Крычаўскія пекары зноў сталі лепшымі ў краіне

На галоўным спаборніцтве пекараў Беларусі вырабы Крычаўскага хлебазавода чарговы раз атрымалі залатыя ўзнагароды. Гэта адбылося ў межах штогадовай Міжнароднай прадуктовай аптовай выстаўкі-кірмаша “Продэкспо”. Падчас выставы праводзіцца хлебны салон, у праграму якога ўваходзіць рэспубліканскі агляд якасці хлебабулачных і кандытэрскіх вырабаў “Смаката”.  

Такая добрая тэндэнцыя адбываецца ўжо на працягу трох год запар. Прычым Крычаўскі філіял ААТ “Булачна-кандытарскай кампанія “Дамачай” прымае ўдзел у падобным конкурсе пекараў з 2008 года і ніводнага разу не вяртаўся без узнагарод. Адзначым, што ў сёлетнім конкурсе прымала ўдзел больш за сто прадпрыемстваў, а колькасць прадстаўленых відаў кандытарскай прадукцыі набліжалася да тысячы – пішуць “Магілёўскія ведамасці”. 

На агляд-конкурс супрацоўнікі Крычаўскага хлебазавода прэзентавалі дзве аўтарскія распрацоўкі: булачку “Крычаўка” і ляпёшку “Фатыр”, а таксама мучныя слодычы “Касія”. Паказальна, што першых два кандытарскіх выраба – унікальныя распрацоўкі крычаўскага філіяла “Дамачай”, а рэцэптура «Касія» вядома ўсім, аднак толькі супрацоўнікі Крычаўскага хлебазавода вырабляюць гэты ласунак на вышэйшым узроўні. 

Сімвалічна, што такая падзея адбылася ў 70-гадовы юбілей з часу пачатку будаўніцтва хлебазавода ў Крычаве.

Паўзучая дэленінізацыя ў Крычаве – адзін помнік прыбралі, другі схавалі падалей

З чатырох крычаўскіх помнікаў савецкаму лідару толькі два засталіся на ранейшым месцы. З адкрыццём сквера гістарычнай памяці ў старой частцы горада галоўны помнік Леніна заняў другаснае месца ў архітэктурна-гістарычным ансамблі, хоць і не знік канчаткова – яго схавалі падалей ад цэнтра плошчы. 

Абазначэнне бліжліжэйшага прыпынку “плошча Леніна” знікла і застаўся толькі знак, які пазначае прыпыначны пункт. 

У дзіцячым парку ў старой частцы Крычава колісь працавалі каруселі, быў дом піянераў, а побач з ім знаходзіўся помнік Леніну. Хоць дом піянераў адносна даўно знік, аднак помнік Леніну яшчэ доўга стаяў. Сёлета ўвосень помнік правадыра пралетарыята быў прыбраны наогул, а колішні дом піянераў трансфармаваўся ў філіял Крычаўскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Крэчут”.

 

 

Драўляную капліцу на крычаўскіх могілках прыбралі ад смецця і раздражнёна пракаментавалі ў мясцовай прэсе

Пасля публікацыі mogilev.media пра каплічку на праваслаўных могілках у Крычаве, якую ператварылі ў сметніцу, адбыўся немалы інфармацыйны рэзананс і рэакцыя мясцовых уладаў. На наш матэрыял буркліва адрэагавала мясцовая раённая газета “Крычаўскае жыццё”.

 

У рубрыцы “Меркаванне” быў размешчаны матэрыял нейкага А. Сямёнава, у якім аўтар прызнаў, што mogilev.media (не называючы, аднак, выданне, назваўшы яго “одним из интернет-ресурсов”) удалося прыцягнуць увагу на той факт, што “в Кричеве живут малосознательные люди, которые сорят там, где находятся могилки их предков”. Ну, і канечне, вінаватым А.Сямёнаў палічыў аўтара публікацыі на mogilev.media, але ніякім чынам не камунальныя службы – пра іх у публікацыі ні слова. На карэспандэнта, які зрабіў фотаздымкі капліцы, калумніст “Крычаўскага жыцця” абрынуўся з натацыямі, дыктуючы яму, што “если этого фотографа так беспокоит чистота нашего города (а калумніста што, не дужа? – m.m.) то как настоящий кричевлянин он должен был поступить иначе (каму павінен? Камунальным службам? – m.m.). Если и выложить фото, то с другой надписью…” 

Ад рэдакцыі: Mogilev.media прапануе А.Сямёнаву ў далейшым карыстацца функцыяй “Даслаць навіну” на нашым сайце (на выяве ніжэй, выдзелена чырвоным), дзеля рэалізацыі магчымасці ўсебаковага і ўзважанага асвятлення крычаўскага жыцця, свабоднага выказвання сваёй думкі і заахвочвання суграмадзян да пазітыўных і карысных учынкаў.

