Рэаліі сельскай гаспадаркі. На Магілёўшчыне здохла 897 дзяржаўных кароў, кантралёры знайшлі вінаватых

Недалічыліся такой колькасці жывёлаў у адной з гаспадарак Глускага раёну. Тут выяўленыя сістэмныя правапарушэнні на сельгаспрадпрыемстве. Распачатыя крымінальныя справы, многіх кіраўнікоў прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці.

Каровы дохлі і іх спісвалі, ці прадавалі

Паўтара года кіраўнік адной з гаспадарак, імя і назва якіх не называюцца, патрабаваў ад загадчыц фермаў уносіць ілжывыя звесткі ў справаздачнасць. Рэальныя дадзеныя аб непрадукцыйным выбыцці буйной рагатай жывёлы ў бухгалтарскіх дакументах не адлюстроўваліся, а «спісаныя» тушы прадавалі прыватным асобам.

Пра сітуацыю ў сельгаспрадпрыемстве стала вядома, як паведамляецца, «з аператыўнай інфармацыі». Была арганізаваная комплексная праверка, якая і выявіла нястачу 897 галоў.

telegra.ph

Высветлілася, што цяляты і маладняк дохлі праз парушэнні ветэрынарна-санітарных правіл, тэхналогіі кармлення, умоваў утрымання. Акрамя таго, захламлёнасць памяшканняў станавілася прычынай траўмавання жывёлаў, а ветэрынарная дапамога на належным узроўні не аказвалася.

«Ведаючы, што адбывалася, кіраўнік не толькі не рабіў захадаў для прадухілення шкоды, але імкнуўся любымі спосабамі схаваць нястачу. У выніку прадпрыемству нанесена маёмасная шкода на суму звыш паўтара мільёна рублёў», – апавядае газеце «На страже», прадстаўнік Магілёўскай абласной міліцыі Дзяніс Лугін.

Пракуратура Глускага раёну ў снежні 2021-га распачала чатыры крымінальныя справы: тры супраць загадчыкаў ферм за ўтойванне фактаў сканання жывёлы і іх рэалізацыі. Адна ўзбуджаная за перавышэнне паўнамоцтваў дырэктарам.

Кароў кралі…

Паводле Лугіна, аператыўнікі выкрылі схему крадзяжу буйной рагатай жывёлы. Загадчык малочнатаварнага комплексу на працягу паўгода рэалізоўваў дойных кароў жыхару абласнога цэнтру, а атрыманыя сродкі выкарыстоўваў на асабістыя патрэбы: пагашэнне крэдытаў, аплату камунальных паслуг.

komkur.info

Ім было прададзена 6 кароў за 16 тысяч рублёў. Супраць яго распачата пяць крымінальных спраў за крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі.

Па словах Лугіна, трое аграрнікаў прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці, у дачыненні да яшчэ аднаго працягваецца расследаванне.

Адміністрацыйныя пакаранні накладзены на трох кіраўнікоў гаспадарак, а яшчэ на пяцярых рыхтуюцца матэрыялы. У суд накіравана сем пазоваў аб кампенсацыі шкоды.

 

Кіраўнікі раёнаў выправіліся ў школы. Правяраюць іх гатоўнасць да навучальнага году

У Глуску спраўдзіў падрыхтоўку мясцовай школы мастацтваў старшыня райвыканкаму Ўладзімір Кніга. З ім на агледзіны навучальнай установы хадзілі яго падначаленыя, а таксама супрацоўнікі міліцыі і пажарнай службы.

Ці засталіся чыноўнікі задаволеныя станам школы мастацтваў, невядома.

Мясцовая раёнка “Радзіма” паведаміла толькі пра факт самаго візіту ў навучальную ўстанову «спецыяльнай камісіяй з прадстаўнікоў раённага выканаўчага камітэту, спецыялістаў сферы адукацыі, санітарнай, пажарнай, праваахоўнай службаў», якая ацэньвае гатоўнасць да прыёму вучняў». Службоўцы не прамінулі сфатаграфавацца.

У прэзентацыі дзіцячай школы мастацтваў адзначана, што яна дом для тых, хто не можа ўявіць сваё жыццё без музыкі, песні, танца. Ва ўстанове працуюць15 настаўнікаў. Тут навучаецца 274 школьнікі. Яны вучацца па 2 спецыялізацыях: музычнае (фартэпіяна, баян, акардэон, домра, цымбалы, гітара, флейта), харэаграфічнае.

Звычайна на агледзіны школ выпраўляюць шараговых чыноўнікаў, якімі кіруюць службоўцы з сістэмы адукацыі. Кіраўнікі райвыканкамаў наведваюцца ў навучальныя ўстановы з праверкай зрэдку. Іхны візіт найчасцей выкліканы неабходнасцю падкрэсліць клопат аб мясцовым насельніцтве і яго патрэбаў.

Да сярэдзіны жніўня навучальныя ўстановы павінны атрымаць гэтак званыя пашпарты гатоўнасці. Школы і дзіцячыя садкі аглядае міжведамасная камісія, якая дае экспертную ацэнку іх падрыхтаванасці.

фота з русурсаў: glusk.gov.by, glusk.by

«За два дні раскупілі 12 тон цукру». У раёнах Магілёўшчыны чыноўнікі спрабуюць суняць ажыятаж

З’явіўся новы аргумент, якім тлумачаць, адкуль ажыятаж – жыхары Балтыі сталі раскупляць цукар. Тым часам, чыноўнікі запэўніваюць, што цукру на складах дастаткова. 

