Пагоня за п’яным вадзіцелем – выскачыў на хаду, машына з пасажырамі ўткнулася ў гурбу снегу

У вёсцы Нівішчы Горацкага раёна патруль міліцыі спрабаваў спыніць аўтамашыну Audi, аднак кіроўца выбраў уцёкі.

Нягледзячы на тое, што ў аўтамабілі знаходзілася некалькі пасажыраў – усяго ехала чацвёра – вадзіцел на хаду выскачыў з Audi, пасля чаго машына заехала ў снежны сумёт.

Кароткая пагоня сконылася арыштам кіроўцы. Высветлілася, што аўтамабілем кіраваў нецвярозы 31-гадовы жыхар Горак, які раней быў пазбаўлены пасведчання кіроўцы. Цяпер яму пагражае адміністрацыйная адказнасць за нецвярозую паездку, бяспраўнае кіраванне і невыкананне патрабаванняў супрацоўніка міліцыі – паведамляе прэс-служба абласнога УУС.

Змяніце шыны свайго аўтамабіля – акцыя дзяржаўтаінспекцыі стартавала сёння

З 25 лістапада па 5 снежня інспектары ДАІ пачынаюць праверку на дарогах. Па ўсёй рэспубліцы прафілактычныя дзеянні праводзяцца для прадухілення аварый зімой і садзейнічання выкарыстанню зімовых шын.

Вядома, што бяспека на дарозе залежыць на 70% ад гумы. Снежны пачатак пераходнага сезону падштурхоўвае да тэрміновай замены летняй гумы на зімовую. 


Да ведама: Згодна з патрабаваннямі правілаў дарожнага руху, зімовыя шыны павінны быць усталяваны на машыне не пазней за 1 снежня і быць на ёй да 1 сакавіка. “Зіма” усталёўваецца на ўсіх колах транспартнага сродку і павінна мець рэшткавую вышыню ўзору пратэктара не менш за 4 мм.


ДАІ рэкамендуе ўладальнікам аўтамабіляў не чакаць 1 снежня і тэрмінова замяніць шыны машыны на зімовыя.

Фота: “Новости Белыничей

У Горках маніторылі парковачныя месцы для інвалідаў

Займаць месцы для стаянкі транспартных сродкаў людзей з інваліднасцю лічыцца парушэннем Правілаў дарожнага руху, ды і неэтычна па маральных прынцыпах – адзначалі парушальнікам інспектары ДАІ падчас мерапрыемства.

Такія рэйды ў горадзе праводзяцца раз у квартал – піша “Горацкі веснік”. Звычайна правяраюцца паркоўкі каля цэнтральнай раённай бальніцы, стаматалагічнай паліклінікі, крам «Санта» і іншыя. За стаянку на месцы для інвалідаў транспартам, які не мае на гэта права, прадугледжаны штраф да двух базавых велічынь. Падчас горацкага рэйда былі ўстаноўленыя два выпадкі неправамернай паркоўкі. Кіроўцам былі выдадзены папярэджанні, а за паўторнае падобнае парушэнне іх ужо будзе чакаць штраф.

Магілёвец загінуў у Бялыніцкім раёне пад коламі фуры

29-летні кіроўца з Магілёва на фуры DAF учыніў наезд на 48-гадовага жыхара абласнога цэнтра, які знаходзіўся на праезнай частцы дарогі побач са сваім аўтамабілем. Трагдыя адбылася 13 лістапада раніцай, каля вёскі Ермалавічы Бялыніцкага раёна на шашы Магілёў-Мінск – паведамляе ДАІ. 

Фота: ДАІ

 

Начная пагоня за п’яным бяспраўнікам прайшла ў Магілёве

Магілёвец з 2.0 праміле спрабаваў уцячы ад патрульнай машыны на вуліцы Сіманава – паведамляе Тэлеграм-канал прэс-службы абласнога УУС. 47-гадовы мужчына патлумачыў, што знаходзячыся ў Маскве ён пасварыўся са сваёй сяброўкай і вырашыў вярнуцца дадому. Нецвярозым і без правоў, ён быў затрыманы і прайшоў медыцынскае асведчанне. Супраць мужчыны складзена 14 пратаколаў.

Сталі вядомыя падрабязнасці ДТЗ у Магілёве, калі машына наехала на светлафор

За стырном аўтамабіля Audi знаходзілася 40-гадовая жыхарка абласнога цэнтра. Сама яна не пацярпела, а здарэнне адбылося з-за няўважлівасці жанчыны. 24 кастрычніка ў 22:50 яна рухалася па вуліцы Якубоўскага і здзяйсняла паварот на праспект Міра, але не справілася з кіраваннем – паведамляе Тэлеграм-канал прэс-службы абласнога УУС. 

