Дрыбінец скраў дзве тоны зерня са склада, што не ахоўваўся

У Чавускім раёне праваахоўнікі знайшлі ў прыватным мікрааўтобусе 1 960 кілаграм крадзенага насеннага аўса – паведамляе прэс-служба абласнога УУС.

Праваахоўнікі ноччу вырашылі праверыць мікрааўтобус, які выклікаў падазрэнні: стаяў на ўзбочыне дарогі непадалёк ад складоў мясцовага сельгаспрадпрыемства у в. Кузьмінічы. 

У ім знайшлі больш за 50 мяшкоў насеннага аўса, які скраў 41-гадовы жыхар Дрыбінскага раёна з неахоўваемых складоў сельскагаспадарчага прадпрыемства.

Мужчына падабраў ключы, пракраўся на склад і вынес мяшкі са збожжам з мэтай продажу фермеру ў Дрыбінскім раёне.

Скрадзены авёс вагой 1960 кілаграм на агульную суму 1744 рублі канфіскаваны. 

Узбуджана крымінальная справа.

Фотаздымкі з сайта УУС Магаблвыканкама

Пад Дрыбінам каналізацыя выцякала ў раку – штраф 50 базавых

Мясцовая раённая газета “Савецкая вёска” зладзіла рэйд па сметніках Дрыбінскага раёна сумесна з начальнікам раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Падчас рэйда, знайшлі некалькі несанкцыянаваных звалак, а таксама выявілі выкід неачышчаных каналізацыйных стокаў у рэчку Шыпаўка, што ўпадае ў Проню каля вёскі Галавічы. Каналізацыя проста выцякала з металічнай трубы ў вадаём.

Высветлілася, што забруджванне рэчкі адбываецца на тэрыторыі водаправодна-каналізацыйнага ўчастка Дрыбінскага філіяла «Магілёўскага водаканала». Арганізацыя атрымала штраф у 50 базавых велічынь.

Фота: “Савецкая вёска”

Пад Дрыбінам сабака нападаў на дзяцей

Інцыдэнт, які напалохаў мясцовых жыхароў, адбыўся ў аграгарадку Міхееўка Дрыбінскага раёна. Сабака, магчыма бадзяжны, напаў на вуліцы на дзяўчынку, а праз некалькі гадзін – на хлопчыка, піша газета “Савецкая вёска”.

Як паведаміў выданню выканаўца абавязкаў старшыні Міхееўскага сельвыканкама Віктар Дубікоўскі, у той дзень ён практычна адразу пасля здарэння выехаў у Міхееўку, але нідзе сабаку-нападніка не знайшоў, як і на наступны дзень.

Начальнік участка дрыбінскага УКП «Жылкамгас» Андрэй Алісіевіч распавёў выданню, што скаргаў на сабак у аграгарадку ў апошні час паступіла нямала, з прычыны таго, што зараз сезон так званых сабачых вяселляў.

Майстар участка «Жылкамгаса» Валерый Гарбачоў таксама пракаментаваў сітуацыю з нападам сабакі, і расказаў аб утрыманні гадаванцаў жыхарамі аграгарадка:

– Сабака, які напаў на дзяцей, нібыта рудой афарбоўкі, падобны на аўчарку. Магчыма, мог прыбегчы з суседніх вёсак, дзе ніхто не ўтрымоўвае сабак на ланцугу. Нашы людзі не лічаць патрэбным утрымліваць сваіх гадаванцаў у вальерах альбо на прывязі, каб яны не дастаўлялі праблем іншым жыхарам.

Фота ілюстрацыйнае

У Дрыбіне адкрыўся магазін кветак

Цяжка ў гэта паверыць, але дагэтуль жыхарам раённага цэнтра дзеля букета свежых кветак прыходзілася ездзіць у іншыя гарады. Цяпер жа ў Дрыбіне адкрылася кветкавая крама, у якой прадстаўлены некалькі разнавіднасцяў руж, хрызантэмы, гваздзікі. Да святаў будуць паступаць кветкі ў збанках – піша газета “Савецкая вёска”.

