“Не памніце мне грыбы” – у начным тумане выратавалі быхаўскага грыбніка

Познім вечарам 27 верасня ў выратавальную службу Быхава звярнулася жыхарка вёскі Цешым’е. Яе 82-гадовы муж адправіўся па грыбы яшчэ ў 15.00, але заблукаў у лесе. Першым часам муж адзваньваўся па мабільным тэлефоне, але потым тэлефон стаў недасягальным. Сітуацыю ўскладніў моцны туман, які ўпаў на вечаровы лес.

Супрацоўнік выратавальнай службы Быхаўскага раёна распавёў пра пошукі прэс-службе МНС.

“Жонка нам прыкладна апісала квадрат пошукаў. Сітуацыя пагаршалася шчыльным туманам. Рухаючыся на аўтамабілі, мы падавалі сігнал у гучнагаварыцель. І пошукі далі свае станоўчыя вынікі: грыбнік выйшаў з ляснога гушчару на гук. Дзядуля не пацярпеў і перш за ўсё папрасіў: «Не высыпце і не памніце мне грыбы».

Фота: МНС

У Быхаве пройдзе гастрафэст “БульбаСаміт”

30 верасня ў Быхаве на Кастрычніцкай плошчы пройдзе гастранамічны фестываль “БульбаСаміт”. Пачатак у 11.00. Гэта ўжо другое падобнае мерапрыемства, папярэдні “саміт” адбываўся ў 2022 годзе.

Тады ўдзельнікі здзіўлялі публіку незвычайнымі рэцэптамі – торт з дранікаў, дранікі з гарбузом, каўбаса з бульбы “пальцам пханая” – пісала “СБ”. Сёлета на гастрафэсце зноў чакаецца прэзентацыя беларускіх традыцыйных страваў, а таксама майстар-клас па карвінгу (мастацтва выразання па паверхні пладоў) і конкурс на самую буйную агародніну.

Фота: СБ

Пенсіянерка заблукала ў лесе пад Быхавам, яе шукаюць другі дзень

Днём 20 верасня ў дзяжурную службу МНС паступіла паведамленне пра знікненне пенсіянеркі 1960 года нараджэння ў лесе каля вёскі Тайманава Быхаўскага раёна. Для пошукаў жанчыны работнікі лясгаса і МНС задзейнічалі 20 чалавек і 7 адзінак тэхнікі, але знайсці пенсіянерку ў першы дзень пошукаў не здолелі. Пошукі працягваюцца 21 верасня – паведамляе прэс-служба МНС.

Фота ілюстрацыйнае

Па следу босай нагі знайшлі вінаватых у крадзяжы ў Слаўгарадскім раёне

Група гастралёраў з Быхаўскага раёна скрала сена ў суседнім Слаўгарадскім, устанавіць зламыснікаў дапамог след босай нагі.

Сельгаспрадпрыемства Слеўгарадскага раёна выявіла крадзёж некалькіх рулонаў сена, коштам 147 рублёў кожны, каля вёскі Рабінаўка. Аператыўна-следчая група здзейсніла агляд вучасткаў сенажаці, дзе адбыліся злачынствы. Спецыяліст Камітэта судовых экспертыз знайшоў сляды далоняў, транспартных сродкаў і абутку, а таксама след босай нагі на адным з рулонаў сена.

Падчас вышуку было ўстаноўлена, што крадзёж маглі здзейсніць некалькі жыхароў суседняга Быхаўскага раёна. Праз пару дзён чатыры мужчыны ад 16 да 45 гадоў былі затрыманыя на дарозе Слаўгарад-Быхаў, прычым у кузаве грузавіка знаходзіліся тры рулоны скрадзенага сена.

Падчас следчых мерапрыемстваў было высветлена, што сляды рук і абутку належаць мужчынам 25 і 16 гадоў, а след босай нагі (такая экспертыза – рэдкасць для Беларусі) таму ж самаму мужчыне 25 гадоў.

Усяго злодзеі скралі 18 рулонаў сена, кожны раз вывозячы па тры рулоны з поля – піша раённая газета “Прысожскі край”.

Фота: Прысожскі край

Быхаўскі стаматолаг выйграў у латэрэю кватэру ў Мінску

Удзельнік рэкламнай гульні “Удача в придачу” з Новага Быхава доктар-стаматолаг Сяргей Лапух стаў пераможцам 181-га розыгрыша латэрэі – піша “Маяк Прыдняпроўя”. Кватэра знаходзіцца ў элітным жылым комплексе сталіцы “Праменад”.

