Культурнай сталіцай Беларусі ў 2024 годзе будуць Бялынічы

Культурнай сталіцай-2024 стануць Бялынічы Могілёўскай вобласці. Такое рашэнне прынята на пасяджэнні калегіі Міністэрства культуры па выніках разгляду прэзентацыйных матэрыялаў на наданне статусу “Культурная сталіца года” ў 2024 годзе – паведамляе афіцыйны Тэлеграм-канал Міністэрства культуры Беларусі.

У спісе прэтэндэнтаў былі таксама гарады Камянец Брэсцкай вобласці, Глыбокае Віцебскай вобласці, Мазыр Гомельскай вобласці, Свіслач Гродзенскай вобласці.

Колькі каштуе статуэтка “Оскар”?

Роўна тыдзень таму прайшла 95-я цырымонія ўручэння прэміі “Оскар”, на якой трыумф атрымаў фільм “Усё, усюды і адразу”, заваяваўшы сем узнагарод. Выданне Guardian расказвае малавядомы бок цырымоніі – які рынкавы кошт знакамітай статуэткі. 

У 2000 годзе, за тры тыдні да ўручэння прэміі “Оскар”, уся партыя з 55 статуэтак 72-й цырымоніі ўручэння загадкава знікла. Увесь шоў-бізнэс быў шакаваны прапажай, за інфармацыю пра статуэткі была абвешчана прэмія ў 50 000 долараў, а да пошуку ўзнагарод далучылася ФБР. Злодзеяў хутка знайшлі, імі апынуліся пара грузаперавозчыкаў, якія вырашылі няблага ўзбагаціцца на знакамітых статуэтках, пакрытых золатам у 24 караты. 

Калі б гэтыя злодзеі нейкім чынам змаглі прадаць “Оскар” на адкрытым рынку, яны маглі б быць шакіраваныя. Кошт 55 новых статуэтак Оскара складае 55 долараў. З 1951 года ўсе лаўрэаты прэміі «Оскар» павінны падпісаць пагадненне аб тым, што яны «не будуць прадаваць або іншым чынам распараджацца статуэткай “Оскар”, а таксама дазваляць яе прадаваць або распараджацца ёю ў адпаведнасці з законам, без папярэдняй прапановы прадаць яе Акадэміі за суму ў 1 долар». Правіла таксама распаўсюджваецца на тых, хто атрымлівае статуэтку ў спадчыну.

Як можна зразумець з гэтага абмежавання, легальны і прыбытковы рынак статуэткамі “Оскар” адносіцца толькі да тых узнагарод, якія былі атрыманыя артыстамі да 1951 года. 

Лічыцца, што сур’ёзны гандаль статуэткамі пачаўся ў 1993 годзе, калі сям’я Вівіен Лі прадала на аўкцыёне яе ўзнагароду як лепшай актрысе за фільм “Знесеныя ветрам” за 563 000 долараў. Паколькі гэта была статуэтка да 1951 года, Акадэмія не магла накласці абмежаванні, але выступіла з заявай, у якой гаварылася, што «шкадуе аб гандлі Оскарам».

Але некаторыя наступныя патэнцыйныя прадаўцы не змаглі  выкарыстаць падобныя «законныя магчымасці». Напрыклад, у 2008 годзе тры спадчыннікі зоркі нямога кіно Мэры Пікфард (а яна – адна з першапачатковых заснавальніц Акадэміі кінематаграфічных мастацтваў і навук) былі заблакаваныя ў іх спробах прадаць яе ўзнагароду за найлепшую актрысу 1930 года ў фільме “Какетка” з-за ганаровага “Оскара”, якога яна атрымала ў 1976 годзе. Акадэмія паспяхова даказала на судзе, што пагадненне, падпісанае Пікфард у 1976 годзе, распаўсюджвалася на абедзве статуэткі.

Прэміі «Оскар» да 1951 года рэгулярна выстаўляцца на законны продажах. Напрыклад, у 2012 годзе калекцыя з 15 прэмій «Оскар» была прададзена на аўкцыёне за 3 мільёны  долараў. Пакупнікі былі неназваныя, а прадавец быў ідэнтыфікаваны толькі як «бізнэсмэн з Лос-Анджэлеса, звязаны з індустрыяй забаў». У ліпені мінулага года аўкцыёны Heritage Auctions прадалі «Оскар» аператара Клайда дэ Віны 1930 года за фільм «Белыя цені ў паўднёвых морах», другі ў гісторыі «Оскар» за лепшую аператарскую працу, за 228 000 долараў.