 

На шчасце, праблему, паднятую mogilev.media заўважылі і мясцовыя ўлады. Унутры драўлянай каплічкі было прыбрана смецце, а ўваход забіты драўлянымі дошкамі, каб ніхто не мог больш засмечваць помнік мясцовага значэння. 

Нагадаем, што капліца была пабудавана на пачатку ХХ стагоддзя і знаходзіцца ў старой частцы Крычава ў раёне пад назвай Забялышан. На сённяшні момант драўляны помнік патрабуе рэстаўрацыі альбо якаснай кансервацыі. 

У Крычаве прыбралі “Жыве Беларусь”, а непрыстойныя графіці пакінулі

Як нядаўна пісалі mogilev.media, на адным з дамоў мікрараёна Камсамольскі ў Крычаве быў зафарбаваны надпіс “Жыве Беларусь”, які праіснаваў тут дзясяткі гадоў. 

Пры гэтым іншыя надпісы, часам непрыстойнага характару, так і застаюцца некранутымі. Так, чытачы прыслалі нам фота, зробленае на тэрыторыі таго самага мікрараёна Камсамольскі. 

На будынку траснфарматарнай падстанцыі добра бачны мацерны надпіс і іншыя графіці пад банэрам “Госэнергогазнадзор”.

Гасцініца “Сож” у Крычаве запрашае пад гірлянды з ледзяшоў

Па ўсім перыметры даха будынка гасцініцы “Сож” у Крычаве з’явіліся ледзяшы розных памераў і даўжыні. Падобныя “гірлянды” небяспечныя не толькі для супрацоўнікаў мясцовай гасцініцы, але і для часовых жыхароў гатэлю. Прычым у будынку гасцініцы знаходзяцца таксама страхавая кампанія і цырульня. 

Адзначым, што такія ледзяныя сталактыты пры знешняй прыгажосці становяцца надзвычай небяспечнымі пры пацяпленнях, калі падаюць з дахаў жылых будынкаў на іх жыхароў. 

Фота: mogilev.media

Рабочы загінуў на заводзе ў Крычаве

Паводле папярэдніх звестак, раніцай 5 снежня на тэрыторыі аднаго з крычаўскіх заводаў адбыўся адвольны рух канструкцыі, якую рамантаваў мужчына. 44-гадовага работніка прадпрыемства заціснула металаканструкцыяй і ад атрыманых траўм ён памёр – паведамляе БелТА.

Следчыя органы праводзяць агляд месца здарэння, апытваюць сведкаў, забіраюць тэхнічную дакументацыю. Плануецца назначэнне экспертных даследаванняў.

Фота носіць ілюстрацыйны характар.

У былым будынку банка ў Крычаве адкрылі музей Вялікай Айчыннай вайны

Новыя экспазіцыйныя плошчы гістарычнага музея дэманстраваліся гараджанам яшчэ 30 верасня на Дзень горада, аднак на пастаяннай аснове зала Вялікай Айчыннай вайны запрацавала зусім нядаўна.

Музейную экспазіцыю размясцілі ў былым будынку “Беларусбанка”, які быў аптымізаваны летам гэтага года. Экспазыцыйная прастора ўключае ў сябе інфармацыйныя стэнды аб героях мінулай вайны, звесткі пра партызанскія атрады і вайсковыя злучэнні, якія абаранялі і вызвалялі горад. Акрамя таго, ёсць асабістыя рэчы і каштоўныя дакументы вайсковых, зброя тых часоў, рэшткі вайсковай тэхнікі, узнагароды і бюсты, карціны на ваенную тэматыку.

Адметна, што на адну на сцен будынка павесілі памятную шыльду ў гонар Міхаіла Мельнікава, які з’яўляецца заснавальнікам Крычаўскага краязнаўчага музея. 

mogilev.media

 

На крычаўскім доме замалявалі “Жыве Беларусь”

У Крычаве яшчэ з 1990-х гг. на адным з дамоў мікрараёна Камсамольскі знаходзіўся надпіс “Жыве Беларусь” – пісалі mogilev.media. Ен заставаўся нязменным ужо дзесяцігоддзямі і цешыў вока крычаўлянам. Жыхары дома ставіліся да графіці прыязна і з паразуменнем. 

Аднак пасля публікацыі mogilev.media надпіс быў замазаны белай фарбай. 

У Крычаве руйнуюць былы маслазавод

Прадпрыемства перажыло распад СССР і квітнела, пакуль яго не далучылі да “Бабушкінай крынкі”.

