Паглядзіце, якая лесвіца вядзе да паліклінікі ў Горках – фота

Лесвіца, якая вядзе да паліклінікі з боку Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі не толькі не абсталяваная пандусам, прыступкі на ёй проста развальваюцца – піша horki.info.

– Добра, цяжарная тут зможа падняцца, хоць гэта даволі цяжка з жыватом. А з каляскай? – задае пытанне адна з чытачак рэсурса – Хадзіць тут вельмі складана, многія прыступкі ў дрэнным стане. Вядома, жадаецца, каб і пандус тут з’явіўся, але на гэта ці наўрад можна разлічваць хоць бы прыступкі паправілі.

 

Гарэў палац культуры сельгасакадэміі ў Горках, у будынку былі людзі

Пацярпелых няма – усе супрацоўнікі своечасова пакінулі памяшканні. Трохпавярховы будынак палаца культуры горацкай акадэміі загарэўся 10 кастрычніка каля 11 гадзін раніцы, паведамляе прэс-служба абласнога МНС. 

Пажар адбыўся на першым паверсе ў дапаможным памяшканні танцавальнага класа. Заняткі ў гэтым класе на момант здарэння не праводзіліся. У выніку пажару ў дапаможным памяшканні пашкоджана маёмасць, абгарэлі сцены і столя.

Тэрытарыяльная абарона будзе трэніравацца ў Горках

З 11 кастрычніка і да канца працоўнага тыдня ў Горацкім раёне будуць праходзіць заняткі па мабілізацыйнай падрыхтоўцы. Пра гэта паведамляе “Горацкі веснік”. 

Па словах ваеннага камісара Горацкага і Дрыбінскага раёнаў Аляксандра Шкіндзерава, мэтай іх правядзення з’яўляецца ўдасканаленне практычных навыкаў і ўмення службовых асоб у арганізацыі і выкананні мерапрыемстваў па фарміраванні тэрытарыяльных войскаў. А таксама адпрацоўка пытанняў узаемадзеяння паміж службовымі асобамі ў кіраванні фарміраваннем тэрытарыяльных войскаў у розных умовах абстаноўкі, вызначэнне гатоўнасці пункта прыёму асабовага складу да прыёму мабілізацыйных рэсурсаў.

У Горках месяцамі не могуць прыбраць сметніцу

Безліч старых аўтамабільных пакрышак валяецца за кантэйнернай пляцоўкай каля школы №4 у Горках. Праз многія пакрышкі ўжо даўно прарасла трава. Фота з горацкай сметніцы рэсурсу horki.inf выслаў адзін з чытачоў.

 

Дзеці ў Горках ходзяць у школу па калена ў брудзе

У сухое надвор’е гэтая дарога выглядае іначай – згаджаюцца мясцовыя жыхары – але хадзіць у школу трэба кожны дзень.

Так выглядае дарога да школы №4 у Горках з боку прыватнага сектара. Гэтыя фотаздымкі ў рэдакцыю horki.info адправіла адна з чытачак. 

– Калі дажджы, некаторым бацькам даводзіцца падвозіць дзяцей, іншыя ходзяць, можна сказаць, па калена ў брудзе, прыціскаюцца да плота, каб не запэцкацца. – дабавіла жыхарка.

Мужчына падстрэліў сябе ў жывот з бацькоўскай “аўтаручкі” ў Горках

Супраць яго ўзбуджана крымінальная справа.

Самаробную прыладу для стральбы завадскімі патронамі 66-гадовы жыхар Горак знайшоў у сваёй гаспадарцы. Прыладу прыхаваў яго бацька ў адной з пабудоваў на падворку. Там жа таксама знайшлося некалькі патронаў рознага калібру. Раней усё гэта належыла бацьку пацярпелага, патлумачыў ён следчым органам.

Выпіўшы, жыхар Горак вырашыў праверыць самаробную агняпальную зброю, але спачатку яна не стрэліла. Калі ж ён павярнуў прыладу руляй да сябе, стрэл адбыўся. З агняпальным раненнем жывата ён быў шпіталізаваны ў раённую лякарню.

Акрамя аўтаручкі-самапалу, у сядзібе былі знойдзеныя таксама два патроны, якія прадстаўляюць сабой цалкам дзейсныя боепрыпасы – паведамляюць у Дзяржаўным камітэце судовых экспертыз.

