Пьяны кіроўца спрабаваў даць хабар ДАІшнікам пад Магілёвам

Нецвярозы вадзіцель грузавіка быў затрыманы каля аграгарадка Вейна Магілёўскага раёна. У 29-гадовага мужчыны аказалася 1,7 праміле алкаголя паводле алкатэстара. Нягледзячы на тое, што супрацоўнікі ДАІ ў абавязковым парадку носяць нагрудныя камеры, кіроўца грузавіка паспрабаваў даць ім хабар у 30 000 расійскіх рублёў, паклаўшы грошы пад сядзенне міліцэйскага аўто. Супраць яго ўзбуджаная крымінальная справа – паведамляе прэс-служба абласнога УУС.

Фота: УУС, скрыншот

18-гадовы крычаўлянін здзекваўся над малодшай сястрой на камеру пад маўклівую згоду бацькоў

Паўнагадовы крычаўлянін здзекаваўся з 9-гадовай сястры, наносячы пабоі. Пракуратура ініцыявала адміністрацыйны працэс, а бацькі да ўчынкаў сына не маюць прэтэнзій.

У жніўні ў сацсетках з’явілася відэа агіднага зместу: хлопец здзекуецца над маленькай дзяўчынай, якая плача, б’е яе па твары тапком, рукамі па галаве, цягае за валасы, у той час, як яго сябар здымае гэта на камеру і смяецца. Відэа хутка было выдаленае, але супрацоўнікі міліцыі ім зацікавіліся і пачалі высвятляць абставіны.

Як аказалася, 18-хлопец вырашыў паздзекавацца з сваёй 9-гадовай сястры: наносіў пабоі, прычыняў боль, фізічныя і псіхічныя пакуты.

Пракуратура Крычаўскага раёна ініцыявала адміністрацыйны працэс у дачыненні да маладога чалавека. На дадзены момант справа перададзена ў суд, хоць бацькі хлопца прыцягваць хлопца да нейкай адказнасці не пажадалі і патлумачылі, што прэтэнзій да яго не маюць, заяву пісаць адмовіліся паведамляе раённая газета “Крычаўскае жыццё”. 

Таксама поўнагадовы хлопец разам з бацькамі быў выкліканы на прафілактычную размову з пракурорам раёна Станіславам Прахарэнкам, дзе апошні ўшчуваў бацькоў за іх  раўнадушша, а 18-гадовага “байца” за недапушчальныя і нізкія ўчынкі ў дачыненні да блізкага чалавека.

Фота ілюстрацыйнае

Пракуратура знайшла незаконную рэкламу на дамах па ўсім Магілёўскім рэгіёне

Аб’явы пра мікракрэтыды, развешаныя на пад’ездах жылых дамоў у Асіповічах, Бабруйску, Магілёве парушалі дзейснае заканадаўства – выявілі ў Генпракуратуры. Так, у аб’явах адсутнічалі звесткі аб памеры гадавой працэнтнай стаўкі, інфармацыя аб нарматыўных прававых актах, згодна з якімі рэкламадавец дае наўзаем грашовыя сродкі – як патрабуе заканадаўства.

У Магілёве выяўлены 21 выпадак размяшчэння індывідуальнымі прадпрымальнікамі аб’яў з тэкстам: «Деньги. Заем по договору. Официальное трудоустройство не обязательно» на пад’ездах і інфармацыйных дошках жылых дамоў, дзе былі пазначаны толькі мабільныя тэлефоны і ўліковыя нумары плацельшчыкаў.

Адзначаецца, што мясцовыя органы ўлады пакідалі падобныя аб’явы без ніякай увагі. Па патрабаванні пракурора горада Магілёва ў дачыненні да асоб, якія размясцілі аб’явы, Магілёўскі гарвыканкам ініцыяваў адміністрацыйныя працэсы па артыкуле 13.9 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Фота: Генпракуратура

У лазні пад Бялынічамі мужчына атрымаў апёкі 70% цела

У вёсцы Забалоцце Бялыніцкага раёна ноччу 18 верасня адбыўся пажар у лазні. На месцы ратавальнікі знайшлі мужчыну 1967 года нараджэння – ён атрымаў апёкі 70% цела. У гаспадарцы пацярпелы пражывае са сваёй маці 1942 года нараджэння. Ён шпіталізаваны – паведамляе “Зара над Друццю”.

Фота: МНС

Цягам 2023 года ў Краснаполлі супрацоўнікамі міліцыі былі дэпартавана 5 замежнікаў

У 2023 годзе Краснапольскім РАУС выдварана (выслана і дэпартавана) з краіны 5 замежнікаў. За парушэнне міграцыйнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута яшчэ 9 іншаземцаў паведамляе краснапольская раённая гаета “Чырвоны сцяг”.

Адзначым, што на падставе рашэння аб дэпартацыі або высылцы замежны грамадзянін або асоба без грамадзянства ўключаецца ў спіс асоб, уезд якіх у Рэспубліку Беларусь забаронены або непажаданы. Дэпартаванаму іншаземцу ўезд у Рэспубліку Беларусь можа быць забаронены на тэрмін ад шасці месяцаў да пяці гадоў. Высланаму іншаземцу ўезд у Рэспубліку Беларусь можа быць забаронены на тэрмін ад шасці месяцаў да дзесяці гадоў.

Фота “Чырвоны сцяг”.

У Магілёве ў чацвёрты раз пройдзе Міжнародны марафон

1 кастрычніка ў Магілёве пройдзе традыцыйны марафон. Забег запланаваны на трох дыстанцыях – класічная марафонская ў 42 кіламетры і 195 метраў, а таксама два кароткія маршруты на 4 і 10 кіламетраў.

