Падзеі апошніх гадоў раскідалі беларусаў па свеце. Творцы спрабуюць займацца сваімі справамі і ў эміграцыі.
Аляксандр Ждановіч, вядомы беларускі актор і рэжысёр з канца лютага 2022 года жыве ў Грузіі. Артыст апынуўся на чужыне праз пераслед на радзіме.
Пра жыццё ў выгнанні ён апавядае чытачам Магілёў.media.
Хто такі Аляксандр Ждановіч
Па заканчэнні сталічнага Тэатральна-мастацкага інстытуту ў 1985 годзе Аляксандр Ждановіч працаваў у Нацыянальным драматычным тэатры імя Горкага.
За час артыстычнай кар’еры ўвасобіў на сцэне мноства знакавых вобразаў у п’есах Шэкспіра, Булгакава, Камю ды іншых. З 1982 году, як актор, зняўся ў больш чым сарака мастацкіх фільмах.
Асобная роля, якой Аляксандр Ждановіч прысвяціў 18 год жыцця, гэта Маляваныч у знакамітай дзіцячай «Калыханцы» на беларускім тэлебачанні.
Аляксандр Ждановіч пабываў у сумнавядомым жодзінскім ізалятары. 8 лістапада 2020 году ён быў затрыманы на Маршы народаўладдзя і асуджаны на 8 содняў адміністрацыйнага арышту.
За ўдзел у акцыях пратэсту актора звольнілі з Нацыянальнага драматычнага тэатру.
Незадоўга да ад’езду з радзімы ім сталі цікавіліся спецслужбы, выклікалі на допыт у Дэпартамент фінансавых расследаванняў.
Выехаў у Грузію. У сталіцы краіны Аляксандра Ждановіча пазнаюць. Да яго падыходзяць тутэйшыя беларусы са словамі: «О, Маляваныч, прывітанне!».
Планаў вялікіх не раблю
– Аляксандр, прайшло амаль паўгода пасля Вашага пераезду. Сцішылася дарожная ліхаманка, супакоіліся нервы – што прыгадваецца, якія ўражанні хочаце пераказаць словамі, азіраючыся на апошнія падзеі?
– Ніколі, ні ў якім сне не мог уявіць, што нешта падобнае адбудзецца са мной. Змяняць штосьці ў 58 гадоў дастаткова складана. Аднак, я спрабую вырашаць праблемы ў маім жыцці па меры іх з’яўлення. На сённяшні дзень стараюся рабіць так, як робяць дзеці – жыць адным момантам.
Я не цешуся ілюзіямі, што ўсё хутка скончыцца, што гэта сітуацыя працягнецца нядоўга. Але, і планаў вялікіх не раблю. Не абвяшчаю доўгатэрміновых прароцтваў пра свет і пра жыццё. Шмат пра што можна разважаць, але я лічу, што не маю права навязваць камусьці свае меркаванні, выдаваць уласныя думкі за ісціну ў першай інстанцыі.
Ці адчуваеце сябе выгнаннікам?
Ну, а як жа? Безумоўна! Калі адказаць на гэта пытанне проста, то я час ад часу лаўлю сябе на думцы, што гэта сон. У нейкі момант нібыта прачынаюся, і пытаюся сам у сябе: «А дзе гэта я? Што я тут раблю? Чаму я тут апынуўся?» Зразумела, часам бывае вельмі сумна, але я змагаюся.
Пра магчымае сваяцтва з тэатральным дзеячам пачатку 20 стагоддзя
– У 1920-1921 годзе першым кіраўніком Беларускага дзяржаўнага тэатру быў Фларыян Ждановіч, які ставіў шмат п’ес беларускіх аўтараў на нацыянальнай мове беларусаў. Нядаўна мінула 100 год, а часы цяпер вельмі падобныя – эміграцыя творчай інтэлігенцыі, «чырвоны тэрор», рэпрэсіі ды іншае. Ці ёсць сувязь па лініі продкаў з вядомым тэатральным дзеячам?