Прадавец крамы Валянціна Багданоўская (на фота) расказвае пра сакрэты абыходжання з кветкамі:

– Каб кветкі стаялі працяглы час, неабходныя тры ўмовы: пэўная тэмпература, свежы зрэз на сцябле, рэгулярная змена вады і правільная апрацоўка сцёблаў некаторых разнавіднасцяў руж. А наогул самыя ўстойлівыя кветкі – гэта гваздзікі і хрызантэма. Яшчэ працягласць жыцця кветак залежыць ад таго, з якім настроем яны падораны. Дарыць іх таксама трэба ўмець: прыгожа паднесці, падабраць правільныя словы.

Фота: “Савецкая вёска”

Пажыццёва – шапавальшчыцы з Дрыбіна прысвоена званне майстра

Па ўсёй Магілёўскай вобласці ўсяго пяць такіх умельцаў.

Рашэннем Міністэрства культуры і экспертнай камісіі пры Беларускім Саюзе майстроў народнай творчасці Таццяне Чарапавіч з Дрыбіна статус “народнага майстра шапавальства” прысвоены пажыццёва – піша газета “Савецкая вёска”. Таццяна Чараповіч – народная майстрыца Беларусі па валянню, член Саюза майстроў народнай творчасці Рэспублікі Беларусь, навуковы супрацоўнік Дрыбінскага раённага гісторыка-этнаграфічнага музея.

Такога ганаровага звання ў Магілёўскай вобласці ўдастоены ўсяго пяцёра народных майстроў – Ірына Кухціна (саломапляценне, г. Быхаў), Галіна Сцепанькова (лозапляценне, г. Горкі), Таццяна Фяськова (лозапляценне, г. Магілёў), Вольга Сыцікава (мастацкая апрацоўка льну, г. Магілёў). Усе астатнія народныя майстры павінны перыядычна пацвярджаць сваё майстэрства.

Фота: “Савецкая вёска”

У Дрыбіне гарачую ваду даюць толькі раніцай і вечарам, бо круглыя суткі – нявыгадна

А калі жыхарам нешта не падабаецца, намеснік старшыні райвыканкама параіў ім ставіць награвальныя катлы.

Гарачая вада ў раённым цэнтры падаёцца ў шматкватэрныя жылыя дамы толькі раніцай, з 6:00 да 9:00 (у нядзелю да 11:00) і вечарам з 17:00 да 23:00.

– Чаму мы не можам карыстацца гарачай вадой круглыя суткі, бо гэта стварае нязручнасці, і асабліва тым, у каго маленькія дзеці, хворыя пажылыя людзі? – з такім пытаннем звярнуліся жыхары Дрыбіна ў рэдакцыю мясцовай раённай газеты “Савецкая вёска”.

Сітуацыю пракаментаваў начальнік кацельна-цеплавой і газавай гаспадаркі КПК “Жылкамгас” Аляксандр Кускаў:

– Графік падачы гарачай вады зацверджаны раённым выканаўчым камітэтам. Перавесці на кругласутачны рэжым падачу гарачай вады кацельня пакуль не мае тэхнічнай магчымасці.

Намеснік старшыні Дрыбінскага райвыканкама Уладзімір Лясяк песімістычна адрэагаваў на запыт чытачоў газеты – кругласутачна падаваць ваду ў шматкватэрныя дамы будзе нявыгадна, бо пацягне вяликия затраты электраэнергии. А калі камусьці карыстацца гарачай вадой па графіку не падабаецца – стаўце сабе награвальныя сістэмы:

– Гарачая вада ў шматкватэрныя дамы райцэнтра падаецца з катлоў, якія працуюць на мясцовых відах паліва, гэта значыць пры спальванні дроў. Па заканадаўстве ў невялікіх населеных пунктах, такіх, напрыклад, як Дрыбін, гарачая вада павінна падавацца толькі пры спальванні мясцовых відаў паліва. – тлумачыць чыноўнік – Усталяваць дадаткова яшчэ адзін кацёл, які б падаваў большую колькасць гарачай вады, на сённяшні дзень няма магчымасці. Для падачы гарачай вады выкарыстоўваюцца магутныя энергазатратныя помпы, а спажыванне вады атрымліваецца невялікае, бо людзі ў асноўнай масе карыстаюцца гарачай вадой раніцай і ўвечары. Калі гарачую ваду падаваць кругласутачна, тое гэта прывядзе да вялікага спажывання электраэнергіі. А гэта эканамічна нявыгадна і затратна. Таму, калі спажыўца не задавальняе дзейсны графік падачы гарачай вады, ён можа ўсталяваць індывідуальны электранагравальнік або газавы награвальнік вады.