– Мне падабаецца гандлёвая сетка “Еўраопт”. – пракаментаваў свой выйгрыш Сяргей Лапух – Заўсёды бяру хоць адзін «тавар удачы». Іншы раз еду пасля працы – думаю: «Зайду! На 10 рублёў, але абавязкова нешта куплю, хаця б адзін код вазьму!».

Фота: “Маяк Прыдняпроўя”

Больш за два дзясяткі кустоў канопляў знайшлі ў жыхара Быхаўскага раёна

На заднім двары за гаспадарчымі пабудовамі рос 21 куст забароненай расліны. Акрамя таго, каля 40 г марыхуаны супрацоўнікі наркакантролю знайшлі ў доме – паведамляе УУС.

Затрыманы 65-гадовы мясцовы жыхар, раней неаднаразова судзімы за рабаванне і разбой. Мужчына патлумачыў, што вырошчваў каноплі для ўласнага спажывання.

Фота: УУС

У Быхаве патануў мужчына, яго зацягнула ў вадаварот

Трагедыя адбылася ў Быхаве на вуліцы Вільня. 41-гадовы мужчына разам са сваім зяцем адпачываў на беразе Дняпра і вырашыў пакупацца. Калі ён адплыў ад берага, яго зацягнула ў вадаварот. Зяць змог выцягнуць цела жыхара Быхава на бераг, але было ўжо позна – канстатуюць у МНС.

Фота: МНС

Грыбы і ягады паказалі перавышэнне па радыяцыі ў чатырох раёнах Магілёўшчыны

За лета магілёўскі занальны Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі ўзяў 519 спроб рознай прадукцыі ад насельніцтва на ўтрыманне цэзія-137. Гэта былі і садавіна-гародніна з прысядзібных участкаў, і грыбы-ягады з лесу. Ні адна спроба па прадукцыі, якую грамадзяне вырасцілі на сваіх лецішчах і сядзібах не паказала перавышэнне нарматываў па ўтрыманні радыяцыі. Тое ж адносіцца да прамысловай прадукцыі. 

Пры гэтым у 6 спробах лясной ягады і ў 3 спробах грыбоў, даследаваных пры звароце грамадзян, было ўстаноўлена перавышэнне дапушчальных узроўняў утрымання цэзію-137. Гэтыя прадукты збіраліся ў Магілёўскім, Быхаўскім, Бялыніцкім і Клічаўскім раёнах вобласці – паведамляе прэс-служба ведамства. 

Фота: mogilev.media

 

Дванаццаць рулонаў сена скраў жыхар Быхава ў Слаўгарадскім раёне

Прапажу заўважыў кіраўнік сельгаспрадпрыемства “Урэчанскі” Слаўгарадскага раёна і падаў сігнал у міліцыю. Вечарам 15 ліпеня на полі прадпрыемства каля вёскі Рабінаўка злодзеяў затрымалі – на чале з 25-гадовым жыхаром Быхава яны спрабавалі вывезці тры рулоны сенажу на аўтамашыне. Усяго, як высветлілася, быхаўчанін спрычыніўся да крадзяжу дванаццаці рулонаў сена за некалькі дзён – піша газета “Прысожскі край”.

Фота: “Прысожскі край”

Сёння – дзень ушанавання Баркалабаўскай іконы Божай Маці

24 ліпеня адзначаецца дзень ушанавання Баркалабаўскага абраза Маці Божай – аднаго з найвялікшых шэдэўраў беларускай школы іканапісу. Абраз быў створаны ў XVI – XVII стагоддзях і захоўвае выразныя рысы старажытнавізантыйскай традыцыі.

Абраз амаль увесь час свайго існавання знаходзіўся ў жаночым манастыры ў вёсцы Баркалабава Быхаўскага раёна. Ён захаваўся да нашых дзён у арыгінале, што вялікая рэдкасць для Беларусі. У часы ганенняў на царкву ў савецкую эпоху абраз знікаў з манастыра, а ў 1974 годзе яго выявіла экспедыцыя Дзяржаўнага мастацкага музея БССР.

Сёння ў Баркалабава праходзіць святочная літургія, якую правядуць арцыбіскуп Магілёўскі і Мсціслаўскі Сафроній і біскуп Бабруйскі і Быхаўскі Серафім – паведамляе “Маяк Прыдняпроўя”.

Фота з адкрытых крыніц