Некаторыя калекцыянеры статуэтак змаглі някепска на іх зарабіць. Так, у 2003 годзе фокуснік Дэвід Каперфілд набыў на аўкцыёне «Оскар» Майкла Кёртыза як лепшага рэжысёра за фільм «Касабланка» за 232 тысячы долараў. Пэўны час ён захоўваў яго ў сваёй спальні, сцвярджаючы без іроніі: «Прадметы павінны быць там, дзе яны прыносяць найбольшую карысць». У 2012 годзе Каперфілд перапрадаў статуэтку больш чым за 2 мільёны долараў, што можна лічыць адным з яго найцікавых магічных трукаў.

Фота: The Guardian

Пад Дрыбінам адрадзілі традыцыю пляцення лапцяў з “вочкамі”

У аграгарадку Кароўчына Дрыбінскага раёна здолелі ажывіць унікальную традыцыю лапцепляцення.

Тэхналогію пляцення лапцей з назвай «відушчыя» прыдумалі на Дрыбіншчыне шмат стагоддзяў таму. У такім абутку паміж падэшвай і пяцелькамі пад аборы застаюцца адтуліны – “вочкі”. Сакрэты майстэрства некалі перадавалі з пакалення ў пакаленне, а потым яно страціла актуальнасць.

Малодшы навуковы супрацоўнік Дома рамёстваў аграгарадка Кароўчына Валянціна Майсеева распавяла пра аднаўленне традыцыі: 

– І мы вось да бабулі прыйшлі. Яна ўзяла ў рукі лыка і пачала плесці. Кажа: “Ой, галава не памятае, а рукі памятаюць”. Мы хадзілі, здымалі на фотаапарат, відэа здымалі, усё фіксавалі, потым глядзелі, спрабавалі. Што не атрымлівалася – зноў да яе ішлі. Доўга гэта ўсё, але навучыліся.

Зараз у Кароўчыне вырабляюць пад 300 пар лапцей штогод, самых розных памераў і ў тым ліку сувенірныя – піша газета “Савецкая вёска”.

Раней на Дрыбіншчыне адрадзілі яшчэ адзін старадаўні абутковы брэнд – валёнкі. Тэхналогіі валяння, якую мясцовыя шапавалы стварылі ў XVII стагоддзі, тут таксама навучаюць дзяцей. Шапавальства і лапцепляценне ўваходзяць у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.

Фота: “Савецкая вёска”

У Магілёве пройдзе вечар арганнай музыкі

19 сакавіка ў 16.00 у магілёўскім касцёле святога Станіслава пройдзе “Вечар арганных разважанняў”. Музыку Ё.-С. Баха, Ф. Мендэльсона і Х. Кушнарова будзе выконваць Аліе Абдурашытава з Санкт-Пецярбурга.

Фота з адкрытых крыніц.

“Джаз! Кошкі! Вясна!” – маладыя мастакі з Глуску выставіліся ў прэстыжнай сталічнай галерэі

12 карцін маладых глускіх мастакоў з творчай асацыяцыі “Aрт кроха” выстаўлены ў Нацыянальным цэнтры сучаснага мастацтва сярод 200-т атабраных з усёй краіны работ.

Артпраект “Джаз! Кошкі! Вясна! ” праходзіць у Нацыянальным цэнтры сучаснага мастацтва штогод, і гэтым разам 12 карцін маленькіх мастакоў з Глуска выстаўлены ў экспазіцыі – паведаміла газета “Радзіма”. 

“Коцікі заўжды прыцягваюць ўвагу людзей. А гэтыя адметныя кацяняты – гэта проста шарм, ну, проста няшачкі і мімімішачкі” – лічыць кіраўніца артстудыі Алена Пятрова. 

Для выставы Мілана Зеленкаветс, Ганна Пятрова, Кацярына і Іля Ларкіны, Злата Аўчынікава, Сафія Арашкова, Анастасія Скубілава, Алена Бідзюк, Кірыл Лось, Дар’я Пастушонак, Святаслаў Боярка і Уліана Дзядуля, падрыхтавалі такія творы, якія не змагло ігнараваць журы. 

Артпраект “Джаз! Кошкі! Вясна! ” будзе доўжыцца да 26 сакавіка. 

