Ізраіль рыхтуецца да наземнай аперацыі ў сектары Газа, перамоваў пра лёс закладнікаў не вядзецца – СМІ

Прэм’ер-міністр Ізраіля Беньямін Нетаньяху рыхтуецца да наземнай аперацыі і пагражаае адказам, які зменіць увесь Бліжні Ўсход – піша Middle East Online.

Спасылаючыся на ізраільскі канал “А24” выданне паведамляе, што Нетаньяху патэлефанаваў прэзідэнту ЗША Джо Байдэну і заявіў, што ў Ізраіля не будзе іншага выбару, акрамя як пачаць наземную аперацыю ў Газе.

Размова паміж Нетаньяху і Байдэнам у нядзелю стала другой пасля нечаканай атакі ХАМАС на Ізраіль. Паводле крыніц, Нетаньяху праінфармаваў Байдэна падчас тэлефоннай размовы, што нельга праяўляць слабасць на Блізкім Усходзе, і гэта прымусіць Ізраіль дзейнічаць з вялікай сілай. 

Нагадаем, у суботу ХАМАС нанёс ракетны ўдар, і яго байцы праніклі праз сушу, мора і праз памежную агароджу ў населеныя пункты, якія атачаюць Газу. Гэта стала самым жорсткім нападам на Ізраіль за апошнія дзесяцігоддзі.

На фота: атака на музычны фестываль у Ізраілі баевікамі ХАМАС

Ізраільская армія адказала інтэнсіўнай бамбардзіроўкай сектара Газа, які кантралюецца ісламскім рухам ХАМАС і знаходзіцца ў аблозе Ізраіля з 2007 года.

У выніку эскалацыі з ізраільскага боку загінула больш за 800 чалавек, у сектары Газа – 560. З абодвух бакоў – тысячы параненых.

Крыніцы адзначылі, што прэзідэнт ЗША спытаў Нетаньяху аб дадатковых сцэнарах эскалацыі пазней, і Байдэн адзначыў, што паведамленні, якія дайшлі да ЗША з Лівана, заключаліся ў тым, што дадатковы фронт не будзе адкрыты. Нетаньяху адказаў Байдэну, што яго турбуе сцэнар адкрыцця дадатковага фронту на поўначы, і што Ізраіль рыхтуецца да гэтага.

Адносна пытання закладнікаў, якія знаходзяцца ў руках ХАМАС у Газе, Нетаньяху сказаў, што Ізраіль не зацікаўлены ў правядзенні якіх-небудзь перамоваў па гэтым пытанні на дадзеным этапе: «Ніякіх перамоў няма».

Як паведамляе ізраільскі канал, амерыканская крыніца, знаёмая са зместам размовы, заявіла, што Байдэн не спрабаваў пераканаць Нетаньяху не праводзіць наземную аперацыю ў Газе: «Мы не спрабуем пераканаць ізраільцян у гэтым пытанні, таму што мы падтрымліваем права Ізраіля абараняць сябе, і гэта адпавядае нашым уражанням. Мы лічым, што пераканаць ізраільцян у гэтым прама цяпер немагчыма».

Фота: nbcnews.com

Ізраіль – баі на поўдні краіны, мінамёты Хізбалы абстралялі спрэчныя тэрыторыі на поўначы

Сёння, у нядзелю, ліванская радыкальная групоўка Хізбала выйшла на лінію аперацыі “Паводка Аль-Акса”, распачатай байцамі ХАМАС у Ізраілі пасля раптоўнай атакі з сушы, паветра і мора, якая працягваецца другі дзень запар.

Мінамётамі Хізбалы былі абстраляныя тры ізраільскія пазіцыі на фермах Шэбаа – паведамляе Bloomberg. Гэтыя тэрыторыі з’яўляюцца спрэчнымі паміж Ізраілем і Ліванам. Аналітыкі заўважаюць, што адказ ізраільскай арміі на бстрэл быў стрыманым. Ізраільскія сілы абмежаваныя, і хочуць пазбегнуць адкрыцця новага фронту супрацьстаяння, пасля самай небяспечнай атакі за апошнія 50 гадоў. Аднак, ізраільцяне адказалі артылерыйскімі ўдарамі па Ліване і атакай беспілотнікаў на пост Хізбалы недалёка ад мяжы.

