Пад Дрыбінам сабака нападаў на дзяцей

Інцыдэнт, які напалохаў мясцовых жыхароў, адбыўся ў аграгарадку Міхееўка Дрыбінскага раёна. Сабака, магчыма бадзяжны, напаў на вуліцы на дзяўчынку, а праз некалькі гадзін – на хлопчыка, піша газета “Савецкая вёска”.

Як паведаміў выданню выканаўца абавязкаў старшыні Міхееўскага сельвыканкама Віктар Дубікоўскі, у той дзень ён практычна адразу пасля здарэння выехаў у Міхееўку, але нідзе сабаку-нападніка не знайшоў, як і на наступны дзень.

Начальнік участка дрыбінскага УКП «Жылкамгас» Андрэй Алісіевіч распавёў выданню, што скаргаў на сабак у аграгарадку ў апошні час паступіла нямала, з прычыны таго, што зараз сезон так званых сабачых вяселляў.

Майстар участка «Жылкамгаса» Валерый Гарбачоў таксама пракаментаваў сітуацыю з нападам сабакі, і расказаў аб утрыманні гадаванцаў жыхарамі аграгарадка:

– Сабака, які напаў на дзяцей, нібыта рудой афарбоўкі, падобны на аўчарку. Магчыма, мог прыбегчы з суседніх вёсак, дзе ніхто не ўтрымоўвае сабак на ланцугу. Нашы людзі не лічаць патрэбным утрымліваць сваіх гадаванцаў у вальерах альбо на прывязі, каб яны не дастаўлялі праблем іншым жыхарам.

Фота ілюстрацыйнае