Фота: газета “Радзіма”. 

Духоўны фестываль пройдзе сёлета ў Мсціславе

Духоўны фестываль пройдзе ў другі раз за чатыры гады і будзе адлюстроўваць багатае рэлігійнае жыццё рэгіёна.

Як піша mstlife.by духоўны фестываль “Мсціслаўшчына – цэнтр духоўнасці” плануюць правесці сёлета ў Мсціславе. Пра гэта расказала начальнік аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Мсціслаўскага райвыканкама Наталля Біскуп.

У 2019 годзе быў праведзены Першы духоўны міжканфесійны фестываль “Мсціслаўшчына – цэнтр духоўнасці”. Святары, паломнікі з розных куткоў Беларусі і Расійскай Федэрацыі прыехалі ў Мсціслаў, каб дакрануцца да гісторыі, узяць удзел у богаслужэннях. Правесці ў 2020 годзе фестываль не ўяўлялася магчымым з-за пандэміі. Сёлета прадстаўнікамі мясцовага аддзела культуры было вырашана  вярнуцца да фармату дадзенага фэсту.

Сёння Мсціслаў у жыхароў Беларусі і бліжэйшых краін у першую чаргу асацыюецца са святам сярэднявечнай культуры “Рыцарскі фэст”.  

– Дастаткова багата прадстаўлена на Мсціслаўшчыне і духоўнае жыццё, аднак, яно менш папулярызавана – лічыць Наталля Біскуп. 

Адзначым, што папярэдні духоўны фестываль знайшоў водгук як у мясцовых жыхароў, так і гасцей горада. За кошт дабрачынных сродкаў, сабраных у тым ліку падчас фестываля, быў зроблены рамонт у адной з цэркваў старажытнага Мсціслава.

Фота з адкрытых крыніц

Музею ў Горках перадалі карціны вядомага земляка Якава Сімкіна

Работы знакамітага ўраджэнца вёскі Леніно Горацкага раёна знайшоў і перадаў у музей пляменнік мастака.

Якаў Сімкін нарадзіўся ў вёсцы Леніно Горацкага раёна ў 1921 годзе. Прайшоў усю Вялікую Айчынную вайну, а ў сталым узросце заняўся жывапісам. Ён не атрымаў прафесійнай адукацыі, але заняткі ў вучня Казіміра Малевіча М. Хазанава далі яму дастатковы досвед, каб дасягнуць прызнання. У 1969 годзе ён стаў сябрам Саюза мастакоў СССР, быў удзельнікам шматлікіх персанальных і ўсесаюзных выставаў. Мастацтвазнаўцы адзначалі, што галоўным у працы мастака з’яўляецца духоўнасць, прыгажосць навакольнага свету і асаблівае колерабачанне і таму называлі Я. Сімкіна “цветаносным” мастаком.

8 работ мастака – сем малюнкаў і адна жывапісная карціна – былі перададзены ў Горацкі музей пляменнікам мастака Леанідам Сімкіным, які пражывае ў Ізраілі. Ён знайшоў гэтыя працы ў сваіх далёкіх сваякоў у Маскве. Паведамляецца, што перадачы карцін у музей паспрыяў іншы вядомы ўраджэнец Горак – Уладзімір Ліўшыц.

Фота: “Горацкі веснік”

Галандцы прызналі Малевіча ўкраінскім мастаком, але забыліся пра яго беларускія карані

Казімір Малевіч называў сябе ўкраінцам, яго супрэматызм нарадзіўся ў Беларусі, і тым не менш імперская расійская традыцыя адносіла яго да рускага мастацтва і прапагандавала такі погляд у свеце. 

Гарадскі музей Амстэрдама (Stedelijk Museum) вырашыў разабрацца, хто ж Малевіч на самой справе: паляк, украінец ці рускі? Пра яго беларускія карані ніхто не ведае. 

Галандскае расследаванне

У гарадскім музеі Амстэрдама сабрана самая вялікая ў свеце калекцыя твораў Малевіча. 68 працаў рознага часу былі набытыя музеем у 1958 годзе. А сюды яны трапілі з Нямеччыны, дзе пасля Берлінскай выставы 1927 году засталіся на захаванні ў архітэктара Х’юга Герынга ў ягоным радавым маёнтку ў Бібераху паблізу Мюнхена. 