Працы па знішчэнні прамысловай зоны былога маслазавода пачаліся яшчэ ў кастрычніку, аднак мелі павольны характар. Спачатку былі зруйнаваны толькі некаторыя склады. Актывізавалася праца ўжо ў лістападзе, калі была разламана і знішчана большая частка працоўных памяшканняў. На сённяшні дзень ад былога завода засталася адна чвэрць ўсіх збудаванняў, якія, можна меркаваць, будуць прыбраны да канца года.  

Мясцовы масларобчы завод лакалізаваўся  блізка каля маста праз Сож і меў гісторыю больш чым у паўстагоддзі – ён паўстаў у 1946 годзе. Былы маслазавод у Крычаве ўключаў шэраг вытворчых памяшканняў, складоў і нават ваданапорную вежу. 

Развал Савецкага Саюза ў свой час не стаў перашкодай для далейшай працы завода, як і для многіх прадпрыемстваў горада. Да сярэдзіны 2000-х гадоў малакаперапрацоўчы завод працаваў досыць стабільна, славіўся сваёй малочнай прадукцыяй, сырам, тварагом і нават марозівам. 

На чацвёрты квартал 2005 года на заводзе працавала 77 чалавек. Аднак у самым канцы 2005 года як самастойная адзінка прадпрыемства ліквідуецца і далучаецца да ААТ “Бабушкіна крынка”. З гэтага часу можна весці адлік паступовага паслаблення прадпрыемства, практычна да поўнага яго знішчэння на сённяшні дзень. 

Апошнімі гадамі былое прадпрыемства ператварылася ў прыёмны пункт, на якім працавалі адзінкі людзей. Увесь гэты час кіраўніцтва ААТ “Бабушкіна крынка” плаціла арэнду, аднак у рэшце рэшт прыняла рашэнне сысці з тэрыторыі былога прадпрыемства. Нягледзячы на гэта на сайце малочнага прадпрыемства “Бабушкіна крынка” да сённяшняга дня значыцца філіял холдынга ў Крычаве. 

У сваю чаргу мясцовая ўлада Крычава лепшага рашэння за простае зруйнаванне прамысловых памяшканняў былога маслазавода не знайшла. 

Фота: mogilev.media

Роўна сто год таму быў зроблены першы здымак чыгуначнага вакзала ў Крычаве

Чыгуначныя шляхі запачаткавалі новую гісторыю Крычава, без якіх горад бы выглядаў зусім іначай.

Сёлета першаму фотаздымку чыгуначнага вакзала ў Крычаве спаўняецца

роўна сто год. Гэта досыць важная і сімвалічная дата для горада, бо чыгуначная дарога істотна змяніла жыццё Крычава. Трэба прыгадаць, што на пачатку ХХ стагоддзя Крычаў меў статус мястэчка з шасцю тысячамі жыхароў і не адыгрываў асаблівай ролі ў рэгіёне.

Будаўніцтва чыгуначнай дарогі Орша-Крычаў-Унеча пачалося яшчэ ў 1908 годзе ў часы Расійскай імперыі. Аднак тэмпы працы былі дастаткова нізкімі, бо

выкарыстоўвалася пераважна ручная праца. У часы Першай сусветнай вайны будаўніцтва чыгункі спынілася і было адноўлена толькі ў 1920 годзе ўжо пры савецкай ўладзе. 

У 1923 годзе будаўніцтва чыгуначнай лініі Орша-Крычаў-Унеча было скончана, аднак лічыцца што ў Крычаў першы рабочы цягнік прыбыў яшчэ ў 1921 годзе.

Для патрэбаў пасажыраў быў пабудаваны на чыгуначнай станцыі будынак вакзала. На

сённяшні момант захаваўся фотаздымак вакзала прыпыначнага пункта, які датуецца 1922 годам. 

На ім выяўлены аднапавярховы будынак, што быў пабудаваны для патрэбаў пасажыраў. У ім размяшчаліся зала чакання на 95 пасажыраў, касы і буфет, даведачнае бюро і кладовая, а таксама кантора станцыі, дзяжурны і начальнік станцыі. Ад таго першаснага будынка не захавалася, але добра, што каштоўны здымак не знік. Наогул на сённяшні момант з’яўляецца праблематычным лакалізаваць стары будынак чыгуначнага вакзала. Трэба дадатковыя мэтанакіраваныя пошукі гісторыкамі і краязнаўцамі дакументаў у архівах, каб адказаць на пытанне ці быў стары будынак вакзала на месцы сучаснага.

З’яўленне чыгункі ў Крычаве ў пачатку 1920-х гг. паспрыяла не толькі развіццю горада, але і будаўніцтву новага гарадскога раёна – Вакзал. Без гэтага раёна на сённяшні момант ужо цяжка ўявіць гарадское жыццё.