Часы Театральная площадь Могилев

Гадзіннік на тэатральнай плошчы ў Магілёве зноў паламаўся – ўжо трэці за два гады

Шматпакутны гадзіннік на тэатральнай плошчы ў Магілёве зноўку спыніўся. Спробы дзяржаўнай камунальнай службы аднавіць працу механізма працягваюцца ўжо трэці год і трэці год церпяць фіаска.

Вулічны гадзіннік на тэатральнай плошчы ўжо дзесяцігоддзямі з’яўляецца адным з сімвалаў Магілёва. Яго ўсталявалі на будынку па вуліцы Першамайскай, насупраць драмтэатра, адразу ў пасляваенныя гады, аднак бліжэй да закату савецкай эпохі механізм на ім быў цалкам раскрадзены невядомымі – уваход у памяшканне для абслугоўвання гадзінніка быў практычна вольны.

У пачатку 1990-х гадоў магілёўскі майстар і ўмелец Генадзь Галоўчык стварыў новы механізм, які абслугоўваў да 2021 года. Тады Галоўчыка звольнілі з пасады гадзіннікавага майстра пры ЖЭУ-1 Ленінскага раёна. З гэтага моманту для гадзіннікавага механізма пачаліся цяжкія часы. Спачатку ён проста стаяў амаль два гады без ніякага абслугоўвання. Нарэшце, у студзені 2023 года было абвешчана пра стварэнне новага механізма тэатральнага гадзінніка. Над праектам працавала ўнушальная каманда з пятнаццаці чалавек. Механізм, створаны Генадзем Галоўчыкам, быў выкінуты, а на яго замену паставілі электронны.

Ужо ў першыя ж дні новы механізм пачаў даваць збоі. У магілёўскай прэсе пра гэта не гаварылася, аднак крыніцы mogilev.media паведамлдяюць, што без асаблівай шуміхі няўдалы электронны гадзіннік на тэатральнай плошчы неўзабаве замянілі на цалкам новы механізм, таксама электронны. Аднак, нармальна працаваць не атрымалася і ў яго, і ўжо ў траўні гэтага года гадзіннік зноў быў адпраўлены на “планавы рамонт”.

“Специалисты предприятия “Горсвет” проводят плановый ремонт городских часов, расположенных на фасаде дома №12 по ул.Первомайской” – заяўляў гарадскі паблік “Магілёў – мой горад!” Аднак, насамрэч за “планавым рамонтам” хавалася замена механізма на цалкам новы, ужо трэці за два гады гадзіннік. Як паказваюць назіранні – не спраўляецца і ён. Гадзіннік на тэатральнай плошчы ўсё так жа ламаецца, і часам па шмат гадзін стаіць.

← Усе навіны Магілёва