Тым часам Армія абароны Ізраіля працягвае аперацыю па ліквідацыі баевікоў ХАМАС на поўдні краіны. Раніцай у нядзелю ізраільскія вайскоўцы заявілі, што іх сілы ўсё яшчэ змагаюцца з уварваннямі ваяўнічай ісламісцкай групоўкі ў васьмі месцах, і што дзве сітуацыі з закладнікамі былі «вырашаныя», але не ўдакладнілі, ці былі ўсе закладнікі выратаваны жывымі.

Па дадзеных Цахала, за ноч Ізраіль паразіў 426 цэляў у сектары Газа, зраўняўшы з зямлёй жылыя дамы гіганцкімі выбухамі. Гэта ўключала 14-павярховую вежу, у якой размяшчаліся дзясяткі кватэр, а таксама офісы ХАМАС у цэнтры горада Газа і мячэці (на фота). У выніку ракетных удараў на тэрыторыі сектара Газа загінула больш за 230 чалавек. Колькасць ахвяр сярод жыхароў Ізраіля ў выніку атакі ХАМАС налічвае каля 300 чалавек, мяркуецца што яшчэ 50 застаюцца ў закладніках. 

Перад світаннем у нядзелю баевікі выпусцілі яшчэ некалькі ракет з сектара Газа, паразіўшы бальніцу ў ізраільскім прыбярэжным горадзе Ашкелон.

У тэлезвароце ў суботу ўвечары прэм’ер-міністр Ізраіля Беньямін Нетаньяху заявіў, што вайскоўцы будуць выкарыстоўваць усю сваю сілу, каб знішчыць магчымасці ХАМАСа і “адпомсціць за гэты чорны дзень”. Але ён папярэдзіў: «Гэтая вайна зойме час. Гэта будзе складана.”

Фота: Said Khatib/AFP

Баевікі ХАМАС пачалі найбуйнейшую атаку на Ізраіль

На Ізраіль былі выпушчаныя каля 5 000 ракет і снарадаў, яны дасягалі Іерусаліма. Дзясяткі мірных ізраільцян і салдат забітыя альбо патрапілі ў палон – сцвярджае ХАМАС. 

Найбуйнейшая ў гісторыі атака баевікоў палесцінскага ісламісцкага руху ХАМАС адбылася раніцай 7 кастрычніка. Масіраваны ракетны ўдар па ўсёй тэрыторыі Ізраіля, уключаючы Тэль-Авіў і Іерусалім, працягваўся каля паўгадзіны, пачынаючы з 06.28. З самай раніцы пачалі паступаць паведамленні пра інфільтрацыю на тэрыторыю Ізраіля груп баевікоў ХАМАС, якія захапілі паліцэйскі ўчастак у горадзе Сдэрот, заблакавалі мірных жыхароў у прымежных паселішчах, забілі і ўзялі ў палон ізраільскіх салдат.    

З горада Сдэрот пачалі паступаць паведамленні і відэаролікі, на якіх бачныя целы забітых мірных жыхароў, а таксама спалены ізраільскі танк. 

«Мы абвяшчаем аб пачатку аперацыі «Паводка Аль-Акса» і паведамляем, што першы ўдар па пазіцыях і ўмацаваннях праціўніка перавысіў 5000 ракет і снарадаў» – заяўляецца на афіцыйным сайце ХАМАС.

У адказ на напады, якія, гледзячы па ўсім, засталі Армію абароны Ізраілю знянацку, Ізраіль абвясціў стан вайны. 

Паводле ацэнак ізраільскай паліцыі, на дадзены момант у краіне знаходзяцца 60 баевікоў, паведамляе Haaretz. Баявыя дзеянні працягваюцца. Дадаецца, што жыхарам прылеглай да сектара Газа тэрыторыі было загадана заставацца ў сваіх дамах. “Армія абароны Ізраіля будзе абараняць ізраільскае грамадзянскае насельніцтва, а тэрарыстычная арганізацыя ХАМАС заплаціць высокую цану за свае дзеянні” – гаворыцца ў заяве ваенных.

Міністр абароны краіны Ёаў Галант абвясціў набор у войска рэзервістаў. Ізраільскія знішчальнікі наносяць удары па цэлях у сектары Газа, вайскоўцы перакрываюць дарогі вакол анклава. Армія Ізраіля аб’явіла аб пачатку «контртэрарыстычнай» аперацыі «Жалезныя мячы» у сектары Газа.

Фота з адкрытых крыніц