Фота ілюстрацыйнае

У Дрыбіне замярзае сямейства лебедзяў – гараджане б’юць трывогу

Цэлая сям’я – двое белых дарослых птушак і чацвёра шэрых, якія не змянілі апярэнне, маладых лебедзяў, яшчэ з восені па невядомай прычыне не паляцелі ў вырай. Яны засталіся зімаваць на рацэ Проня каля Дрыбіна. Маразы вельмі пагоршылі і без таго незайздроснае становішча гэтых птушак. 

У рэдакцыю мясцовай раённай газеты “Савецкая вёска” звярнуліся жыхары райцэнтра, якія вельмі хочуць падтрымаць птушак, хаця б падкарміць іх. Але з-за разводдзя падысці да берага зараз небяспечна. Вада адступіла, а пад лёдам утварыліся пустэчы.

Паведамляецца, што рэдакцыя газеты праінфармавала аб замярзаючых лебедзях раённую камісію па аказанні дапамогі дзікай жывёле, якая трапіла ў бяду, і раённую інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Фота: “Савецкая вёска”

Кіроўца рэгіянальнага рэйса Магілёў-Белая не паехаў у вёску, пятнаццаць чалавек засталіся на прыпынку

На канечнай аўтобуснага маршрута раніцай у нядзелю 20 снежня засталіся паўтара дзясяткі чалавек, да якіх так і не даехаў аўтобус.

Вадзіцель палічыў, што дарога недастаткова расчышчаная, і пасля вёскі Чэрнеўкі развярнуў свой транспарт і скіраваў назад у Магілёў. Пасажыры з Чэрнеўкі патэлефанавалі жыхарам Белай і папярэдзілі, каб тыя дарэмна не чакалі, не мерзлі на марозе – аўтобус не прыйдзе да іх, ён з’ехаў у абласны цэнтр.

Вёска Белая знаходзіцца ў Дрыбінскім раёне і ляжыць у шасці кіламетрах ад трасы, якая вядзе з Магілёва ў Дрыбін. Сюды наладжаны штодзённы ранішні рэйс з абласнога цэнтра. У нядзелю многія жыхары вёскі збіраліся наведаць Магілёў – шмат у каго гэта адзіны выхадны, трэба было і ў аптэку, і ў крамы – піша раённая газета “Савецкая вёска”.

Педагог мясцовай школы Святлана Бялова расказала выданню, што па дарозе той раніцай ездзілі і легкавыя аўтамабілі, і хуткая, і транспарт сельгаспрадпрыемства. А літаральна хвілін праз 10-15 пасля званка аб тым, што аўтобус паехаў назад у Магілёў без пасажыраў з Белай, прыехала снегаўборачная тэхніка дарожнікаў і расчысціла праязную частку. Святлана, як і іншыя пасажыры, упэўнена, што калі б вадзіцель патэлефанаваў свайму кіраўніцтву і паведаміў аб сваіх асцярогах, а яно звязалася б з кіраўніцтвам дарожнай службы раёна або ўладай, то сітуацыя не была б такой драматычнай. Тым больш, што праехаць можна было першапачаткова. А за гэты час, пакуль аўтобус ехаў бы да Белай ад Чарнеўкі, якраз бы яго дагнаў у шляху спецтранспарт дарожнай службы.

Такім чынам, кіроўца аднаасобным рашэннем пазбавіў 15 вяскоўцаў магчымасці прыехаць у абласны цэнтр па сваіх справах, у кагосьці – па неадкладных. Цяпер трэба чакаць тыдзень да наступнай нядзелі.

Фота ілюстрацыйнае

Дрыбін адзначае юбілей – знаемімся з горадам

Шапавальны край у самым малым райцэнтры Беларусі.

