Гарадскія паблікі размясцілі відэа з наступствамі незвычайнага дарожна-транспартнага здарэння ў Бабруйску сёння, 20 траўня. “Як такое можа быць наогул?” – здзіўляюцца чытачы.
Гарадскія паблікі размясцілі відэа з наступствамі незвычайнага дарожна-транспартнага здарэння ў Бабруйску сёння, 20 траўня. “Як такое можа быць наогул?” – здзіўляюцца чытачы.
28-гадовы кіроўца маршруткі не паспеў адрэагаваць на дзеянні 26-гадовага вадзіцеля BMW – той рэзка затармазіў на светлафоры. Сутыкненне двух транспартных сродкаў трапіла на камеры відэаназірання. Ад удару маршруткі BMW адкінула на некалькі метраў на пешаходны пераход, на якім, на шчасце, нікога не аказалася. Чатырох чалавек, што знаходзіліся ў аўтамабілях, даставілі ў лякарню – паведамляе “Камерцыйны кур’ер”.
Фота: “Камерцыйны кур’ер”.
17 траўня ў Магілёве адбыўся пажар у адным з пакояў інтэрната на вуліцы Кедравай. Там размешчаныя інтэрнаты прадпрыемства “Зеніт”. Загарэўся пакой у блоку на першым паверсе. Падчас пажару спрацаваў галасавы апавяшчальнік, дзякуючы чаму 10 чалавек, у тым ліку трое дзяцей, былі эвакуяваныя з інтэрната яшчэ да прыезду пажарных – паведамляе прэс-служба МНС. Прычыны пажару высвятляюцца.
Фота з адкрытых крыніц
Пра гібель 50-гадовай жыхаркі Магілёва паведамляе прэс-служба Камітэта судовых экспертыз. Жанчына адчула сябе дрэнна на вуліцы, хуткая даставіла яе ў лякарню, дзе быў пастаўлены дыягназ вострага атручэння невядомым рэчывам. Нягледзячы на медыцынскую дапамогу, назаўтра жанчына памёрла. Як высветлілі эксперты, атрутным рэчывам з’яўляўся этыленгліколь, які ўваходзіць у склад незамярзаек, тармазных вадкасцяў і антыфрызаў. Канцэнтрацыя этыленгліколю ў арганізме жыхаркі Магілёва склала 4 грамы на літр, што ў два разы вышэй за смяротную дозу. Акрамя таго, у крыві быў знойдзены таксама этылавы спірт у канцэнтрацыі менш за 1 праміле.
Спецыялісты судовых экспертыз адзначаюць, што дыяпазон доз этыленгліколю, якія выклікаюць цяжкія атручванні чалавека, досыць шырокі, у большасці выпадкаў смяротнымі дозамі з’яўляліся 100-150 мілілітраў. Чыннікам высокай таксічнасці этыленгліколя з’яўляецца так званы смяротны сінтэз, калі ў выніку ўздзеяння арганізма на рэчыва ўтворыцца больш таксічны прадукт, чым зыходны.
Фота: Камітэт судовых экспертыз
5-гадовага хлопчыка і 6-гадовую дзяўчынку збіў кіроўца аўтамабіля Volkswagen на скрыжаванні вуліц Гагарына і Ульянаўскай у Бабруйску – паведамляе прэс-служба абласнога УУС. Дзеці пераходзілі дарогу разам са сваёй маці па пешаходным пераходзе, на якім працаваў светлафор у рэжыме жоўтага міргання. Зараз пацярпелыя дастаўленыя ў лякарню.
Фота: УУС
Яма для агляду аўтамабіля ў гаражы бабруйскага пенсінера па 4-тым Чарапічным завулку ў Бабруйску мае глыбіню ў 1 метр і на 80 сантыметраў яна была запоўненая вадой – паведамляе прэс-служба МНС. Позна вечарам 14 мая тут, у яміне недабудаванага гаража, было знойдзена цела мясцовага жыхара 1953 года нараджэння, што патануў. Прычыны яго гібелі высвятляюцца.
Фота ілюстрацыйнае
39-гадовы інжынер птушкафабрыкі ў Шклове на працягу некалькіх месяцаў выкрадаў з інкубатарнай сутачных куранятак-бройлераў і прадаваў іх фермеру ў Гомельскую вобласць. Усяго за гэты час супрацоўніку прадпрыемства ўдалося вывезці з птушкафабрыкі каля 18 000 птушанят. Як можна пабачыць на відэа, прадстаўленым прэс-службай МУС, інжынер бітком набіваў кураняткамі яшчыкі і так перавозіў іх на сваім транспарце. Супраць мужчыны ўзбуджана крымінальная справа за крадзёж у буйным памеры.
Фота: МУС, скрыншот
Падчас спальвання смецця жыхаром вёскі Лубнішча Магілёўскага раёна пацярпеў яго сын 2015 года нараджэння. Як паведамляе прэс-служба МНС, выбухнула двухлітровая бутэлька з бензінам, якая ляжала каля кастра. У выніку хлопчык атрымаў апёкі 10% цела і быў шпіталізаваны.
Фота ілюстрацыйнае
Дзве сям’і сталі ахвярамі пажару ў прыватным доме па вуліцы Энгельса ў Мсціславе. Мужчына 1957 года нараджэння і яго жонка 1977 года прымалі ў гасцях сястру з пляменніцай. Усе яны загінулі падчас начнога пажару, які адбыўся каля трэцяй гадзіны ночы, паведамляе прэс-служба МНС. Прычыны трагедыі высвятляюцца.
Фота ілюстрацыйнае
На Тагільскім завулку ў Магілёве вечарам 10 траўня кіроўца аўтамабіля Nissan не змог адрэагаваць на паводзіны 8-гадовага хлопчыка. Дзіцёнак нечакана выскачыў на дарогу з-за аўтобуса, што спыніўся на прыпынку. Хлопчык дастаўлены ў лякарню, праводзіцца праверка абставін здарэння – паведамляе прэс-служба УУС аблвыканкама.