У Глуску мясцовая міліцыя заклапочаная не «цывілізаванымі» паводзінамі грамадзян

Яна бядуе з таго, што жыхары раёну не належным чынам абыходзяцца з маёмасцю месцаў адпачынку. Зламыснікаў будуць лавіць з дапамогай фоталавушак.

Невядомыя, піша газета «Радзіма», зламалі дарожныя знакі «Заезд забаронены» на двух лодачных станцыях. Таксама пашкодзілі шлагбаумы, якімі быў перагароджаны праезд да пляжаў.

«Мы жывём у цывілізаваным грамадстве, дзе праваахоўнікі, камунальныя, дарожныя і іншыя арганізацыі стараюцца рабіць наша жыццё бяспечней і камфортней», – цытуе зварот міліцыянтаў раёнка.

Паводле іх «некаторыя людзі не цэняць працу іншых, праяўляюць непавагу, ламаюць чужую маёмасць, смецяць, адчуваючы ўсёдазволенасць і беспакаранасць».

Міліцыянты паведамляюць, што факты вандалізму змусілі іх паставіць у месяцах масавага адпачынку людзей фоталавушкі.

фота: glusk.by