Мінскі бізнесмен аказаўся ў магілёўскай калоніі за сумленную пазіцыю

Мінскага бізнесмена Генадзя Саўрыцкага трымаюць ў магілёўскай калоніі за патрабаванне да сілавікоў спыніць гвалт. Яго жонка і дачка таксама палітзняволенныя.

Як паведамляе Праваабарончы цэнтр “Вясна”, 61-гадовага Генадзя Саўрыцкага затрымалі 7 лютага 2024 года, а за яго 59-гадовай жонкай Ірынай і 23-гадовай дачкой Віялетай прыйшлі 22 лютага. Разгляд справы сям’і пачаўся 13 лістапада 2024 года ў Мінскім гарадскім судзе ў адкрытым рэжыме. Іх абвінавачвалі ў “распальванні іншай сацыяльнай варожасці”.

Сутнасць абвінавачванняў – у стварэнні відэазвароту 21 чэрвеня 2020 года з падборкай адпаведных відэаролікаў з інтэрнэту, які суправаджаецца вершам расійскага паэта Яўгена Еўтушэнкі “Не надо бояться густого тумана…” аб дзейнасці супрацоўнікаў міліцыі. 

Па меркаванні следства, гэты ролік змяшчае негатыўную ацэнку, прыкметы распальвання варожасці ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі, а таксама фармаванне і падмацаванне негатыўнага сацыяльнага стэрэатыпу, адмоўнага вобразу прадстаўнікоў дадзенай групы з дапамогай ідэалагічна матываванага абразы і ў форме заклікаў да актыўнага супраціву супрацоўнікам праваахоўных органаў.

Пасля гэтага дадзены відэазварот Генадзь распаўсюдзіў у прыватных перапісках у мессенджары WhatsApp, а таксама ў працоўным чаце ў тэлеграме.

На судзе Віялета Вярбіцкая віну не прызнала. Яна распавяла, што па просьбе бацькі запісала на відэа зварот да супрацоўнікаў на прыдваровай тэрыторыі свайго дома. Пры гэтым мэты відэа ёй былі не цікавыя. У канцы свайго выказвання яна паказала рукамі сімвал любові ў выглядзе сэрца. Свой зварот яна пачынала са слоў: “Хочу обратиться к правоохранительным органам, которые давали присягу охранять и защищать свой народ, а вы избиваете и запугиваете нас. Кто же дает вам такие приказы, избивать свой народ, чтобы держать нас в страхе…”

Ірына Саўрыцкая таксама віну не прызнала. Яна распавяла, што таксама запісала відэа па просьбе мужа, але мэты яго былі ёй невядомыя. Пазней яна была абураная фактам стварэння відэароліка, прасіла мужа яго выдаліць.

Генадзь на судзе віну не прызнаў. Ён распавёў, што ў адзін з дзён лета 2020 года на эмоцыях ад убачаных у інтэрнэце звестак аб ужытым з боку супрацоўнікаў гвалце да пратэстоўцаў вырашыў запісаць відэазапіс са зваротам супрацоўнікам з заклікам да абгрунтаванага прымянення сілы. Прыдумаў тэкст выступу, пасля чаго папрасіў сваю дачку яго прачытаць. Таксама ён папрасіў жонку выказацца аб выбарах. 

Першапачаткова яна адмаўлялася, але ён угаварыў яе сказаць на камеру некалькі словаў. Падчас запісу відэа выступы жонкі і дачкі ён паказваў ім далонямі рук сімвал дабра ў выглядзе сэрца, яны паказалі яму ў адказ такі ж сімвал. У гэты ж дзень ён выказаў на відэа пажаданні аб далейшым лёсе краіны, у канцы свайго выступу таксама паказаў сімвал у выглядзе сэрца. Пасля гэтага ён знайшоў у інтэрнэце відэаролікі і змантаваў відэа. У гэты ж дзень адправіў яго некалькім сваім знаёмым і сваякам. Паводле Генадзя, жонка і дачка да стварэння дадзенага роліка адносінаў не маюць. Яны толькі сказалі на камеру некалькі фраз, якія ён папрасіў. 

У выніку суддзя Макарэвіч прызначыў усім па пяць гадоў калоніі. Саўрыцкія абскарджвалі прысуд, але Вярхоўны суд пакінуў яго без зменаў. Ірыну і Віялету Саўрыцкіх адправілі адбываць тэрмін у гомельскую калонію № 4, а Генадзя – у магілёўскую калонію № 15. Усіх уключылі ў “спісы тэрарыстаў”.

Калаж: “Наша Ніва”