Пад Мсціславам згарэла вясковая крама

Ноччу 29 траўня пажар ахапіў сельскую краму ў вёсцы Лютня Мсціслаўскага раёна, паведамляе прэс-служба МНС. У выніку пажару згарэў дах, пашкоджана ўнутранае начынне, пагарэла многа тавару. Прычына высвятляецца, пацярпелых няма.

Фота: МНС

Хросны бацька ў Асіповічах пабіў дзіцёнка – хлопчык у шпіталі з чэрапна-мазгавой траўмай

А трэцяй гадзіне ночы агрэсіўна настроены, п’яны жыхар Асіповіч заявіўся ў госці да сваёй кумы і хроснага сына. Раней мужчына ўжо неаднаразова лупцаваў свайго хросніка. Разумеючы, што збіццё можа адбыцца і на гэты раз, маці ўсё ж адкрыла дзверы замест таго, каб выклікаць міліцыю. На пасяджэнні камісіі яна патлумачыла, што зрабіла гэта бо пабаялася, што кум паб’е вокны – жыллё сям’і знаходзіцца на першым паверсе. У выніку хросны бацька зноў адлупцаваў свайго хросніка так, што малы трапіў у шріталь з чэрапна-мазгавой траўмай – піша “Асіповіцкі край”.

 

Фота ілюстрацыйнае

Затрымана банда, якая гандлявала мясам са скотамагільнікаў

Гнілое мяса прамывалі Fairy, змешвалі са свежым і прадавалі як хатняе.

Злачынная група дзейнічала ў Мінскай, Гомельскай і Магілёўскай абласцях – паведамляе тэлеканал АНТ. У склад банды ўваходзілі ветэрынарныя лекары і брыгадзіры сельгаспрадпрыемстваў з Асіповіцкага, Любанскага і Старадарожскага раёнаў і ўсе яны раней ужо былі асуджаныя за крадзёж буйной рагатай жывёлы.

У сюжэце гаворыцца, што ўсе асноўныя ўдзельнікі злачыннай групы затрыманыя, гэта тры жыхары Любані. Яны распрацавалі схему па выкраданні мяса са скотамагільнікаў – усталявалі на сваіх месцах здабычы фотапасткі і такім чынам вызначалі час, калі лепш за ўсё ехаць забіраць тушы забітых жывёл. Тушы разбіралі і прадавалі пасярэднікам альбо звычайным пакупнікам, у тым ліку ў Расійскую Федэрацыю. 

Фота: АНТ, скрыншот

Паведамляецца, што тэхнолаг прыватнага прадпрыемства параіла ўдзельнікам схемы мыць мяса содай альбо мыйным сродкам Fairy, каб выдаліць непрыемны пах. Пры гэтым самі злачынцы гэтым не займаліся, а прыцягвалі іншых працаўнікоў, якім плацілі 1500 рублёў за месяц. Прадаючы мяса, удзельнікі банды змешвалі яго са свежым і выдавалі за хатняе.

Вось як пракаментаваў якасць гэтага мяса дырэктар Мінскай абласной ветэрынарнай лабараторыі Іван Пырцак:

– Гэты паўфабрыкат ялавічны з’яўляецца нясвежым і мае прыкметы псавання. Гэта сведчыць пра тое, што гэтае мяса атрымана ад жывёл хворых, знясіленых альбо забітых у стане агоніі, што забаронена ветэрынарна-санітарнымі правіламі. Выяўленыя бактэрыя роду Salmonella і бактэрыі групы кішачнай палачкі.

У штаце мяснікоў меўся свой ветэрынарны лекар і тэхнолаг. Усе фігуранты справы затрыманы, ім пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі.

Фота ілюстрацыйнае

Магілёўская пенсіянерка загінула на пажары ў Шклоўскім раёне

Трагедыя адбылася вечарам 23 траўня. У аграгарадку Дабрэйка Шклоўскага раёна загарэлася лецішча, якім валодае жыхар Магілёва. У дачным доміку на момант пажару жыла маці гаспадара, пенсіянерка 1946 года нараджэння. Яе абгарэлае цела ратавальнікі знайшлі пасля таго, як пагасілі агонь. Прычыны пажару высвятляюцца – паведамляе прэс-служба МНС.

Фота: МНС

Смяротная аварыя на трасе Мінск-Магілёў: машыну занесла на школьны аўтобус

Днём 23 траўня кіроўца BMW не справіўся з заносам яго аўтамабіля на трасе Мінск-Магілёў пасля дажджу і граду. Аўтамабіль выкінула на школьны аўтобус, што ехаў у тым жа кірунку. 44-гадовы мужчына, кіроўца BMW загінуў на месцы аварыі, яго жонка таксама пацярпела і знаходзіцца ў лякарні з траўмамі. Ніхто з пасажыраў школьнага аўтобуса не пацярпеў, але двух дзяцей накіравалі на медыцынскае абследванне. Трагедыя адбылася ў Чэрвенскім раёне – паведамляе прэс-служба Следчага камітэта. Указваецца таксама на тое, што кіроўца легкавога аўто больш за 200 разоў меў спагнанні па лініі ДАІ, у тым ліку за перавышэнне хуткасці 80 разоў.

