Неапаганскае свята “У госці да радзімічаў” пройдзе ў Радамлі 29 ліпеня

На Замкавай гары гарадка Радамля 29 ліпеня пройдзе этнакультурнае свята “У госці да радзімічаў”. На фестывалі плануюцца тэатралізаваныя дзеянні з удзелам клубаў гістарычнай рэканструкцыі, абрады, рытуалы, здабыча жывога агню, паказальныя баі рэканструктараў. 

Пачатак свята ў 17.00, уваход вольны. Завершыцца мерапрыемства ў 22.00 рытуальным вогнішчам. З Чавус у Радамлю будуць арганізаваныя аўтобусы – туды ў 16.00, назад у 22.30 – пішуць “Магілёўскія ведамасці”.

“У госці да радзімічаў” заяўляецца як тэматычны фестываль, прысвечаны культуры дахрысціянскага перыяду на землях радзімічаў. Значнае месца падчас мерапрыемства займае імітацыя паганскіх традыцый і рытуалаў.

Фота: chausy.by

На Магілёўшчыне зноў адкрываюцца шапікі “Саюздрука”, але ўжо гомельскія, віцебскія

12 ліпеня 2023 года завяршылася шматгадовая эпапея з банкруцтвам “Магілёўсаюздрука”, пра якое пісалі mogilev.media і якое пакінула жыхароў рэгіёна без шапікаў са свежай прэсай. Усюды па Магілёўшчыне зачыніліся не толькі кіёскі, але часам – адзіныя друкарні на ўвесь горад, як, напрыклад, у Крычаве. У Бабруйску каля 50 шапікаў перасталі працаваць яшчэ ў мінулым годзе.

Але пачынаючы з чэрвеня гэтага года ў Бабруйску, Магілёве і Шклове сталі зноў працаваць некаторыя шапікі. У Бабруйску – два раней зачыненыя кіёскі, але цяпер ужо не пад вывескай “Магілёўсаюздрук”, а – “БелДрук”. Бабруйскія пры гэтым знаходзяцца ў падпарадкаванні Гомелскага філіяла “Белсаюздрука” – піша “Камерцыйны кур’ер”. Шклоўскія – ў падпарадкаванні Віцебскага філіяла.

У Бабруйску зараз працуюць два шапікі. Адзін знаходзіцца на вуліцы 50 гадоў ВЛКСМ, другі – на праспекце Будаўнікоў, побач з прыпынкам грамадскага транспарту каля гарадской паліклінікі №7. У найбліжэйшыя дні ў Бабруйску будзе адкрыты яшчэ адзін павільён “БелДрук” на вуліцы Ванцэці. Усяго ж да канца года плануецца, што бабруйчане змогуць набываць неабходныя тавары ў пяці павільёнах “БелДрук”, размешчаных у розных раёнах горада.

Белдрук Могилев

У Магілёве працуюць каля дзесяці, і ў іх, выглядае – мінскае падпарадкаванне. Графік развіцця адноўленай сеткі газетных кіёскаў на Магілёўшчыне можна пабачыць на сайце “БелДрука”.

Фота: “Камерцыйны кур’ер”, mogilev.media

Вось як выглядаюць аградомікі пад Крычавам, пабудаваныя па праграме адраджэння сяла

Такія ўбогія домікі можна пабачыць у вёсцы Сакольнічы, што знаходзіцца ў некалькіх кіламетрах ад Крычава. Некалькі домікаў ў вёсцы cтаяць нежылыя, з закалочанымі вокнамі. Натуральна, што калі іх пабудавалі ў часы так званай праграмы “адраджэння сяла” людзі спрабавалі ў іх жыць, але пабудовы аказаліся проста непрыдатны для жыцця, пагэтаму цяпер яны стаяць закінутыя. 

Адзін з дамоў выглядае зусім жахліва: яго ганак рассыпаецца на вачах, тынкоўка абсыпаецца таксама, а па сценах пабудовы пайшлі вялікія шчыліны. Гэта значыць, што пройдзе яшчэ пяць-сем год і такі дом проста разваліцца. Для справядлівасці адзначым прысутнасць у Сакольнічах і нармальных аградомікаў, у якіх жывуць вяскоўцы, але такіх не больш за палову.   

Фота: mogilev media

Свята паэзіі збярэ паэтаў у Краснаполлі

V рэгіянальнае свята паэзіі «Вянок Аляксею Пысіну» да 105-годдзя Краснапольскай раённай бібліятэкі, адбудзецца ў верасні бягучага года – паведамляе “Чырвоны сцяг. Краснаполле”. 

На працягу апошніх 5 год, на пачатку восені ў Краснаполлі ладзіцца рэгіянальнае свята паэзіі “Вянок Аляксею Пысіну”. Назва паэтычнага свята “Вянок Аляксею Пысіну” з’явілася не выпадкова. Так названы зборнік успамінаў магілёўскага пісьменніка і краязнаўцы В. Арцем’ева, у якім пра Аляксея Пысіна расказваюць вядомыя пісьменнікі і паэты Беларусі, людзі, якія асабіста ведалі А.Пысіна і тыя, хто любіць і ведае яго творчасць: Пімен Панчанка, Аркадзь Куляшоў, Сяргей Грахоўскі, Янка Брыль, Ніл Гілевіч, Васіль Быкаў, Лідзія Пшанічнікава і іншыя.