– Калі паступаў у інстытут, мноства людзей цікавіліся: «О, Ждановіч! Ці не з тых самых?». Пытанні бянтэжылі, паколькі я быў звычайны дваровы хлапчук, не надта дасведчаны ў гісторыі тэатральнага руху. Мая сям’я не мела ніякага дачынення ні да тэатру, ні да мастацтва ўвогуле.
Зразумела, што факт аднолькавага прозвішча дае вялікую верагоднасць на сваяцкія сувязі, але беспадстаўна сцвярджаць, безумоўна, не варта. Толькі аднойчы ў мяне быў непасрэдны кантакт з сям’ёй Фларыяна Ждановіча. За савецкім часам у Астрашыцкім Гарадку быў дом адпачынку «Тэатральны». Некалькі разоў мы адпачывалі там з сям’ёй.
Прыехалі чарговы раз, калі разгортваліся падзеі з ГКЧП (Дзяржаўны камітэт па надзвычайным становішчы ў СССР – самаабвешчаны орган улады ў СССР, які існаваў з 18 па 21 жніўня 1991 года). Менавіта тады сустрэўся з яго дачкой – Ірынай Фларыянаўнай Ждановіч. Жанчына была ўжо сталага ўзросту. Мы прадставіліся, пазнаёміліся, яна запрасіла ў госці, правялі разам вечар. Болей ніякіх сувязяў не ўгадваецца.
Сольны канцэрт адбыўся ў Жодзінскай турме, у камеры №34
– Напрыканцы нашай размовы хацелася б даведацца пра тэатральную праграму «Часы не выбіраюць», па сутнасці Ваш аўтарскі вечар, які павінен адбыцца 26 ліпеня ў Тбілісі.
– Перадгісторыя гэтай праграмы такая. Калі ў Мінску праходзілі дваровыя канцэрты ў 2020 годзе, я бываў на іх, слухаў, прыглядаўся. З «белай зайздрасцю» назіраў, як спяваюць розныя выканаўцы.
А я не спяваю, так вось атрымалася. Аднак мне хацелася нейкага ўдзелу. Праграмы для індывідуальных выступаў у мяне былі, але зусім іншыя. Зразумела, я шмат чытаў, шмат меў вершаў у сваім рэпертуары. Але нічога, так бы мовіць, «актуальнага» да падзей 2020 года ў мяне не было.
І вось, я пачаў шукаць матэрыял, збіраць вершы, каб яны адпавядалі трагічным і глабальным падзеям самых апошніх часоў. І гэта ўсё зацягнулася да таго моманту, пакуль мяне не схапілі на адным з маршаў пратэсту.
І першы мой сольны канцэрт адбыўся ў Жодзінскай турме, у камеры №34. Гэта была «зала» з усімі прыкметамі тэатральнай. Нават выглядала як амфітэатр: вось тут «параша» нібыта з прыступкамі, тут «кармушка» (дзверы), а насупраць – нібыта «партэр», «бельэтаж», «балкон», дзе сядзелі, ляжалі мужыкі, а я ім чытаў Бродскага.
Пасля таго, як я выйшаў на свабоду, мы яшчэ час ад часу збіраліся на раёне – па чыіхсьці хатах, кватэрах. Гэта былі сапраўдныя нелегальныя, альтэрнатыўныя кватэрнікі. Але потым усіх пачалі «зачышчаць», «прэсаваць» – ператрусы, вобшукі, арышты, выклікі ў міліцыю, пагрозы…
Вось, такім чынам і ў такіх умовах нараджалася гэта праграма. Прыходзьце ўсе, хто жадае. Будзе шмат чаго чытацца з найлепшых твораў як беларускай літаратуры, так і замежнай: творы Максіма Багдановіча, Уладзіміра Караткевіча, Анатоля Сыса, Іосіфа Бродскага, Восіпа Мандэльштама. Асноўная тэма якіх – выклікі сучаснасці, якія былі ў жыцці творцаў ва ўсе часы.