Пераможца марафона атрымае грашовую прэмію ў 3 000 рублёў. На гэты час у марафоне зарэгістраваліся ўдзельнікі з Беларусі, Расіі і Кітая – піша “Веснік Магілёва”.

Магілёўскі марафон пачаў праводзіцца з 2017 года. У час пандэміі каронавіруса яго адмянялі, папярэдняе легкаатлетычнае спаборніцтва адбывалася ў маі 2022 года.

Фота ілюстрацыйнае

Мсціслаўчанін з сябрам курылі гашыш каля пад’езда — у выніку арганізатар адпачынку паедзе на зону

У Мсціславе супрацоўнікі праваахоўных органаў затрымалі маладых людзей, якія курылі гашыш. На аднаго з іх заведзена крымінальная справа

Па папярэдніх дадзеных наркатычнае рэчыва на тэрыторыю Мсціслаўскага раёна правёз 18-гадовы мсціслаўчанін, які навучаецца ў Смаленску. Пакурыць гашыш малады чалавек вырашыў разам са сваім сябрам. Пасля ўжывання наркотыка ля аднаго з пад’ездаў шматпавярховак горада іх затрымалі супрацоўнікі міліцыі.

Экспертыза паказала, што курыльная сумесь, якую прывёз мсціслаўчанін, з’яўляецца наркатычным рэчывам — паведамляе мсціслаўская раённая газета “Святло кастрычніка”

У выніку ў дачыненні да 18-гадовага жыхара Мсціслаўля ўзбуджана крымінальная справа. Яму пагражае пакаранне ад 3 да 7 гадоў пазбаўлення волі.

Фота ілюстрацыйнае

З пачатку года на Магілёўшчыне зарэгістравана больш 130 новых выпадкаў ВІЧ

Пераважная большасць новых выпадкаў захворвання адбыліся полавым шляхам. Большасць хворых – людзі старэйшыя за 30 гадоў.

Усяго за восем месяцаў гэтага года на Магілёўшчыне зарэгістраваны 132 новыя выпадкі ВІЧ-інфекцыі. Паказчык захворвання – 11, 7 на 10 тысяч чалавек. 

Максімальная колькасць новых выпадкаў (261) зарэгістравана ў Гомельскай вобласці, мінімальная – у Віцебскай (77). Усяго ў краіне за гэты перыяд зарэгістравана 1004 выпадкі ВІЧ-інфекцыі.

У эпідэмічны працэс уцягнуты ўсе ўзроставыя групы насельніцтва, аднак, асноўная доля грамадзян, у якіх упершыню выяўляюць вірус – людзі старэйшыя за 30 гадоў – больш за 87,5%. За студзень-жнівень 2023 г. удзельная вага асоб, інфікаванне якіх адбылося палавым шляхам, складае 82,9%, доля парэнтэральнага шляху перадачы ВІЧ складае 14,8%. Большасць (удзельная вага), уцягнутых у эпідэмічны працэс па ВІЧ-інфекцыі за студзень-жнівень 2023 года – мужчыны (больш за 60%) паведамляюць “Магілёўскія ведамасці”.

Фота ілюстрацыйнае

Сезон восеньскіх кірмашоў стартуе ў Магілёве з наступных выходных

Пачынаючы з 23 верасня ў Магілёве кожную суботу і нядзелю будуць праводзіцца сельскагаспадарчыя кірмашы. Першыя такія кірмашы пройдуць 23 і 24 верасня каля гандлёвага цэнтра “Крыніца” ў мікрараёне “Саломінка” (з 10.00 да 16.00) і каля спартыўнага комплекса “Н2О” на вуліцы Златавустоўскага (з 9.00 да 15.00).

Восеньскія кірмашы ў абласным цэнтры будуць праходзіць на розных пляцоўках кожныя выходныя цягам да 5 лістапада ўключна. Поўны спіс пляцовак і часу працы можна знайсці тут.

Фота ілюстрацыйнае

На Магілёўшчыне налічылі 25 000 самавольна занятых участкаў зямлі

Камітэт дзяржкантроля па Магілёўскай вобласці ўстанавіў шматлікія факты самавольнага заняцця зямельных учаскаў у рэгіёне – зарэгістравана каля 25 000 выпадкаў, піша БелТА. 

Зразумела, што збольшага гэта выпадкі ненаўмясныя – людзі будавалі лазні, хлявы, драўнікі і іншыя гаспадарчыя аб’екты на вёсцы не маючы дакладных звестак пра межы зямельных участкаў. Нярэдка, гэта прыводзіць да канфлікту інтарэсаў – дзесяцігоддзямі сем’і на сяле маглі будавацца паводле традыцыйнага планавання сваіх участкаў, не ведаючы, што землеўпарадкавальныя службы перадалі пэўныя тэрыторыі пад ведамства лясной гаспадаркі, альбо калгаса.

Да 1 верасня 2025 года ўласнікам такіх аб’ектаў прапанавана альбо ўзаконіць заняццё вольных зямельных участкаў, калі гэта магчыма, альбо вызваліць яго, выканаўшы перанос ці знос самавольных пабудоваў.

За восем месяцаў гэтага года ў вобласці прынята 57 рашэнняў па легалізацыі занятых участкаў, у бюджэт паступіла больш як Br100 тыс. плацяжоў. Вызвалена каля 900 самавольна занятых участкаў. 

Фота з адкрытых крыніц