Малады раённы цэнтр з дагледжанымі жылымі кварталамі, багаты народнымі традыцыямі і гісторыяй, з нестандартнай сучаснай архітэктурай і адметным фестывалем 

Сёлета Дрыбін адзначае 25 год, як паселішча атрымала статус пасёлка гарадскога тыпу  

Дрыбін – самы малады раённы цэнтр Магілёўскай вобласці, які пачаў актыўна забудоўвацца ў сувязі з перасяленнем сюды жыхароў з радыеактыўна забруджаных тэрыторый пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. 

Статус гарадскога пасёлка Дрыбін атрымаў толькі ў 1997 годзе. Гэтаму папярэднічала аднаўленне Дрыбінскага раёна ў канцы 1989 года. У 1990-я гады ў звязку з аднаўленнем раёну і статусу гарадскога пасёлка ў Дрыбіне разгарнулася масштабнае будаўніцтва. Аднак тым не менш на сёння Дрыбін з’яўляецца самым маленькім раённым цэнтрам Беларусі, а яго насельніцтва складае ўсяго тры тысячы чалавек. 

Аднак, Дрыбін вырас і стаўся раённым цэнтрам не з вёскі, а з невялікага ўсходнебеларускага мястэчка са сваёй гісторыяй.

У раёна тры даты нараджэння і дзве даты скасавання

 

Свой адлік Дрыбін вядзе ад 1569 года як шляхецкага ўладання ў Мсціслаўскім ваяводстве. У свой час нават канцлер ВКЛ Леў Сапега ў сваім тэстаменце (1633) згадаў «вёску і пушчу Дрыбінскую». 

Падчас вайны Расіі з Рэччу Паспалітай у 1654 – 1667 гг. гэтая мясцовасць апынулася ў цэнтры баявых дзеянняў: 8 кастрычніка 1660 года непадалёк ад Дрыбіна абаронцы Вялікага Княства Літоўскага пад камандаю гетмана вялікага Паўла Яна Сапегі  здабылі перамогу над маскоўскімі захопнікамі. 

Станам на 1784 год мястэчка з’яўлялася цэнтрам маёнтку Цеханавецкіх, тут быў 181 двор, 25 крамаў, млын, царква. У 1830 годзе ў Дрыбіне заснавалі вінакурнае прадпрыемства. 

У 1845 годзе выбухнула выступленне сялян супраць прыгоннага права, жорстка задушанае расійскімі салдатамі. У 1877 годзе мясцовасць перайшла ў валоданне Урангеля фон Гюбенталя. На 1880 год Дрыбін налічваў 250 двароў, існавалі царква, два малітоўныя дамы, валасная ўправа, бальніца, два млыны, школа пісьменнасці. 

Апрача сельскай гаспадаркі жыхары займаліся промысламі, найбольш вядомымі былі дрыбінскія шапавалы. Паводле перапісу 1897 г. у Дрыбіне было 1828 жыхароў, сярод якіх 856 праваслаўных і 971 іудзей. З 1903 года ў мястэчку дзейнічала пажарнае таварыства, у 1910—1911 гадах адкрыліся паштова-тэлеграфная кантора і ашчадная каса.

 

У 1924 годзе ўпершыню быў утвораны Дрыбінскі раён, аднак у 1935 годзе ён быў прыбраны. Наогул у раёна тры даты нараджэння і дзве даты скасавання. У 1930-я гады ў Дрыбіне працавалі вадзяны і нафтавы млыны, кузня, кравецкая майстэрня «Чырвоная ігла», шавецкая майстэрня, арцель «Смычка», смалакурны завод, арцель «Смалапрадукцыя», хлебапякарня, крухмальны, масларобча-сыраварны і шапавальны заводы. Падчас Другой сусветнай вайны нямецкая акупацыйная адміністрацыя стварыла ў Дрыбіне лагер смерці, дзе знішчылі 2,5 тыс. чалавек.

