Паглядзіце як выглядае дарога да могілак напярададні Радаўніцы ў вёсцы пад Касцюковічамі – фота

У вёсцы Вялікая Крапіўня Касцюковіцкага раёна дарога да могілак настолькі разбіта лесавозамі, што па ёй немагчыма нават прайсці. 

Віноўнікамі надзвычай кепскага стану грунтовай дарогі сталі вялікагрузныя лесавозы, якія проста знішчылі дарогу – паведамляе раённая газета “Голас Касцюкоўшчыны”.

Пасля вывазу лесу ўтварыліся глыбокія каляіны, якія ў непагадзь запоўніліся дажджавой вадой, дарога ператварылася ў непраходную “кашу”. Дарэчы, летам гэтай дарогай людзі часта ездзяць ў лес па грыбы і ягады, а таксама да рэчкі.

Па меркаванню кіраўніка мясцовага сельвыканкама Віктара Кавалева, адказнасць за гэта павінен несці лясгас, супрацоўнікі якога мусяць прывесці дарогу ў парадак. І не проста «для галачкі», а старанна: прагрэйдзіраваць, падсыпаць і прыбраць няроўнасці. 

Фота: “Голас Касцюкоўшчыны”

У Крычаве абазначылі старажытнае гарадзішча, але з памылкамі на дзвесце гадоў

Каля гарадзішча Гарадзец, з якога паўстаў горад, паставілі банэр з няправільнай даціроўкай помніка.

Банер быў пастаўлены каля Гарадца мясцовымі ўладамі з нагоды 885-годдзя горада. На ім старадаўняе гарадзішча датуецца ІХ-ХІІ стагоддзямі, што з’яўляецца абсалютна няправільнай храналогіяй. 

Як паказалі археалагічныя раскопкі, першае ўмацаванае паселішча на Гарадцы з’явілася яшчэ ў жалезным веку (ІІІ ст. да н.э.) і заснавана было прадстаўнікамі балцкай днепра-дзвінскай культуры. Паселішча існавала да ІV ст. н.э., пасля чаго назіраецца доўгі перапынак і гарадзішча нікім не засяляецца. 

Новае жыццё на Гарадцы пачынаецца толькі ў канцы ХІ-пачатку ХІІ стагоддзяў. То бок не ў ІХ стагоддзі – а гэта 800-я гады нашай эры – як можна зразумець з даціроўкі на банеры, а ў канцы 1000-х, гэта значыць пазней больш чым на дзвесце гадоў. Паселішча ў гэты час было невялікім і выконвала ролю цэнтра акругі. Жыццё на Гарадзішчы віравала да пачатку XIV стагоддзя, пакуль не перакачавала на новы ўмацаваны дзядзінец – Замкавую гару. Атрымліваецца, што даціроўка часу завяршэння жыцця на Гарадцы, указаная на банеры таксама памылковая – гэта не 1100-я гады (ХІІ стагоддзе), а 1300-я (XІV стагоддзе).

Адзначым, што гісторык і археолаг Андрэй Мяцельскі, які даследаваў гарадзішча некалькі год запар, выказвае меркаванне аб існаванні на Гарадцы язычніцкага свяцілішча на працягу Х-ХІ стагоддзяў. 

Фота mogilev media

Святкуючы нараджэнне сына, магілёўцы пабілі вартаўніка бальніцы

За ўдар у галаву і штуршок у грудзі мужчына атрымаў кампенсацыю ад прафсаюза на 1 000 рублёў.

Хуліганскі выпадак здарыўся на тэрыторыі адной з бальніц Магілёва. Кампанія зладзіла феерверк, святкуючы нараджэнне сына аднаго з сяброў. Адзначаецца, што запуск феерверкаў адбываўся непадалёк ад халоднага крыягеннага газіфікатара. Вартаўнік бальніцы зрабіў кампаніі заўвагу і запатрабаваў пакінуць тэрыторыю, за што на яго напаў адзін з удзельнікаў святкавання –  штурхнуў у грудзі і ўдарыў па галаве. Дзеянні нападніка кваліфікаваныя як хуліганства. Прафсаюзны камітэт работнікаў аховы здароўя прыняў рашэнне выплаціць вартаўніку кампенсацыю на адну тысячу рублёў – піша БелТА.

Фота ілюстрацыйнае.

Бабруйскі кіроўца не прапусціў матацыкліста, той у рэанімацыі

14 красвіка ўвечары на вуліцы Гогаля ў Бабруйску 38-гадовы вадзіцель аўтамабіля Citroen выяжджаў з дваравой тэрыторыі, не заўважыў 65-гадовага мужчыну на мапедзе на галоўнай дарозе і не даў яму перавагі. У выніку сутыкнення матацыкліст атрымаў траўмы і быў дастаўлены ў рэанімацыю – паведамляе Тэлеграм-канал прэс-службы абласнога УУС. 

Фота: УУС

Пахаладанне, воблачна, магчымы нават снег – прагноз надвор’я на уікенд

На выходныя ў Магілёўскай вобласці сіноптыкі прагназуюць паніжэнне сярэднесутачных тэмператур да +4°С, з ваганнямі ноччу ад +1°С да +2°С, днём – ад +4°С да +6°С. 

Будзе пераважаць пахмурнае, месцамі з праясненнямі і з ападкамі надвор’е. З суботы на нядзелю магчымы снег. 

З пятніцы па нядзелю працягласць дня вырасце на 8 хвілін з 13 гадзін і 57 хвілін 14 красавіка да 14 гадзін 5 хвілін на Вялікдзень 16 красавіка. У нядзелю сонца ўзыйдзе а 5:58, зойдзе а 20:03.