Па факце знаходжання ў доме мужчыны боепрыпасаў супраць яго ўзбуджана крымінальная справа.

П’яны падлетак танчыў на даху чужой машыны у Горках

Цяпер супраць яго ўзбуджана крымінальная справа.

Пацярпелы – студэнт адной з навучальных устаноў – распавёў праваахоўнікам, што пакінуў свой «Citroen Xantia» на ноч каля інтэрната, а раніцай знайшоў пашкоджанні на даху аўтамабіля. Таксама – сляды абутку невядомага.

У поле зроку супрацоўнікаў міліцыі патрапіў 16-гадовы мясцовы жыхар, які можа мець дачыненне да здзяйснення дадзенага злачынства. Супраць яго ўзбуджаная крымінальная справа па артыкуле «Хуліганства» – паведамляе прэс-служба Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз. У маладога чалавека канфіскавалі кеды і накіравалі на судовую трасалагічную экспертызу.

Падчас следства высветлілася, што ў тую ноч 16-гадовы мясцовы жыхар ужываў спіртное і, праходзячы міма інтэрната, залез на дах чужога аўтамабіля і патанцаваў на ім, а потым пайшоў далей.

 

На такім прыпынку людзі чакаюць аўтобусаў у Горках – фотафакт

Жыхары прыватнага сектара стаяць тут і ў дождж, і ў халады.

Пра праблему з аўтобусным прыпынкам на вуліцы Чыгуначнай у Горках выданню horki.info паведаміла мясцовая жыхарка. Прыпынак не толькі не мае ніякага даху, але таксама на ім адсутнічае расклад руху і скамейка.

– А гэта ж прыватны сектар, пажылыя людзі жывуць, ды і не толькі! – пракаментавала праблему жыхарка вуліцы Чыгуначнай – І ў дождж, і ў холад так стаяць.

Газета “УзГорак” спыніла выхад

Сёння быў надрукаваны апошні папяровы наклад газеты.

Рэдакцыя вырашыла прыпыніць выхад выдання – гаворыцца на сайце газеты. Прычыны такога рашэння не паведамляюцца, пакідаючы права чытання паміж радкоў. 

“Спадзяемся, не назаўжды. – гаворыцца ў развітальнай нататцы – Прыйдуць іншыя часы, і мы будзем працаваць для вас і разам з вамі, як гэта было апошнія 12 год.”

Газета “УзГорак” стала яркай з’явай у рэгіянальнай журналістыцы, дасягнуўшы папулярнасці і вагі ў вырашэнні сацыяльных пытанняў і асвятленні жыцця рэгіёна. Газета асвятляла падзеі ў Горацкім, Дрыбінскім і Мсціслаўскім раёнах. Яе можна было набыць у шматлікіх крамах і шапіках у Горках, да апошняга часу на “УзГорак” можна было падпісацца праз “Белпошту”. Цяпер падпіску таксама прыпынілі. Усім, хто падпісаўся на выданне да канца года, будуць вернутыя сродкі – паведамілі ў рэдакцыі.

Апошні нумар газеты выйшаў на 16 старонках. У ім змяшчаюцца прыватныя аб’явы з Горак і Дрыбіна, народныя прыкметы і месяцовы каляндар да канца кастрычніка, тры сканворды, астрапрагноз, афіша кінатэатра “Крыніца” і праграма тэлеканалаў. У гэтым нумары шмат фота і артыкулы аб людзях паўночна-ўсходняга рэгіёну Магілёўшчыны.

У Горацкім раёне згарэла вясковая крама

Пажар адбыўся ў пасёлку Сенькава, верагодна з-за электрапрыбораў.

Паведамленне пра ўзгаранне вясковай крамы паступіла да пажарнай службы ноччу 14 верасня. Як выявілася па прыездзе пажарных экіпажаў, полымя ахапіла ўнутранае памяшканне магазіна, пашкодзіўшы тавары і вітрыны. Дзве халадзільныя ўстаноўкі аказаліся пашкоджанымі, а таксама прагарэла аздабленне столі на плошчы 2 квадратных метры. Пацярпелых няма. Прэс-служба МНС паведамляе, што верагоднай прычынай пажару з’яўляюцца парушэнні ў правілах эксплуатацыі электраабсталявання і электрасетак.

Вёска Сенькава знаходзіцца амаль у васьмі кіламетрах ад раённага цэнтра.