Новы мэр Магілёва пасварыўся з начальнікам ДАІ?

Беларускія СМІ паведамляюць пра камічныя разборкі паміж двума прадстаўнікамі вертыкалі ў Магілёве.

Гаворыцца, што высвятленне адносін паміж функцыянерамі па прынцыпе “хто галоўны” выклікае насмешкі ў асяроддзі гарадскога і абласнога чынавенства.

Нібыта нядаўна прызначанага старшыню гарвыканкама Аляксандра Студнева вырашыў асабіста наведаць дзеля знаёмства начальнік ДАІ упраўлення унутраных спраў Магілёўскага аблвыканкама Віктар Ротчанкаў. Але паспрабаваў без папярэдняй дамоўленасці, проста вырашыў прыехаць і зайсці ў яго працоўны кабінет. 

Ротчанкава не прынялі, параіўшы прытрымлівацца субардынацыі і запісвацца на прыём да старшыні гарвыканкама загадзя.

– На наступны дзень непадалёк ад выканкама стаяў экіпаж ДАІ, які спыніў машыну новага мэра. – паведамляюць беларускія СМІ па словах абазнаных крыніц –  На пытанне «Ці вы ведаеце, каго вы спыняеце?» інспектар адказваў нешта кшталту «Ведаю, таму і спыняю». Пасля прынізлівых працэдур праверкі дакументаў Студневу выпісалі штраф за таніроўку шкла і прымусілі аддзіраць таніроўку на месцы.

Аляксандр Студнеў быў прызначаны ў кастрычніку 2022 года на пасаду старшыні гарвыканкама, а Віктар Ротчанкаў пераведзены ўзначальваць абласное ДАІ ў 2021 годзе. Раней ён займаў пасаду начальніка ДАІ мінскага аблвыканкама.

Фота ўзята з адкрытых крыніц.