 

Самы малы райцэнтр Беларусі

Дрыбін знаходзіцца ў баку ад буйных аўтатрас, за 64 км на паўночны ўсход ад Магілёва. Аўтамабільнымі дарогамі злучаны з Магілёвам і Горкамі. Самы малы райцэнтр Беларусі можа здзівіць падарожнага сваёй утульнасцю і дагледжанасцю, што ўбачыш не ў кожным мястэчку ці нават у буйным горадзе.

Вывучыць цэнтр Дрыбіна не складана, бо трэба прагуляцца ўсяго хвілін па дваццаць у адзін і другі бок. Цэнтр мястэчка заўсёды выглядае ўпарадкаваным і прыбраным, хоць і іншыя раёны горада таксама не надта адстаюць у гэтым сэнсе. Між іншым, праект забудовы і планавання Дрыбіна распрацавалі яшчэ ў 1982 годзе. 

У Дрыбіне дзве цэнтральных вуліцы, якія арыентуюцца з захаду на ўсход: адна носіць імя лідара бальшавікоў Леніна, а другая – Савецкая. Дарэчы, менавіта вуліца Савецкая падзяляе Дрыбін на дзве часткі: стары Дрыбін з драўлянымі хатамі і невялічкімі катэджамі і новы Дрыбін з масівам пяціпавярховых дамоў і адміністрацыйнымі будынкамі. Нягледзячы на прысутнасць у тапаніміцы мястэчка розных савецкіх назваў, помніка Леніну ў Дрыбіне не існуе. Сярод гарадскіх найменняў адзначым невялічкую вуліцу, названую ў гонар вядомага беларускага пісьменніка Максіма Гарэцкага.

 

Сярод мясцовых адметнасцяў варта адзначыць будынак, у якім размяшчаюцца пракуратура, суд, натарыяльная служба і ЗАГС. Архітэктурна ён выглядае нестандартна, бо ў ім прасочваецца гульня з аб’ёмамі і формамі. 

Дарэчы, цэлы комплекс адміністрацыйных будынкаў у Дрыбіне пабудавалі пасля таго, як мястэчка зноўку аднавіла статус раённага цэнтра. Адным з нешматлікіх яскравых будынкаў савецкага перыяду, што захаваўся ў Дрыбіне, з’яўляецца мясцовая дзіцячая мастацкая школа.

 

На зліцці трох рэк

Масіў панэльных і цагляных шматпавярховых дамоў у Дрыбіне размешчаны ў трох кластэрах. Цагляныя дамы часам вылучаюцца нязвыклай для раённага цэнтра архітэктурнай формай жылых пабудоў. Раёны, дзе размешчаны панэльныя і цагляныя дамы настолькі добра дагледжаны, што могуць нават прэтэндаваць на якую-небудзь рэспубліканскую ўзнагароду па ўпарадкаванасці кварталаў і двароў. 

 

Асобна вылучаецца масіў невялікіх чатырохкватэрных двухпавярховых домікаў з агародамі, якія будавалі для першых перасяленцаў адразу пасля чарнобыльскай трагедыі. Гэты раён у параўнанні з іншымі выглядае больш блякла, але таксама досыць прывабна.

 

Адзначым, што ў мястэчку ёсць гасцініца, якая называецца проста – «Дрыбін». У параўнанні з іншымі раённымі гасцініцамі яна дае наведвальнікам досыць якасныя і недарагія паслугі.  

У мястэчку ёсць некалькі месцаў, дзе можна адпачыць. Кафэ-бар «Малахіт» – месца паломніцтва аматараў добра пагуляць і «адарвацца», рэстаран «Фламінга» – месца культурнага адпачынку, правінцыйны рэстаран з дэмакратычнымі коштамі. 

Ёсць гэтаксама невялікае кафэ з сімвалічнай назвай “Проня”. Дарэчы, гарадскі пасёлак Дрыбін стаіць у месцы зліцця Проні з рэкамі Быстрая і Гольша. 

 

“Картушніцкі лемезень”

 

Дрыбін – даўняе мястэчка гістарычнай Мсціслаўшчыны, вядомае тутэйшымі шапаваламі, якія распрацавалі ўласную ўмоўную мову – «катрушніцкі лемезень». 

