Дзень у гісторыі. 6 лютага

Дзень у гісторыі. 6 лютага. Дзень бармэна і без мабільнага тэлефона. Чатырохмоўе БССР. Нарадзіліся паэт Аркадзь Куляшоў, мастак Уладзімір Стальмашонак

Міжнародны дзень бармэна (International bartender day, з 1951 года).

Устаноўлены  ў дзень утварэння  Міжнароднай асацыяцыі бармэнаў і ў дзень Святога Аманда – апякуна вінаробаў, півавараў.

У ЗША ў час «залатой ліхарадкі» ўладальнікі крамаў увялі моду на продаж разліўных спіртных напояў. Аматараў выпіўкі аказалася так шмат, што гаспадарам гандлёвых кропак прыйшлося наняць яшчэ аднаго чалавека, спецыяльна для продажу спіртнога. І выдзеліць яму асобнае месца з бар’ерам.

Бармэн – «чалавек за стойкай» – майстар прыгатавання дзіўных напояў для падняцця настрою. Ён трошачкі чараўнік, трошачкі артыст і трошачкі псіхолаг.

І ад бармэна, часта, залежыць поспех установы. І самае галоўнае ў гэтай справе – здолець адгадаць жаданне, адчуць густы кліента, а для гэтага трэба быць не проста камунікабельным і прыемным у зносінах, але і валодаць якасцямі сапраўднага псіхолага. Бо часта кліентам патрэбна не толькі выпіўка, але і спачуванне, разуменне і ўменне слухаць.

У працы бармэна існуе тры асноўныя стылі: класічны, флейрынг (фрыстайл) і спідміксінг.

Класічны стыль запатрабаваны ў дарагіх элітных установах, галоўнае ў ім стрыманасць.

Фрыстайл – стыль, які прадугледжвае свабодныя дзеянні бармэна за стойкай, нешта сярэдняе паміж тэатральным шоў і звычайнай працай бармэна. Тут выкарыстоўваецца і жангліраванне ёмістасцямі, і піратэхнічныя эфекты.

Спідміксінг – гэта стыль, які прадугледжвае хуткае змешванне напояў пры абавязковым выкананні рэцэптур кактэйляў.

У Беларусі бармэны з’явіліся ў 1965 гоздзе, калі пачалі масава прязджаць замежныя турысты.

1191 год. Папа Рымскі Клімент ІІІ зацвердзіў статут Тэўтонскага ордэна.

Ордэн тэўтонскіх рыцараў шпіталя святой Марыі ў Іерусаліме, Нямецкі, Прускі – духоўна-рыцарскі ордэн у Акры, які складаўся толькі з немцаў. 

У 1226 годзе ордэн захапіў частку Мазовіі, як плацдарм ва Усходняй Еўропе і ў наступныя стагоддзі ўсталяваў кантроль над усім балтыйскім узбярэжжам, меў сталіцу ў горадзе Марыенбург (Мальбарк).

Магутнасць Ордэна зломлена ў Грунвальдскай бітве 1410 года. Па Таруньскім міры 1466 года ордэн прызнаў сябе васалам Польшчы.

Ордэн адноўлены ў Аўстрыі ў 1834 годзе ў якасці каталіцкага шляхецкага саюза. Пасля 1918 года існуе толькі святарская галіна ордэна з рэзідэнцыяй у Вене. Таксама Тэўтонскі ордэн працягвае існаваць у межах пратэстантызму ў Утрэхце.

1800 год. Нарадзіўся Ігнат Кулакоўскі. 

Беларускі дзяржаўны дзеяч, педагог, паэт, перакладчык. Прадзед Людвікі Сівіцкай (Зоські Верас).

Працаваў суддзёй, наглядальнікам, апекуном вучэльняў, бібліятэк Гродзенскай губерні, дырэктарам Беластоцкай гімназіі, членам Савета беластоцкага Інстытута шляхетных дзяўчат.

Член Гродзенскага губернскага статыстычнага камітэта, Віленскай археалагічнай камісіі, Лонданскага геаграфічнага таварыства, Таварыства даследнікаў старажытнасцей у Капенгагене.

Ведаў лацінскую, санскрыт, французскую, італьянскую, іспанскую, рускую, чэшскую, нямецкую і шведскую мовы, з якіх рабіў пераклады.

