Агароджа здоўж возера Маладзёжнага ў Крычаве аказалася небяспечнай

Крычаўляне неаднаразова звярталі ўвагу на небяспечную і неналежную бакавую агароджу ўздоўж возера Маладзёжнае, асабліва на скрыжаванні вуліц Пугачова і Маладзёжнай. Справа ў тым, што агароджа досыць кволая і не зможа стрымаць аўтамабіль, які, не разлічыўшы, будзе ехаць на вялікай хуткасці. У такой сітуацыі ён патрапіць наўпрост у вадаём.

У сувязі з гэтым крычаўская аўтаінспекцыя на ўчастку дарогі каля былога кар’ера правяла праверку бакавой агароджы і высветліла, што яна не адпавядае тэхнічным патрабаванням арганізацыі дарожнага руху. Пытанне пра небяспечную бакавую агароджу на ўчастку дарогі ўздоўж возера Маладзёжнага на працягу года будзе вынесена на абмеркаванне ў раённай камісіі па бяспецы дарожнага руху, для прыняцця рашэння па ўсталяванню надзейнай бар’ернай агароджы згодна з ўсімі тэхнічнымі патрабаваннямі – паведамляе раённая газета “Крычаўскае жыццё”. 

Возера Маладзёжнае – былы кар’ер, які распрацоўвалі для патрэб мясцовага цэмзавода, а яго глыбыня сягае больш за 30 метраў.  

Фота: “Крычаўскае жыццё” і з адкрытых крыніц

На трох магілёўскіх скрыжаваннях па новаму арганізаваны дарожны рух

На святлафоры, які размешчаны на скрыжаванні вуліц Ціміразеўская – Ленінская, выдалена асобная пешаходная фаза. “Калі рух транспартнага патоку ажыццяўляецца па вуліцы Ціміразеўскай, то пешаходы перасякаюць праезную частку вуліцы Ленінскай. Калі транспарт рухаецца па Ленінскай, то пешаходы пераходзяць дарогу вуліцы Ціміразеўскай” – адзначаецца ў паведамленні УУС аблвыканкама.

Таксама на скрыжаванні вуліцы Гагарына з бульварам Непакораных зменены парадак руху транспарту па палосах. Рух па бульвары Непакораных у напрамку ГЦ «Е-Сіці» з левай паласы ажыццяўляецца толькі налева, з правай – прама і направа.

На скрыжаванні вуліц Габраўская – Маўчанскага павялічаны час уключэння святлафорных секцый для здзяйснення правых паваротаў.

Пешаходам і вадзіцелям трэба быць уважлівымі і сачыць за святлафорамі.