Інфармацыя пад карцінамі Малевіча ў музеі трафарэтна паведамляла, што ён “расійскі” мастак. Але цяпер супрацоўнікі музею вырашылі высветліць, хто на самай справе Казімір Севярынавіч Малевіч: украінскі ці рускі мастак. Вынікамі даследавання падзялілася The Art Newspaper.

Сапраўды, Малевіча ў Расіі і СССР называлі “расійскім савецкім мастаком”, хаця аўтар знакамітага “Чорнага квадрату” нарадзіўся ў Кіеве ў сям’і ўкраінкі і паляка. І сам ён заўсёды атаясамляў сябе ўкраінцам, як лічаць украінскія даследчыкі. Яны ж падкрэсліваюць, што мастак часта пісаў лісты на ўкраінскай мове і быў выкладчыкам Інстытута мастацтваў у Кіеве.

У выніку расследавання галандскія эксперты пагадзіліся, што Расія неабгрунтавана па-імперскі прыватызавала сусветнавядомага авангардыста Казіміра Малевіча. Музей Амстэрдама абвясціў, што лічыць Малевіча ўкраінскім авангардыстам польскага паходжання. Інфармацыя пра мастака ўжо зменена ў тэкстах у экспазіцыі і на сайце.

Гэта не першы выпадак дэкаланізацыі мастацтва за апошнія гады. Такім самым чынам, у лютым 2023 года знакаміты музей мастацтва Метраполітэн у Нью-Йорку, ЗША (Metropolitan Museum of Art, The Met) прызнаў украінскімі мастакоў Іллю Рэпіна, Івана Айвазоўскага і Архіпа Куінджы, пра што паведамлялі mogilev.media. Акрамя таго, у музеі перайменавалі знакамітую карціну французскага мастака Эдгара Дэга “Расійская танцорка”. Цяпер палатно называюць “Танцорка ва ўкраінскім уборы”. 

Беларускія карані

А вось пра беларускі след у жыцці мастака мала хто ведае. Пакуль за спадчыну Малевіча спрачаюцца расіяне, украінцы і палякі, то беларускасць яго застаецца па-за кантэкстам спрэчак. А правы ў беларусаў на ягоную спадчыну маюцца. Прынамсі так лічыць Ігар Малевіч – прафесар, доктар навук, дыпламат і прадаўжальнік славутага роду. Ягоная фамільная галіна ідзе ад Паўла, старэйшага брата Казіміра.

Справа ў тым, што Малевіч не толькі выкладаў у Віцебскім мастацкім інстытуце, пра што вядома шырока, але і сам яго стыль нарадзіўся ў акопах першай сусветнай вайны ў Беларусі, пра што ведаюць спецыялісты. Дык яшчэ і род ягоны з ліцвінскай шляхты. 

Паводле Ігара Малевіча, бацька Казіміра – Сцяпан-Севярын Малевіч быў удзельнікам вызвольнага паўстання Кастуся Каліноўскага, блізкім сябрам ягонага брата Юзіка Каліноўскага. Разам з паплечнікамі-паўстанцамі ён быў вымушаны ратавацца ад расійскіх карных атрадаў. Менавіта так ён з жонкай і дзецьмі з роднай Капыльшчыны выехаў пад украінскі Канатоп, дзе і пачаўся ўкраінскі след біяграфіі Малевічаў.

Месца нараджэння галоўнага дзецішча Малевіча – супрэматызму – акопы Першай сусветнай вайны ад Смаргоні да Шаркаўшчыны. Праз іх давялося прайсці салдату Смаленскага інтэнданцкага палка Казіміру Малевічу. Яго карціны былі пранумараваны ў адпаведнасці з днём службы і сталі сапраўднымі антываеннымі маніфестамі. 

І нарэшце, пра мову Малевіча. Паводле сведчанняў сваякоў, пасля ад’езду “ў людзі” ад Казіміра ішлі лісты-напаміны сваякам, напісаныя “капыльскай мовай”, на “крывіцкім жаргоне”, але “польскімі” (лацінскімі) літарамі. Так мастак-містык хаваў напачатку рэвалюцыйнае мінулае продкаў, а затым свае не зусім пралетарскія карані. 

Як бачна, і беларусы маюць правы на спадчыну сусветна вядомага авангардыста. 

Першы крок дэкаланізацыі спадчыны Малевіча робіцца на нашых вачах – яго ўсё шырэй прызнаюць украінскім мастаком. Наступны крок, прызнаннне беларускасці ягонай творчасці яшчэ наперадзе. 

