Анімэшнікі, на якіх ладзяць аблавы паліцыя і гопнікі, абвясцілі збор у Магілёве

Анімэшнікі, на якіх ладзяць аблавы паліцыя і гопнікі, абвясцілі збор у Магілёве

Прадстаўнікі анімэ-субкультуры, вядомыя як “ЧВК Рёдан”, што пераследуюцца паліцыяй і футбольнымі фанатамі, абвясцілі збор у магілёўскім “Атрыуме” на 1 сакавіка.

Абвестка пра збор прыхільнікаў анімэ-субкультуры “Рэдан” у Магілёве з’явілася ў папулярных месенджарах і сацсетках пасля інфармацыйнай хвалі пра аблавы і масавыя бойкі ў расійскіх і украінскіх гарадах. Чакаецца, што збор анімэшнікаў пройдзе 1 сакавіка ў 16.00 каля гандлёвага цэнтра “Атрыум” у Магілёве. У Расіі і Украіне прыхільнікаў субкультуры абвінавачваюць у нападах на каляфутбольных фанатаў і выхадцаў з рэспублік Каўказа і Азіі.

“Павукі рэдан” – падлеткавая субкультура, сфармірваная па матывах папулярнага анімэ Hunter X Hunter, якая за некалькі дзён разраслася да магутнага моладзевага руху ў буйных расійскіх і украінскіх гарадах. Падлеткі, якіх у сацсетках называюць «ЧВК Рёдан» патрапілі ў навіны з-за боек з футбольнымі фанатамі ў маскоўскім гандлёвым цэнтры «Авіяпарк» і ў іншых гарадах Расіі, а таксама з-за масавых затрыманняў удзельнікаў канфліктаў.

Відэа, на якім падлеткі ў чорных худзі з павуком на спіне б’юцца з маладзёнамі ў спартыўных касцюмах разляцелася па інтэрнэце 23 лютага. Сама бойка адбылася ў “Авіяпарку” яшчэ 19 лютага. Пасля таго, як ролік з ёй стаў папулярным, у шматлікіх гарадах Расіі і Украіны імкліва пачала расці папулярнасць анімэ-субкультуры, што прывяло да новых канфліктаў, а потым і буйных аблаў.

Мой фильм 4.mp4 from Lina Varzieva on Vimeo.

Так, у Санкт-Пецярбургскім гандлёвым цэнтры “Галерэя” адбылася бойка, падчас якой паліцыя затрымала больш за 150 прыхільнікаў “Рэдан”. Сама бойка пачалася з таго, што 17-гадовы студэнт з Кіргізіі прычапіўся да 15-гадовага анімэшніка, запатрабаваўшы “пояснить за шмот” – перадае Фантанка. Студэнт і яго сябры некалькі разоў ударылі падлетка рукамі і нагамі, пасля чаго той быў шпіталізаваны. Студэнт затрыманы паліцыяй.

Пасля 23 лютага масавыя зборы анімэшнікаў “Рэдан” сталі адбывацца ў Маскве, Санкт-Пецярбургу, Краснаярску, Навасібірску, а потым і украінскіх гарадах – Львове, Кіеве, Харкаве, піша Unian. Нярэдка гэтыя зборы перарастаюць у бойкі з праціўнікамі субкультуры (звычайна гэта футбольныя фанаты, гопнікі), што вядзе да паліцэйскіх аблаў і затрыманняў. Толькі ў Харкаве 27 лютага паліцыяй было затрымана больш за 200 анімэшнікаў. 

Пакуль не зразумела, першапрычынай боек становяцца напады анімэшнікаў, ці гэта адваротны працэс – маладзёны, што не любяць анімэшнікаў, адмыслова прыходзяць на іх месцы масавых збораў, правакуюць і нападаюць на “Рэдан”. Так, у сеціве паявіліся ролікі, на якіх маладыя людзі ў спартыўных касцюмах ходзяць па гандлёвых цэнтрах і шукаюць “павукоў”.

Мой фильм 6.mp4 from Lina Varzieva on Vimeo.

Журналісты з Medialeaks.ru прасачылі, што да публікацыі відэа з бойкай у «Авіяпарку», «павукі» былі такой жа інтэрнэт-культурай, як zxc альбо гулі, і відэа, прысвечаныя гэтай эстэтыцы не змяшчалі заклікаў да гвалту над кім-небудзь, а літары ЧВК побач са словам «рэдан» сталі з’яўляцца ў публікацыях ужо пасля віруснага роліка з маскоўскага гандлёвага цэнтра.

Фота і відэа з адкрытых крыніц.

One thought on “Анімэшнікі, на якіх ладзяць аблавы паліцыя і гопнікі, абвясцілі збор у Магілёве

Comments are closed.