Увайшоў у гісторыю найперш дзякуючы сваёй вялікай «Запісцы…» (1834) у Міністэрства народнай асветы, у якой патрабаваў увядзення выкладання «гісторыі краю, славянскай мовы і літаратуры», вывучэння «народных гаворак» у школах краю і стварэння адмысловых падручнікаў для беларускага юнацтва. На думку Кулакоўскага, гэтыя падручнікі павінны знаёміць вучняў з уласнай гісторыяй беларусаў.

Збіраў гістарычныя матэрыялы, прадметы нацыянальнай даўніны, склаў «Кароткае гістарычнае апісанне г. Гродна», «Статыстычнае апісанне гарадоў Гродзенскай губерні». Аўтар вершаў.

Памёр у 1870 годзе.

1887 год. Нарадзіўся Уладзіслаў Талочка. 

Беларускі рэлігійны і культурна-асветны дзеяч, культуролаг, гісторык, літаратурны крытык.

Служыў святаром у Вільні, адзін з ініцыятараў і арганізатараў Віленскага камітэта дапамогі пацярпелым ад вайны, беларускага дзіцячага прытулку «Золак», член  беларускай  «Хрысціянскай дэмакратычнай злучнасці», актыўны ўдзельнік беларускіх ініцыятыў.

За сваю дзейнасць з 1920-х гадоў пераследаваўся польскімі свецкімі і духоўнымі ўладамі.

Адзін з першых каталіцкіх святароў, хто ўжыў беларускую мову ў набажэнствах.

Падтрымліваў выданне каталіцкай газеты «Беларус», выкладаў рэлігію ў беларускіх школах, на курсах для непісьменных рабочых.

Прыхільнік ідэі экуменізму.

Памёр 13 лістапада 1942 года.

1898 год. Нарадзіўся Леў Акіншэвіч. 

Беларускі і ўкраінскі гісторык, мемуарыст, правазнавец.

Актывіст беларускага нацыянальнага руху, працы беларускай дыяспары ва Украіне, грамадзянін БНР. 

Працаваў ва Украінскай акадэміі навук, спецыялізаваўся ў галіне беларускага, украінскага і польскага права, даследаваў гісторыю казацтва на Беларусі. Супрацоўнічаў з Інбелкультам і Беларускай акадэміяй навук.

Аўтар прац пра казацтва на Беларусі, па гісторыі права на Беларусі і Украіне. Быў асабіста знаёмы з беларускімі навукоўцамі У. Пічэтам, Яз. Лёсікам, С. Некрашэвічам, В. Ластоўскім, Д. Даўгялам, пісьменнікамі Я. Коласам, Я. Купалам, Ц. Гартным і іншымі.

У 1932 за адмову стаць сакрэтным супрацоўнікам НКУС звольнены з работы ў акадэміі навук, потым – абвінавачаны ў беларускім і ўкраінскім нацыяналізме. 

Працаваў прафесарам Нежынскага педінстытута, у Казахстане, Смаленску.

У Смаленску прызваны ў армію, трапіў у нямецкі палон, пасля вызвалення з яго, працаваў  у Кіеўскім універсітэце, Львове,  ва Украінскім вольным універсітэце ў Празе, у Мюнхене.

У 1949 годзе пераехаў у ЗША. Выкладаў у Калумбійскім універсітэце, працаваў у Даследчым цэнтры па вывучэнні СССР у Вашынгтоне, пасля ў бібліятэцы Кангрэса ЗША, супрацоўнічаў з беларускіміі і ўкраінскімі арганізацыямі.

Памёр 7 лістапада 1980 года.

У 2021 годзе ў мінскім “Кнігазборы” выдадзена кніга “Леў Акіншэвіч. Выбранае”.

1914 год. У  в. Саматэвічы Касцюковіцкага раёна нарадзіўся Аркадзь Куляшоў. 

Народны паэт Беларусі. Заслужаны работнік культуры Украіны.

Вучыўся ў Мсціслаўскі педтэхнікуме, Беларускім педінстытуце.

Аўтар вершаў, многіх дзясяткаў кніг паэзіі, зборнікаў, паэм, балад, Збораў твораў у 2-х, 4-х, 5-ці тамах.

Сааўтар сцэнарыяў фільмаў «Чырвонае лісце», «Першыя выпрабаванні» (па трылогіі Якуба Коласа «На ростанях») і «Запомнім гэты дзень».

Перакладчык твораў рускіх і еўрапейскіх класікаў.

