118 дамоў у адным сельсавеце – пракуратура палічыла пустэчу Быхаўскага раёна

Праверка ў Ямніцкім сельсавеце Быхаўскага раёна выявіла 118 дамоў, у якіх больш за тры гады ніхто не жыве. Ніводзін з іх не быў унесены ў дзяржаўны рэестр. Прэтэнзія пракуратуры – не да таго, што дамы пустуюць, а да таго, што іх пустэчу дрэнна аформілі.

Пракуратура і ценявыя дармаеды

Пракуратура Быхаўскага раёна правярала, як мясцовыя ўлады выконваюць патрабаванні па навядзенні парадку на зямлі, і выявіла, што раённая камісія па абследаванні стану жылых дамоў працавала фармальна: парушаліся патрабаванні да яе складу і рэгламенту, абавязкі выконваліся неналежным чынам, парадак выяўлення і ўліку дамоў, якія прастаялі без жыхароў апошнія тры гады, выконваўся не заўсёды.

Абследаванне домаўладанняў на тэрыторыі толькі Ямніцкага сельсавета выявіла 118 дамоў, якія адпавядаюць крытэрыям пустуючых. Звестак пра іх у Адзіным рэестры пустуючых дамоў не было. Яшчэ па некалькіх дамах у Лудчыцкім, Новабыхаўскім, Абідавіцкім і іншых сельсаветах рашэнні аб прызнанні іх пустуючымі не прымаліся, нягледзячы на наяўнасць падстаў, а аб’явы пра вышук уласнікаў не публікаваліся.

Там, дзе рашэнні ўсё ж прынялі, справа далей не пайшла: пазовы аб прызнанні жылля безгаспадарным і перадачы яго ва ўласнасць раёна ў суд падавалі не заўсёды. Сельвыканкамы не вызначыліся і з лёсам ужо прызнаных пустуючымі дамоў – пакінуць іх за раёнам, прадаць або знесці. Механізм, пра які ідзе гаворка, устаноўлены ўказам № 116 ад 24 сакавіка 2021 года.

Райвыканкамы абавязаныя ствараць камісіі і абследаваць жыллёвы фонд не радзей за два разы на год, а з 1 студзеня 2023 года звесткі пра выяўленыя дамы паступаюць у Адзіны рэестр пустуючых дамоў. Галоўны крытэрый адзін: дом не выкарыстоўваецца больш за тры гады. Прычына, па якой уласнік адсутнічае, значэння не мае. Пасля гэтага дом праз суд прызнаюць безгаспадарным, ён пераходзіць адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінцы і можа быць прададзены або знесены.

Старшыня сельвыканкама можа стаць крайнім

Цяпер пра маштаб. Ямніцкі сельсавет – адзін з дзевяці ў раёне, у яго склад уваходзіць каля дваццаці вёсак, у 2011 годзе да яго далучылі скасаваны Дунайкаўскі сельсавет.

Ямніцкі сельвыканкам з цэнтрам у вёсцы Ямнае ўзначальвае Андрэй Іванавіч Кудроў. Да пераходу на грамадзянскую пасаду ён больш за дваццаць гадоў праслужыў у міліцыі. Службу пачаў 1 жніўня 1996 года міліцыянерам медыцынскага выцвярэзніка Быхаўскага раённага аддзела ўнутраных спраў, з 1998 года прайшоў шлях да начальніка аддзялення крымінальнага вышуку, а 5 лістапада 2019 года быў прадстаўлены асабістаму складу як першы намеснік начальніка райаддзела – начальнік крымінальнай міліцыі. У красавіку 2024 года Кудроў, ужо старшынёй сельвыканкама, атрымліваў ключы ад службовага аўтамабіля, закупленага аблвыканкамам для сельсаветаў вобласці.

Адказнасць тут трэба падзяліць. Прэтэнзіі да складу і рэгламенту камісіі па абследаванні жылых дамоў адрасаваны раённаму ўзроўню: такія камісіі стварае райвыканкам. На сельвыканкам прыпадае іншая частка працы – прыняцце рашэння аб прызнанні дамоў пустымі, публікацыя аб’явы аб вышуку ўладальнікаў, іскі ў суд і вызначэнне лёсу ўжо прызнаных пустымі дамоў.

Пакуль цяжка сказаць, на якім менавіта ўзроўні здарылася недапрацоўка. Зыходзячы з біяграфіі Андрэя Кудрова – цяжка паверыць, што ён бы паставіўся да сваёй часткі працы праз рукавы. Але і райвыканкам наўрад ці возьме віну на сябе – ніжэйны адміністрацыйны ўзровень значна зручней зрабіць крайнім. Так што асцерагаемся, што за нечыя недапрацоўкі можа пацярпець добры чалавек, якога проста зробяць стрэлачнікам.

Можа, і праўда забрыць у салдаты?

У красавіку 2025 года Адзіны рэестр пустуючых дамоў па ўсёй краіне ўтрымліваў звесткі амаль пра 26 тысяч аб’ектаў. Быхаўская праверка дадала да гэтай колькасці яшчэ 118 – з аднаго сельсавета.

Варта звярнуць увагу на тое, чаго ў паведамленні няма. У ім ні слова пра тое, чаму ў дваццаці вёсках аднаго сельсавета апусцела больш за сотню дамоў, куды падзеліся іх жыхары і што сталася з іх спадкаемцамі.

Уся прэтэнзія нагляднага органа зводзіцца да працэдуры: камісія сабраная не паводле правілаў, рэестр не запоўнены, пазовы не пададзены, рашэнні аб зносе або продажы не прыняты. Пустая вёска ў гэтай логіцы – не праблема, а неаформлены актыў.

Гэта і робіць пракурорскую праверку цікавым дакументам. Дэмаграфічную статыстыку па асобных сельсаветах у Беларусі публікуюць рэдка і неахвотна. А тут ведамства, само таго не жадаючы, назвала дакладную лічбу: сто васямнаццаць.

І апошняе. За фармулёўкамі «фармальна», «абавязкі выконваліся неналежным чынам», «выконваўся не заўсёды» хаваецца адзін просты, жалезабетонны факт: быхаўскія чыноўнікі, ці, прасцей кажучы, ценявыя дармаеды, ні чорта не робяць. Відаць, пара ім на паўднёвую мяжу.

Фота ілюстрацыйнага характару.