Асіпаўчанка асуджана на 15 гадоў калоніі за забойства маці

Магілёўскі аблсуд асудзіў 35-гадовую жыхарку Асіповічаў, якая забіла сваю 56-гадовую бездапаможную маці.

Цягам некалькіх месяцаў абвінавачаная, якая мае ўласнае малалетняе дзіця, жыла разам з маці і даглядала яе. Пацярпелая амаль не магла самастойна перасоўвацца і патрабавала пастаяннай дапамогі.

Трагедыя адбылася ў снежні 2025 года. Паводле матэрыялаў справы, падчас сямейнага канфлікту дачка, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення, нанесла маці не менш за 45 удараў рукамі і нагамі па розных частках цела.

У судзе адзначылі, што абвінавачаная разумела: яе маці не здольная абараніцца або аказаць супраціў. Ад атрыманых траўмаў жанчына памерла на месцы.

Абвінавачаная прызнала віну часткова. Аднак суд палічыў, што яе віна цалкам пацвярджаецца даследаванымі доказамі.

Акалічнасцю, якая абцяжарвае адказнасць, суд прызнаў здзяйсненне злачынства ў стане алкагольнага ап’янення. У якасці змякчальных абставінаў былі ўлічаны раскаянне і наяўнасць на ўтрыманні малалетняга дзіцяці. У выніку жанчыне прызначылі 15 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Прысуд пакуль не ўступіў у законную сілу.

Фотаздымак з адкрытых крыніц