Фота з адкрытых крыніц.

У музеі Бялыніцкага-Бірулі ў Магілёве адкрылася выстава “Жаночы род” – фота, відэа

У Магілёве адкрылася постмадэрнісцкая выстава “Жаночы род”, якая нестандартным чынам ілюструе долю беларускай жанчыны. 

У музеі Вітольда Бялыніцкага-Бірулі Магілёва, які з’яўляецца філіялам Нацыянальнага мастацкага мастацтва, пачаў працаваць выставачны праект «Жаночы род». Часовая экспазіцыя ўдала прыстасавана пад музейную пляцоўку, галоўная задача і ідэя якой – распавесці аб жаночым і аб жанчыне. Адзначым – пра беларускую жанчыну, пра тое, пра што яна з радасцю расказвае сама, а яшчэ больш пра тое, пра што маўчыць. 

Партрэт, які сведчыць, што жанчыны цікавыя ў любым узросце.

Тыя, хто ўмее бачыць і цаніць прыгожае, знойдуць шмат вартых прагляду жаночых вобразаў і нечаканых інтэрпрэтацый тэмы жаноцкасці.  

Падчас адкрыцця выставы гучалі народныя песні ад жаночага фальклорнага калектыву “Узвіжанне”. Яны праспявалі шэраг бяседных песень, якія сэнсава былі звязаны з тэматыкай выставы. 

 

Сама выстава падзелена на два залы — «Жаночы» і «Род», знітавана з міфапаэтычным светам і звернута да архетыпаў, да нечага такога, што ляжыць у глыбінных пластах памяці. Творы, якія прадстаўлены на часовай экспазіцыі, ўключаюць ад народных посцілак да сюрэалістычных палотнаў, час стварэння – ад неаліту да эпохі інтэрнэту. 

Адкрываюць экспазіцыю два творы, якія сягаюць да пракаветнасці. «Формы нёманскай культуры» Тамары Васюк — гэта і знойдзены ў раскопе гліняны сасуд, і жаночая фігура, архаічнае боства плоднасці і аховы роду. Як адзначаецца на сайце Нацыянальнага мастацкага музея: “Жаночы Род” – гэта выставачны праект, у якім творы народнага і прафесійнага выяўленчага мастацтва дэманструюць традыцыйныя архетыпічныя і міфапаэтычныя ўяўленні аб прыродзе жаночага свету і жаночай вобразнасці”.

Выставачны праект будзе працаваць у музеі па 28 мая. 

Фота: mogilev.media 

У Слаўгарадзе старажытны будынак пошты гадамі хаваюць пад банерам

Будынак пошты ў неагатычным стылі мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, але замест рамонта яго сарамліва хаваюць ад гараджан.

Паштовая станцыя ў мястэчку Прапойск (цяпер Слаўгарад) на старой Варшаўскай шашы была пабудавана ў сярэдзіне XIX стагоддзя. Яна ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі другой катэгорыі. Гэта прамакутны аднапавярховы будынак з вялікім унутраным дваром і каменнай агароджай. Вокны і парадныя дзверы аформлены ў неагатычным стылі, над уваходам – металічны казырок на чугунных ажурных апорах. Сёння пабудова, якая з’яўляецца помнікам архітэктуры, знаходзіцца ў паўразбураным стане і не выкарыстоўваецца.

Уласнікам будынка з’яўляецца аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Слаўгарадскага райвыканкама. Каб схаваць разбурэнні гістарычнай каштоўнасці, на фасад старога будынка быў нацягнуты тэнт. Як піша тэлеграм-канал “Спадчына”, тэнт на паштовай станцыі ў Слаўгарадзе вісіць аж з 2017 года, прычым быў усталяваны «ў мэтах забеспячэння бяспекі і захавання будынка». 

– Як ануча можа забяспечваць захаванасць будынка? Навошта глядзець на помнік, калі можна глядзець на анучу з малюнкам на яго фасадзе? – задаюцца пытаннямі аўтары матэрыяла пра слаўгарадскую паштовую станцыю. 

Адзначым, што мясцовая ўлада плануе рэканструяваць гістарычны будынак пад раённы музей у рамках дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2021-2025 гады. Але ці адбудзецца аднаўленне гарадской гістарычнай каштоўнасці пакажа будучыня.

Фота mogilev.media, radzima.org