Сінаптычны прагноз надвор’я на канец тыдня наступны.

14 красавіка, пятніца, раніцай да +8°С, удзень да +9 +10 °С, увечары да +6°С. Цэлы дзень пераважна воблачна. 

Суботняе, 15 красавіка, надвор’е абяцае быць пахмурным, з магчымымі праясненнямі неба у першай палове дня. Раніцой і днём тэмпература каля +4°С, увечар +6°С. У ноч магчыма выпадзенне снега.

У нядзелю, на праваслаўны Вялікдзень, 16 красавіка, раніцай тэрмометры пакажуць +1  +2°С, магчымы снег, удзень +4°С, дождж. На працягу сутак вызначаць надвор’е будуць паўднёвыя і паўднёваўсходнія вятры хуткасцю да 4-6 м/с.

Ранак панядзелка 17 красавіка пачнецца з воблачнага надвор’я, месцамі з дажджамі, з паўднёва-ўсходнімі вятрамі хуткасцю да 3-4 м/с, тэмпературай да +4°С. Днём тэмпература можа падняцца да +11  + 12°С.

Фота mogilev.media

У Магілёве пачалі бяліць дрэвы на цэнтральных вуліцах – зусім як у Бабруйску

У Магілёў прыйшла правінцыйная эстэтыка – паведамляюць чытачы mogilev.media. Дрэвам на цэнтральных вуліцах горада пачалі масава бяліць ствалы.

Мы адмыслова пацікавіліся і пераканаліся – так з магілёўскімі дрэвамі не абыходзіліся ні ў дарэвалюцыйныя часы, ні ў савецкія. Вось як даглядалі гарадскія дрэвы на Дняпроўскім бульвары (цяпер Першамайская), напрыклад.

А вось дрэвы на той жа Першамайскай у 1960-я і 1970-я гады.

Фота: чытачоў mogilev.media і з калекцыі Алега Давіда Лісоўскага

Аўтобус №32 у Магілёве з першага мая не будзе хадзіць да ветстанцыі

Замест 32-га аўтобуса да ветстанцыі, што знаходзіцца за чыгуначным пераездам, будуць ездзіць ралейбусы з аўтаномным ходам – паведамілі “Магілёўскія ведамасці”. Маршрут №32 пасля чыгуначнага вакзала (рухаючыся з боку Пашкаўскіх могілак праз Сурганава і праспект Міра) будзе накіроўвацца на вуліцу Грышына да завулка Бярозаўскага, і праз вуліцу Бялінскага будзе вяртацца на Першамайскую.

Фота ілюстрацыйнае

Вось так выглядае Дрыбін пасля зімы – фота

Стыхійныя звалкі па ўсім горадзе, кантэйнерныя пляцоўкі ператвараюцца ў смеццевыя палігоны – паказаў маніторынг.

Сумесная прагулка карэспандэнта дрыбінскай раённай газеты “Савецкая вёска” з начальнікам прыродаахоўнай інспекцыі і памочніцай пракурора выявіла процьму месцаў у горадзе, дзе неахайна звалена смецце, часам цэлыя ўчасткі забруджаны пустымі бутэлькамі, як напрыклад каля крамы “Родны кут” па вуліцы Смаленскай – на фота.

Удзельнікі рэйда адзначылі, што смецце вывозіцца са «змешаных» кантэйнераў са сметнікаў штодня, а вось спецыяльныя кантэйнеры для пластыка, на момант праеркі былі перапоўненыя. Чаму – гэта пытанне да жылкамгаса.

На малочнатаварным комплексе «Дрыбінрайаграпрамтэхснаб» былі выяўлены рэшткі поліэтыленавай плёнкі, хаатычна раскіданыя каля сіласнай ямы і на тэрыторыі фермы.

Фота: “Савецкая вёска”

У Чавусах узбудзілі тры крымінальныя справы за пасты ў Тэлеграме

Намеснік пракурора Чавускага раёна Сяргей Снытчанка на старонках раённай газеты “Іскра” распавёў, што толькі ў сакавіку 2023 былі ўзбуджаны тры крымінальныя справы за пасты ў Тэлеграм-канале “97% Chausy”. 

Адна справа была ўзбуджана “за абразу Генпракурора А. Шведа” 10 сакавіка, яшчэ дзве – 31 сакавіка “за абразу” Лукашэнкі. Хто з’яўляецца фігурантамі справы не паведамляецца, але з інфармацыі намесніка пракурора вынікае, што аўтараў пастоў яшчэ шукаюць. “Затрыманне і прыцягненне да крымінальнай адказнасці ўдзельнікаў (карыстальнікаў) Telegram-канала “97% Chausy” з’яўляецца толькі пытаннем часу.” – напісаў С. Снытчанка.

Фота з адкрытых крыніц.

Вось у якіх вёсках Магілёўскага раёна памяняюцца межы

Змены закрануць пяць вёсак двух сельскіх саветаў. Гэта рашэнне дэпутатаў Магілёўскага раённага Савета – паведамляе “Прыдняпроўская Ніва”.

Зменяцца межы вёсак Засценкі, Старое Пашкова, Забалацце, Жукава Пашкаўскага сельскага савета і вёскі Будзішча Вендаражскага сельсавета.

На думку чыноўнікаў, змяненне межаў населеных пунктаў дасць магчымасць навесці парадак на зямлі і больш эфектыўна выкарыстоўваць участкі з наступным уводам іх у селькагаспадарчы абарот.

Фота з адкрытых крыніц