Мястэчка і ваколіцы прываблівае турыстаў у першую чаргу сваім унікальным промыслам — шапавальствам (ручное валянне валёнак), які стаўся рэгіянальным брэндам і часткай нематэрыяльнай спадчыны Беларусі. 

 

На фестываль насельніцтва павялічваецца ў два разы

З 2011 года ў раённым цэнтры праводзіцца фестываль “Дрыбінскія таржкі” мэтай якога з’яўляецца захаванне і папулярызацыя не толькі шапавальства, але і народных творчасці, промыслаў і раместваў у шырокім сэнсе, а таксама прыцягненне ўвагі дзяцей, падлеткаў, юнакоў і дарослых да беларускіх народных традыцый, абрадаў і звычаяў, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Прычым на фестываль прыязджаюць з розных куткоў Беларусі і Расіі, а таксама госці з бліжэйшага замежжа.

Фестываль народнай творчасці, промыслаў і рамёстваў “Дрыбінскія таржкі” звычайна досыць шматгранны, бо праводзіцца два дні. На ім можна не толькі паесці стравы народнай кухні, набыць сувенір, аднак і паўдзельнічаць у кірмашовых забавах і народных гульнях. Акрамя таго, можна паўдзельнічаць у мастар-класах па народных рамёствах і промыслах, у тым ліку па валянні валёнак і спрачыніцца да шапавальскага навыку. 

Апошнім часам фестываль мае высокую папулярнасць і падчас яго правядзення насельніцтва Дрыбіна павялічваецца ў два разы.

Дрыбінскі гісторыка-этнаграфічны музей таксама звязаны з шапавальскім промыслам. У музеі ёсць шапавальскае майстэрня, дзе займаюцца дзеці і дарослыя. Больш за тое, на папулярызацыю промысла і стварэнне адпаведнай экспазіцыі па шапавальству ўстанове культуры неаднаразова вылучаліся нямалыя датацыі.  

Дарэчы, наведвальнікі музея могуць пазнаёміцца не толькі з тэхналогіяй выраблення валёнак, але і з асноўныямі прыладамі працы, якія выкарыстоўваюцца ў гэтым промысле. 

Усяго ў музеі знаходзяцца 6 залаў, якія прысвечаны промыслам і рамёствам, народнаму адзенню і мясцовай прыродзе, ваенным падзеям, археалогіі і гісторыі развіцця Дрыбінскага раёна і абразам XIX-XX стст.

 

Сярод іншых адметнасцяў можна вылучыць брацкую магілу (1943-1944 гг.), дзе знаходзіцца абеліск загінулым салдатам. 

Менавіта па Проні падчас вайны на працягу дзевяці месяцаў ішлі жорсткія баі паміж савецкімі войскамі і войскамі гітлераўскай Германіі.

 

Да архітэктурных славутасцяў Дрыбіна адносяцца вадзяны млын і драўляная Свята-Праабражэнская царква. Вадзяны млын пачатку ХХ стагоддзя стаіць на рацэ Радзебка – прытоку Проні. Драўляная Спаса-Праабражэнская царква, у сваю чаргу, датуецца 1940-мі гадамі. 

Размешчана яна ў звычайнай драўлянай хаце, прычым ініцыятарам яе збудавання быў мясцовы жыхар. Адзначым таксама, што ў Дрыбіне захаваліся старыя яўрэйскія могілкі, а вядомая ізраільская балерына і выкладчыца класічнага балета Мія Арбатава нарадзілася ў 1911 годзе менавіта ў гэтым беларускім мястэчку. 

А яшчэ ў ваколіцах Дрыбіна, за 1 км на паўднёвы захад ад паселішча знаходзіцца старажытны курган і дзве археалагічныя стаянкі каменнага веку.

Пенсіянер загінуў на пажары ў Дрыбінскім раёне

У жылым доме ў вёсцы Кішчыцы Дрыбінскага раёна на пажары знойдзены загінулы гаспадар 1949 года нараджэння, пенсіянер. Трагедыя адбылася ўвечары другога снежня. Прычыны пажару і гібелі ўстанаўліваюцца.

Фота носіць ілюстрацыйны характар і ўзята з адкрытых крыніц.