У свяце паэзіі “Вянок Аляксею Пысіну” штогод прымаюць удзел мясцовыя паэты, у тым ліку С. Сыранкоў, Д. Кустаў, А. Амельчанка, Г. Каваленка, А. Войтаў, М. Шпунтоў, Д. Манько і іншыя.  

У межах свята сваёй творчасцю падзеляцца паэты з суседніх раёнаў – Наталля Азаранка (Касцюковіцкі раён) і В. Стасенка (Слаўгарадскі раён).

Нагадаем, што Аляксей  Пысін (1920-1981), беларускі савецкі паэт, перакладчык і журналіст, рэдактар. Заслужаны работнік культуры.

Нарадзіўся ў в. Высокі Барок на Краснапольшчыне. Вучыўся ў Палужскай СШ, Камуністычным інстытуце журналістыкі ў Мінску. Працаваў у раёнцы Бельска Беластоцкай вобласці, удзельнік вайны, быў двойчы паранены. 

Пасля вайны працаваў у раённай газеце Краснаполля “Чырвоны сцяг”, у магілёўскай абласной  “За Радзіму”, у чэрыкаўскай раёнцы, у рэдакцыі “”Магілёўская праўда”, быў сакратаром Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў БССР.

Літаратурнай дзейнасцю займаўся з 1938 года. Першы верш быў надрукаваны ў газеце “Чырвоная змена”. Выпрабаваў на сабе ўплыў паэзіі М. Лермантава, Т. Шаўчэнкі, Я. Купалы, Я. Журбы, М. Чарота.

Дыяпазон яго паэтычнага таленту ўключае і грамадзянскі патрыятычны пафас, і тонкі лірызм. Адмысловае месца ў яго творчасці займаюць творы для дзяцей.

Памёр 27 жніўня 1981 года ў Магілёве. Пахаваны на Цэнтральных могілках.

У яго гонар названа вуліца ў Магілёве.

Фота з адкрытых крыніц

Дажджы, невялікае пахаладанне – прагноз надвор’я на канец тыдня

На ўікенд у Магілёўскай вобласці сіноптыкі прагназуюць сярэднесутачныя тэмпературы крыху ніжэй за +20°С. Ноччу да +13°С, днём да 22°С. Будзе пераважаць воблачнае з ападкамі надвор’е. Працягласць дня паменшылася амаль на гадзіну і скарачаецца па 2 хвіліны на суткі. 23 ліпеня сонца ўзыйдзе ў 4:48, зойдзе ў 21:13, працягласць дня 16 гадзін 15 хвілін.

21 ліпеня, пятніца. Надвор’е абяцае быць воблачным і без ападкаў у большасці раёнаў. Уноч да +13°С, раніцай да +17°С, днём тэмпература падрасце толькі да +22°С. На працягу сутак будуць паступаць паветраныя масы з паўночнага-захаду, захаду, хуткасць вятроў да 2-4 м/с. Растучы Месяц. Магнітнае поле неўстойлівае.

У суботу, 22 ліпеня, на большай частцы тэрыторыі вобласці на працягу сутак прагназуюцца дажджы, вынікам якіх стане падзенне тэмператур. Уноч і ўранні да +12°С, днём слупок тэрмометра падымецца толькі да +15°С, месцамі і ў асобных раёнах да +17°С. На працягу сутак будуць паступаць паветраныя масы паўднёвых напрамкаў, к вечару – з паўночнага захаду, хуткасць вятроў да 4 м/с. Месяц расце. Магнітнае поле неўстойлівае.

У нядзелю, 23 ліпеня, прагназуецца воблачнае надвор’е, на большай часцы вобласці дажджы, уноч і раніцай да +11°С, удзень паветра прагрэецца да +19°С. З рання і да вечара вызначаць надвор’е будуць заходнія вятры хуткасцю да 4-6 м/с. Месяц расце.

Ранак панядзелка, 24 ліпеня, пачнецца з даждлівага надвор’я, з ранішнімі тэмпературамі да +12°С, з паўднёва-заходнімі вятрамі хуткасцю да 3-5 м/с. У другой палове дня захаваецца даждлівае надвор’е, тэмпература да +22°С.

Фота з адкрытых крыніц

У Слаўгарадзе пройдзе сырны фестываль

22 ліпеня ў Слаўгарадзе пройдзе штогадовы гастранамічны фестываль “Гаспадарчы сыр” – пачынаючы з 2012 года мясцовыя гаспадыні прадстаўляюць на ім самаробныя сыры.

Будуць працаваць тэматычныя падворкі, дзе можна будзе пазнаёміцца з мясцовымі сыраварамі і іх прадукцыяй. Разгорнецца вялікі кірмаш, дзе можна будзе набыць харчовыя і прамысловыя тавары, а таксама вырабы ручной работы і сувеніры. 

