Чатыры гады таму ў Крычаве знік ліцэй абласнога ўзроўню

Чатыры гады таму ў Крычаве знік ліцэй абласнога ўзроўню

З нагоды навучальнага году варта прыгадаць сумную падзею, а менавіта ціхае і незаўважна знікненне некалі слаўнай і моцнай адукацыйнай установы Крычава – “Магілёўскага абласнога ліцэя № 4”. Прычым шыльда “Добро пожаловать” на ўваходных дзвярах у галоўны будынак вісіць дагэтуль.

Месціўся абласны ліцэй па вуліцы Савецкай, 102 і ўключаў у сябе двухпавярховы вучэбны корпус, а таксама пяціпавярховы інтэрнат для іншагародніх навучэнцаў. З’явілася навучальная ўстанова ў 1996 годзе, хоць навучальны комплекс быў пабудаваны яшчэ ў 1970-м годзе. Аднак да гэтага часу тут размяшчалася мясцовая ПТВ-112 (прафесіянальна-тэхнічная вучэльня), пра што нагадвае аўтадром – асобна агароджаная тэрыторыя ад вучэбнага корпуса. Якраз з моманту заснавання да першай паловы 2000-х гг. з’яўляецца часам росвіту навучальнай установы, калі самыя моцныя навучэнцы наведвалі менавіта абласны ліцэй Крычава. Вучні ліцэя паказывалі вельмі высокія вынікі па розных дысцыплінах. Высокі ўзровень ведаў вучняў быў з-за таго, што школьнікі паступалі ў ліцэй на конкурснай аснове, пагэтаму вучыліся ў ёй тыя, хто лепш здаваў уступныя іспыты. Больш за тое, вучні прыязджалі з розных раёнаў і школ, што стварала сярод жадаючых паступіць у ліцэй сур’ёзную канкурэнцыю і адпаведна натуральным чынам стваралася высокая планка ведаў.

Абласны ліцэй Крычава быў самай моцнай установай у горадзе па падбору настаўніцкіх кадраў і вынікаў, якія паказвалі вучні на алімпіядах і конкурсах. 

З цягам часу ўзровень вучняў стаў падаць, а ліцэй перастаў быць непераможным канкурэнтам у навучальным працэсе, скарацілася фінансаванне. Пэўныя вынікі ўстанова паказвала і ў другой палове 2000-х, аднак у гэтыя часы ёй практычна не саступала тагачасная Гімназія №6. Апошнія ж гады абласны ліцэй  знаходзіўся ў закаце сваёй слаўнай гісторыі.

Важна заўважыць, што практычна заўсёды дырэктарам абласнога ліцэя Крычава быў Міхайлаў Міхаіл Мікалаевіч. Ён характарызаваўся з боку супрацоўнікаў навучальнай установы часта з негатыўнага боку і быў перадусім чыноўнікам, які не цураўся хабару, не надта заахвочваў іншадумства, нязгодных са сваім стылем кіравання імкнуўся выціснуць з установы. Відавочна, што менавіта яму варта адрасаваць шэраг пытанняў, якія тычацца зніжэння ўзроўню ліцэя і ўрэшце яго поўнай ліквідацыі. Апошнія гады некалі славуты ліцэй з’яўляўся ўжо бясслаўнай установай з кучай праблем, якую было прасцей зачыніць чымся ўкласці шмат намаганняў у яе адраджэнне.  

Пытанне пра канчатковае закрыццё ліцэя ў Крычаве вырашалася на ўзроўні абласнога аддзела адукацыі пры некаторым удзеле мясцовага крычаўскага чынавенства. Урэшце рэшт у 2018 годзе было прынята рашэнне аб ліквідацыі навучальнай установы, пагэтаму навучальны год 2018/2019 стаў апошнім. Апошні дзень працы ліцэя прыпаў на 31 ліпеня 2019 года.

Цяпер ганак былога ліцэя выглядае недагледжаным, якія патрабуе капітальнага рамонту, як і некаторыя элементы прылеглай тэрыторыі. Інтэрнат ліцэя на сёння закансерваваны, а ў сталовай вучэбнага корпуса адкрыты швейны цэх. Што чакае ў далейшым комплекс будынкаў былога ліцэя незразумела, аднак відавочна што знікненне перадавой навучальнай установы – гэта ўдар па адукацыі ў Крычаве.  

Фота mogilev media