 

На Магілёўшчыне абсталяваны ўжо пяць участкаў дарог з сістэмамі кантролю сярэдняй хуткасці – мапа

Пяты комплекс катролю сярэдняй хуткасці быў устаноўлены ў аграгарадку Рэчыца Чэрыкаўскага раёна – паведамляе Тэлеграм-канал прэс-службы абласнога УУС. Сістэма кантралюе адрэзак трасы Р-43 працягласцю ў 1 кіламетр 366 метраў. 

Адна камера знаходзіцца ў пачатку населенага пункта, а другая ў канцы. Імі аўтаматычна вылічваецца сярэдняя хуткасць праезду населенага пункта. Калі яна перавышае 60км/г, то ўладальнік аўто атрымлівае па пошце квітанцыю на штраф. 

Усе адрэзкі дарог Магілёўшчыны, на якіх ужо абсталяваныя сістэмы кантролю сярэдняй хуткасці можна пабачыць на гэтай мапе (выдзеленыя фіялетавым).

 

 

Жанчына з двумя праміле алкаголю везла на машыне трох сваіх дзяцей у Магілёве

Пасварыўшыся з мужам, яна вырашыла з’ехаць да маці каля апоўначы.

– Прабачце мяне, я толькі атрымала правы – 

спрабавала жанчына ўгаварыць супрацоўнікаў ДАІ. 

Ролік пра затрыманне нецвярозай кіроўцы размясціла на сваім Тэлеграм-канале прэс-служба абласнога УУС. У паведамленні гаворыцца, што 28 верасня на вуліцы Першамайскай нарад ДАІ спыніў 34-гадовую магіляўчанку за рулём аўтамабіля Fiat. Пры праверцы дакументаў у інспектара ДПС узнікла падазрэнне, што жанчына напярэдадні выпівала спіртное.

Пры гэтым на заднім сядзенні яе аўтамабіля знаходзіліся дзеці ва ўзросце 3-х, 5-ці і 7-мі гадоў. Як патлумачыла жанчына, напярэдадні яна пасварылася з мужам і ехала з дзецьмі да сваёй маці.

У Магілёве была начная пагоня за бяспраўнікам на матацыкле

На хлопца склалі 13 пратаколаў.

На вуліцы Чалюскінцаў у Магілёве экіпаж ДАІ даў сігнал аб неабходнасці спыніцца маладому байкеру – паведамляе Тэлеграм-канал прэс-службы абласнога УУС. Хлопец, аднак, толькі паддаў газу і паспрабаваў адарвацца ад патрульнай машыны. У ходзе пагоні ён выяжджаў на паласу процілеглага руху, скіроўваў на ўзбочыну і ўрэшце рэшт пакаціўся ў кювет. Як высветлілася, прычынай уцёкаў была адсутнасць правоў кіроўцы.

Ні матацыкл, ні сам байкер у выніку вымушанага прыпынку не пацярпелі. На маладога чалавека было складзена 13 пратаколаў: за невыкананне патрабаванняў супрацоўнікаў міліцыі аб спыненні, выезд на паласу сустрэчнага руху, адсутнасць права кіравання, парушэнні правілаў манеўравання і іншыя парушэнні.

 

Аўтахамства і парушэнне ПДД у цэнтры Магілёва трапіла на камеру – відэа

Кіроўца машыны ўжо можа чакаць штрафу, і нават пазбаўлення правоў.

На папулярным магілёўскім Тэлеграм-канале з’явілася відэа з ліхой яздой кіроўцы аўтамабіля Audi ў самым цэнтры Магілёва. На скрыжаванні каля Аптэкі №1 па вуліцы Першамайскай аўтааматар крута выварочвае перад машынай, з якой вядзецца здымка. Затым, перасякаючы двайную суцэльную лінію разметкі, прытка абганяе наступны транспартны сродак.

 

На відэа трапіла як мінімум адно парушэнне правілаў дарожнага руху – перасячэнне двайной суцэльнай лініі. Манера ваджэння кіроўцы Audi таксама можа быць ахарактарызаваная як небяспечная.

Магілёўскае ДАІ часта адсочвае гарадскія паблікі, і па выкладзеных у іх відэа з рэгістратараў нярэдка знаходзіць ды карае парушльнікаў ПДД.  Апошні падобны выпадак здарыўся 2 верасня. ДАІ адсачыла кіроўцу, які не прапусціў карэту “хуткай дапамогі” і пазбавіла яго правоў на год. Відэа з парушэннямі правілаў дарожнага руху супрацоўнікі аўтаінспекцыі атрымалі з сацыяльных сетак.