Глуск

У Глуску «тое, што робіцца ў крамах Глускага райспажыўтаварыства» яго кіраўніцтва лічаць панікай.

«З кожнага праса кажуць, што цукру хапае і кошт не мяняецца, але людзі не слухаюць. За раз па дзесяць упаковак бяруць, лаюцца з прадаўцамі і з намі. Мы завозім цукар паводле плану. У аўторак, 19 ліпеня, прывезлі 12 тон цукру, развезлі іх па магазінах. Да канца дня ўсё раскупілі. Наступны завоз па графіку ў нас у пятніцу. Ну, калі такая справа – будзем прасіць завод загрузіцца па-за графікам яшчэ і ў панядзелак», – апавядае супрацоўніца «Райспажыўтаварыства» Алена Мандзік.

Мясцовая раёнка «Радзіма» адзначае, што «цукар змятаюць з паліц».

«Адны чакаюць росту коштаў, іншыя паглядзелі, што пакупнікі з Прыбалтыкі і Польшчы, якім Прэзідэнт Лукашэнка дазволіў ездзіць у Беларусь без візы, закупляюцца нашымі прадуктамі па поўнай праграме, трэція паддаліся ўсеагульнай паніцы», – піша газета Глускага райвыканкаму.

Клімавічы

Падобная сітуацыя, як у Глуску, у Клімавічах. Тамтэйшыя чыноўнікі запэўніваюць, што цукру назапашана дастаткова. 

Тых, хто закупляе прадукт у запас дакараць, што яны паддаліся чуткам аб дэфіцыце і падаражэнні прадукту.

Начальнік аддзелу эканомікі райвыканкаму Галіна Зубарава даводзіла, што цукар адносіцца да сацыяльна значных тавараў і цана на яго рэгулюецца дзяржавай. Урадам вызначаныя гранічныя максімальныя надбаўкі.

Паводле чыноўніцы ў крамы РАЙПО «ужо паступіла 14 тон цукру», а «у гандлёвыя аб’екты сістэмы Еўрагандаль – 3 тоны». Таксама ёсць ён і ў крамах сеткі «Нівагандаль», у гандлёвых абʼектах малога бізнесу.

На Магілёўшчыне шукаюць фартунніка, які ў латарэю выйграў тэлевізар

Разыгранку тэлевізара, арганізавала Глускае райспажыўтаварыства. Прадаваць латарэйкі пачалі 3 ліпеня. Збыць усе 122 білеты змаглі толькі 8-га.

Жыхары райцэнтру «належнай актыўнасці» у набыцці латарэек не выявілі, піша мясцовая раёнка «Радзіма». Не прададзеныя білеты давялося аддаць на рэалізацыю ў адну з тутэйшых крамаў.

Шчаслівым аказаўся білет №122. Хто яго набыў арганізатары не ведаюць і цяпер высільваюцца, каб яго адшукаць.

У райспажыўтаварыстве пра сваю задуму правесці латарэю кажуць, што яна не стала «першым блінам камяком», але клопату дадала.

фота: glusk.by

 

Траціна замала. Кіраўнік раённай вертыкалі незадаволены дзейнасцю БРСМ

Старшыня Глускага райвыканкаму Сцяпан Чачуха кажа, што ў раёне моладзі ад 14 да 31 году – 1800 чалавек. А ў БРСМ запісаныя менш за траціну – 28,9 працэнты.

«Ёсць куды расці і што паляпшаць у рабоце арганізацыі», – настаўляе ён актыў праўладнай моладзевай структуры.

На ягоную думку для маладых спецыялістаў, якія прыязджаюць працаваць у раён патрэбна ладзіць больш імпрэзаў, каб на ёй моладзь знаёмілася.

«Трэба прыкмячаць і выяўляць актыўных маладых людзей, прыслухоўвацца да іх, падтрымліваць іх ініцыятывы», – цытуе вертыкальшчыка газета «Радзіма».

Чыноўнік лічыць, што варта «адрадзіць такія ранейшыя формы работы, як провады навабранцаў у армію ды ўшанаванне маладых бацькоў».

фота: glusk.by

У Глуску мясцовая міліцыя заклапочаная не «цывілізаванымі» паводзінамі грамадзян

Яна бядуе з таго, што жыхары раёну не належным чынам абыходзяцца з маёмасцю месцаў адпачынку. Зламыснікаў будуць лавіць з дапамогай фоталавушак.

Невядомыя, піша газета «Радзіма», зламалі дарожныя знакі «Заезд забаронены» на двух лодачных станцыях. Таксама пашкодзілі шлагбаумы, якімі быў перагароджаны праезд да пляжаў.

«Мы жывём у цывілізаваным грамадстве, дзе праваахоўнікі, камунальныя, дарожныя і іншыя арганізацыі стараюцца рабіць наша жыццё бяспечней і камфортней», – цытуе зварот міліцыянтаў раёнка.

Паводле іх «некаторыя людзі не цэняць працу іншых, праяўляюць непавагу, ламаюць чужую маёмасць, смецяць, адчуваючы ўсёдазволенасць і беспакаранасць».

Міліцыянты паведамляюць, што факты вандалізму змусілі іх паставіць у месяцах масавага адпачынку людзей фоталавушкі.

фота: glusk.by