Лаўрэат Дзвух Дзяржаўных прэмій СССР за паэмы «Сцяг брыгады», «Новае рэчышча», Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы за пераклады вершаў і паэм М. Лермантава, «Энеіды» І. Катлярэўскага і «Спева аб Гаяваце» Г. Лангфела, прэміі Ленінскага камсамола Беларусі.

Імя паэта носяць вуліцы ў Мінску і ў Магілёве, Магілёўскі дзяржаўны ў ніверсітэт. Працуе Літаратурны музей А. Куляшова, устаноўлена Літаратурная прэмія імя А.Куляшова.

Памёр 4 лютага 1978 года.

1921 год. Выйшаў дэкрэт, які надаў беларускай, яўрэйскай (ідыш), польскай і рускай мовам статус дзяржаўных у БССР. 

Гэта паспрыяла яднанню народаў, спрыла развіццю культур, стварэнню газет, часопісаў, тэатраў, нацыянальных суполак, нават, справаводства – суды вяліся на чатырох мовах. Наданне чатыром мовам статусу дзяржаўных было адлюстравана і ў гербе БССР.

1928 год. Нарадзіўся Уладзімір Стальмашонак.  

Беларускі мастак. Народны мастак, Заслужаны дзеяч мастацтваў.

Выкладаў у Беларускай акадэміі мастацтваў, з’яўляўся старшынёй праўлення Саюза мастакоў Беларусі.

Працаваў у галіне станковага жывапісу, манументальнага мастацтва, графікі, дэкаратыўна-афарміцельскага мастацтва. 

Аўтар партрэтаў Якуба Коласа, Р. Шырмы, Ф. Скарыны, Кірылы Тураўскага, Пятра Мсціслаўца, Ефрасінні Полацкай і іншых. 

Аўтар больш за 20 партрэтаў прадстаўнікоў роду Радзівілаў, шматлікіх карцін, прысвечаных князям ВКЛ, малюнкаў, акварэляў. 

Работа «Вольга Мініч з вогненнай вёскі» стала галоўнай ілюстрацыяй да кнігі «Я з вогненнай вёскі». 

Аўтар карціны «Зона», прысвечанай Чарнобыльскай трагедыі, 18 вітражоў для рэстарана «Мінск» у Патсдаме, вітража для станцыі метро «Плошча Перамогі», мазаікі на станцыі «Маскоўская», 24 партрэтаў ганаровых грамадзян Беларусі для залі прыёмаў і пасяджэнняў Мінскай ратушы.

Памёр 7 чэрвеня 2013 года.

1963 год. Нарадзіўся Валеры Гапееў. 

Беларускі пісьменьнік і журналіст.

Працаваў у раённай газеце «Івацэвіцкі веснік», стварыў сайт «Івацэвіцкі край».

Друкаваўся ў часопісах «Бярозка», «Першацвет», «Полымя», «Маладосць».

Аўтар твораў у супольных зборніках, 12 кніг. Лаўрэат 4 літаратурных прэмій, у тым ліку «Залаты апостраф» часопіса «Дзеяслоў», прэміі Цёткі.

2020 год. Памёр Кірк Дуглас (Ісэр Даніеловіч). 

Амерыканскі кінаакцёр і прадзюсар. 

Амерыканскі Інстытут Кіно прызнаў яго адным з лепшых кінаакцёраў усіх часоў. Сярод яго самых вядомых фільмаў – «Спартак» (загалоўная роля), «Сем дзён у траўні», «Прага жыцьця».

З гомельскіх і чавускіх яўрэяў. Яго бацькі, Гершэл і Брына Даніеловіч эмігравалі ў ЗША з Чавусаў.

Тройчы намінаваўся на «Оскар» (за ролі ў фільмах «Чэмпіён», «Злодзей і прыгажуня» і «Прага жыцця»), узнагароду атрымаў толькі ў 1996 годзе.

Атрымаў шэраг узнагародаў, у тым ліку зорку на Галівудскай Алеі Славы. У яго гонар названы праспект у горадзе Палм-Спрынгз, штат Каліфорнія.

Займаўся гуманітарнай дапамогай, за што атрымаў Прэзідэнцкі Медаль за Свабоду, Ордэн Французскага Легіёна, Нацыянальны Медаль за дасягненні ў галіне мастацтва. Быў паслом добрай волі ў Дэпартаменце ЗША.

Бацька акцёраў Майкла, Эрыка Дугласаў, прадзюсараў Джоэля, Пітэра Дугласаў.