Свята пройдзе на адкрытай пляцоўцы раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Пачатак у11.30 – паведамляе БелТА.

Фота: СБ

Вось такая памыйная яма – адразу за мастацкай школай у Клімавічах

Яма для адыходаў знаходзіцца за будынкам мастацкай дзіцячай школы. У цёмны час сутак у яе можна з лёгкасцю праваліцца і калі не патануць у гноі, дык добра пабіцца.

Адтуліна для зліву бытавых адыходаў выкарыстоўваецца жыхарамі бліжэйшых дамоў, не забяспечаных каналізацыяй. Яна павінна была б быць прыкрыта спецыяльнай накрыўкай, але на дадзены момант тая адсутнічае. Побач з гэтым месцам знаходзіцца яшчэ і грамадскі туалет. У цёмны час сутак, ідучы туды, чалавек можа спакойна патрапіць у нечаканую пастку. І добра, калі ён абыдзецца толькі запэцканым абуткам і адзеннем – паведамляе пра ўсю сур’ёзнасць сітуацыі раённая газета “Родная ніва”.

Фота: “Родная ніва”

У Быхаве прайшоў адкрыты чэмпіянат Беларусі па авіямадэльным спорце

На тэрыторыі былога ваеннага аэрадрома ў Быхаве прайшоў адкрыты чэмпіянат Рэспублікі Беларусь па радыёкіраваных авіямадэлях – копіях і паўкопіях.

У чэмпіянаце прынялі ўдзел больш за 10 спартсменаў. Мадэлі, у асноўным, з’яўляліся дакладнымі ці прыблізнымі, паменшанымі ў дзясяткі разоў копіямі самалётаў, якія лёталі ў ваенныя і даваенныя гады і нават у 20-я гады мінулага стагоддзя.

Праграма чэмпіянату ўключала ў сябе стэндавы паказ і ацэнку авіямадэляў, тры туры палётных дэманстрацый. Мадэлі з дапамогай радыёкіравання з зямлі выконвалі ўзлёт, палёт па зададзеным маршруце, паказвалі фігуры вышэйшага пілатажу, каскады фігур, ажыццяўлялі пасадку – паведамляе “Маяк Прыдняпроўя”.

Фота: “Маяк Прыдняпроўя”, ДТСААФ

У нейкі момант бабуля адчула прысутнасць чужога ў доме і азірнулася – следчыя змаглі знайсці злодзея

83-гадовая жыхарка Бабруйска была цвёрда ўпэўненая, што калітка яе гаспадаркі зачыненая знутры, а магчымасць адкрыць яе з вуліцы не дапускалася. Пагэтаму жанчына спакойна займалася справамі па доме. У нейкі момант бабуля адчула прысутнасць чужога чалавека ў доме і азірнулася. Сапраўды, у калідоры стаяла незнаёмая жанчына, на выгляд 50-60 гадоў. Пасля роспытаў, як няпрошаная госця трапіла ў хату (тая адказала, што нібыта брамка была адчыненая), гаспадыня сказала ёй сыходзіць, і маладзейшая жанчына знікла.

Праз некалькі хвілін, ачуняўшы ад шоку, жанчына выявіла прапажу 650 рублёў, якія яна захоўвала ў пашпарце ў шафе ў спальні.

На брамцы спецыяліст Бабруйскага МРА Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз выявіў след рукі, які, як высветлілася пры праверцы па дактыласкапічным уліку, належыць раней неаднаразова судзімай 66-гадовай бабруйчанцы. Па гэтай інфармацыі супрацоўнікі міліцыі ў тыя ж суткі затрымалі жанчыну. У зробленым крадзяжы яна прызналася і вярнула выкрадзеную суму – распавяла афіцыйны прадстаўнік упраўлення ГКСЭ па Магілёўскай вобласці Ірына Рачкоўская.

Фота ілюстрацыйнае

Бабруйскі завод плануе адкрыць новую вытворчасць на Кубе

Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў, які ўваходзіць у склад “МТЗ-Холдынгу”, плануе арганізаваць на Кубе сумесную вытворчасць малагабарытнай тэхнікі Belarus. Прапрацоўваецца варыянт выкарысттання для гэтага вытворчых плошчаў “Завода імя Герояў 26 ліпеня” ў горадзе Ольгін (на фота).

Цяпер на Кубе працуюць каля 120 тыс. трактароў беларускай і расійскай вытворчасці. Асабліва распаўсюджана мадэль МТЗ-80. На перагаворах кубінскі бок выказаў зацікаўленасць у набыцці запасных частак да беларускіх трактароў. “Арыгінальныя запчасткі дадуць магчымасць кубінскім аграрыям прадоўжыць тэрмін службы тэхнікі. Цяпер мы ўзгадняем цэны і колькасць вырабаў” – перадае словы начальніка упраўлення маркетынгу і збыту прадпрыемства Сяргея Маслакова “Камерцыйны кур’ер”.

Фота з адкрытых крыніц