Фота: Следчы камітэт

Кіраўніком банды рабаўнікоў фур аказаўся супрацоўнік міліцыі, які ўдзельнічаў у рэпрэсіях?

“Наша ніва” апублікавала сенсацыйны матэрыял, што бандай рабаўнікоў фур, што арудавала ў тым ліку і на Магілёўшчыне, аказаўся супрацоўнік крымінальнага вышуку Докшыцкага РАУС.

Паводле інфармацыі выдання, супрацоўніка крымінальнага вышуку Докшыцкага РАУС і ўдзельніка палітычных рэпрэсій капітана Міхаіла Згірскага затрымаў КДБ. Міліцыянера абвінавачваюць у кіраўніцтве бандай налётчыкаў з Оршы, пра затрыманне якой стала вядома нядаўна. Рабаўнікі займаліся абкраданнем фур, якія спыняліся на адпачынак на трасах у Брэсцкай, Магілёўскай, Мінскай і Гомельскай абласцях. На “справу” выязджалі па начах, выкарыстоўвалі балаклавы і радыёстанцыі. Пакуль вадзіцель спаў у кабіне фуры, яны ўзломвалі замок грузавога адсека і запаўнялі свой мікрааўтобус таварам: ад тэхнікі да прадуктаў харчавання, акрамя таго, злівалі паліва з бакаў. Усяго гаворыцца пра шэсць такіх эпізодаў.

Па інфармацыі «Нашай Нівы», схопленыя аршанскія ўдзельнікі банды пасля затрымання выдалі асобу іншага саўдзельніка, які і зрабіў схему магчымай – праз свой спецыфічны доступ да інфармацыі і веданне метадаў канспірацыі. Як выявілася, кіраўнік банды налётчыкаў – 27-гадовы капітан Докшыцкага крымінальнага вышуку Міхаіл Згірскі.

Выданне піша, што Згірскі не толькі даводзіў ўдзельнікам банды інфармацыю пра ход расследаванняў крымінальных спраў па здзейсненых эпізодах і прымаў удзел у планаванні рабаванняў, але і сам удзельнічаў у гэтых налётах.

Вядома, што пасля пратэстаў 2020 года Міхаіл Згірскі прымаў удзел у рэпрэсіях супраць беларускага народа. Крымінальная справа супраць яго знаходзіцца на асаблівым кантролі у кіраўнікоў МУС, Следчага камітэта, Генеральнай пракуратуры і КДБ. Іншыя супрацоўнікі крымінальнага вышуку Докшыцкага РАУС часова адхілены ад службы і правяраюцца на прадмет датычнасці да крыміналу.

Фота: “Наша ніва”, МУС

У Мяжысетках пад Магілёвам адкрытым полымем гарэў BMW X5 – відэа

Пажар аўтамабіля ў аграгарадку Мяжысеткі Магілёўскага раёна трапіў на камеры ратавальнікаў. Аўтамабіль BMW X5 загарэўся, калі гаспадар знаходзіўся на вуліцы. Агнём знішчыла салон і маторны адсек. Паводле папярэдняй версіі, прычынай узгарання стала кароткае замыканне, паведамляе прэс-служба МНС.

Фота, відэа: МНС

Незвычайнае ДТЗ у Бабруйску – відэа

Гарадскія паблікі размясцілі відэа з наступствамі незвычайнага дарожна-транспартнага здарэння ў Бабруйску сёння, 20 траўня. “Як такое можа быць наогул?” – здзіўляюцца чытачы.

 

Бабруйскі маршрутчык пратараніў BMW на пешаходным пераходзе, чатырох чалавек шпіталізавалі

ДТЗ з удзелам запоўненай людзьмі маршруткі адбылося на вуліцы Інтэрнацыянальнай у Бабруйску надвячоркам 18 траўня. 

28-гадовы кіроўца маршруткі не паспеў адрэагаваць на дзеянні 26-гадовага вадзіцеля BMW – той рэзка затармазіў на светлафоры. Сутыкненне двух транспартных сродкаў трапіла на камеры відэаназірання. Ад удару маршруткі BMW адкінула на некалькі метраў на пешаходны пераход, на якім, на шчасце, нікога не аказалася. Чатырох чалавек, што знаходзіліся ў аўтамабілях, даставілі ў лякарню – паведамляе “Камерцыйны кур’ер”.

Фота: “Камерцыйны кур’ер”. 

 

 

У Магілёве гарэў інтэрнат “Зеніта”, спрацаваў апавяшчальнік

17 траўня ў Магілёве адбыўся пажар у адным з пакояў інтэрната на вуліцы Кедравай. Там размешчаныя інтэрнаты прадпрыемства “Зеніт”. Загарэўся пакой у блоку на першым паверсе. Падчас пажару спрацаваў галасавы апавяшчальнік, дзякуючы чаму 10 чалавек, у тым ліку трое дзяцей, былі эвакуяваныя з інтэрната яшчэ да прыезду пажарных – паведамляе прэс-служба МНС. Прычыны пажару высвятляюцца.

Фота з адкрытых крыніц