамы і рэстараны;
- 5200 квадратных метраў агульнай плошчы, памяшканні ад пяцідзесяці да сямісот квадратных метраў;
- кандыцыянер, хуткасны інтэрнэт, відэаназіранне, кругласутачны доступ, паркоўку і зялёную зону.
Цэны не пазначаныя – дагаворныя. Здаваць памяшканні пачалі праз Kufar, завяршыць аб’ект плануюць гэтым летам.
Чалавек, імем якога названыя і вуліца, і цяпер бізнес-цэнтр, прысвяціў жыццё доказу таго, што сродкі вытворчасці не павінны знаходзіцца ў прыватных руках.
У Магілёве з гэтай тэзай абышліся вытанчана. Фабрыку закрылі ў 2021 годзе падчас рэарганізацыі, швейны цэх далучылі да «Белмастацпромыслаў», а сам будынак перадалі ТАА «Гіра» з юрыдычным адрасам: вуліца Карла Маркса, 20. Вытворчасць скончылася, плошчы засталіся і пайшлі ў арэнду.
Цікава, што нямецкі Карл-Маркс-Штат называўся так з 1953 года, а ў 1990-м жыхары выказаліся за вяртанне гістарычнай назвы, і горад зноў стаў Хемніцам. У 2025 годзе Хемніц быў Еўрапейскай сталіцай культуры.
Магілёў рухаецца ў адваротны бок: імя Маркса тут вешаюць на шыльду каворкінгу. Адчужэнне працы калега Энгельса апісваў як стан, пры якім работнік губляе ўсякую сувязь з тым, што вырабляе.
На Карла Маркса, 20 задача вырашаная радыкальна: вырабляць тут больш няма чаго, затое можна арандаваць кабінет ад пяцідзесяці квадратных метраў.
Фота «МагілёўАнлайн».
